Зміцер Вайцюшкевіч
Зміцер Вайцюшкевіч — адзін з нямногіх музыкаў, які без так званага "адміністрацыйнага рэсурсу" можа сабраць людзей на дадатковы канцэрт па той простай прычыне, што на асноўны не хапіла квіткоў. Улады ўключылі яго ў "чорныя спісы".
Крышталь дзяцінства
Напэўна, месца народзінаў Зміцера Вайцюшкевіча ведае амаль кожны беларус. Бярозаўку Лідскага раёна Гродзенскай вобласці нефармальна называлі «крышталёвай сталіцай Беларусі». Яшчэ ў 1883 годзе на беразе самай прыгожай беларускай ракі Нёман Юліус Столе і Вільгельм Краеўскі арганізавалі вытворчасць шкла, якое потым стане адной з візітовак сучаснай Беларусі.
Нарадзіўся Зміцер 20 ліпеня 1971 года. Бацьку звалі Іванам Аляксандравічам, але звычайна яго называлі Янакам. Маці — Лідзія Імпалітаўна. У пашпарце памылкова напісана «Іпалітаўна». Як тлумачыць памылку сам Зміцер Вайцюшкевіч — бальшавікі банальна не ведалі пра наяўнасць мужчынскага імя Імполь, таму і зрабілі яго «Іпалітам». Бацькі будучага спевака былі простымі людзьмі, што ў разуменні большасці азначае — не належалі да начальнікаў. На жаль, нікога з іх на гэтым свеце ўжо няма. Калі Зміцеру было тры з паловай гады, бацьку насмерць збілі матацыклам, а ў 2009 годзе пайшла з жыцця і маці.
Палову роднай вуліцы Зміцера займаюць жыхары з прозвішчам Вайцюшкевічы, а ў другой палове жывуць Брылі. Што па сутнасці «адно і тое ж», бо за многія стагоддзі ўсе яны перажаніліся паміж сабой.
Значную частку дынастыі Зміцера Вайцюшкевіча складаюць шкляры. Аднаго з яго дзядоў у міжваенны час уладальнік прызначыў дырэктарам заводу. На той час даволі вялікая пасада. Было гэта ў 1939 годзе. Зміцер з дзяцінства памятае здымак дзеда на фоне егіпецкіх пірамід.
Другая частка сваякоў — будаўнікі. Адзін нават дайшоў да намесніка прэм’ер-міністра. У 1994 годзе сярод намеснікаў Вячаслава Кебіча быў Станіслаў Васільевіч Брыль. Гэта дзядзька Зміцера Вайцюшкевіча.
У Бярозаўцы — дзве школы. Адна спецыялізуецца на нямецкай мове, другая вызначаецца паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У ёй Зміцер і вучыўся, і ўдзячны настаўнікам за магчымасць размаўляць па-англійску даволі свабодна.
Яго дзяцінства прайшло як і ва ўсіх аднагодкаў — лес, грыбы, Нёман, гульні ў «партызаны». Сям’я трымала свайго кабанчыка (шынка, сала, паляндвіца), таму ніколі не ведала галечы.
У тагачаснай кампаніі Зміцера былі дзеці розных узростаў. На сённяшні дзень большасць адсядзелі ў турме, а ён не трапіў за краты перш за ўсё таму, што пачаў займацца музыкай. І яшчэ дзякуючы даволі цеснай апецы бабулі, цёткі і маці.
А апякаць было ад чаго, бо ў той кампаніі і гарэлку пілі, і курылі. Алкагольны дэбют Зміцера адбыўся ў сем год. Напэўна, шмат хто ведае пра беларускую традыцыю ставіць вясельную браму, то бок перагароджваць маладым дарогу. Звычайна, гэта каштуе некалькі бутэлек гарэлкі, але бывае і больш багатае вяселле. Шматлікай бандзе сямігадовага Зміцера (да якой далучыліся і дарослыя былыя зэкі) аднойчы выставілі два вядра самагонкі.
Так паспрабаваў першы кілішак. Якраз у той момант да бабулі прыехала з Бельгіі (для Заходняй Беларусі раскіданыя па ўсім свеце з-за вайны сваякі — звычайная справа) родная сястра з мужам, бельгійскім паштальёнам, якога мясцовыя адразу назвалі «Рэне Карлавічам».
Калі п’яны хлапчук прыйшоў дамоў і лёг спаць, яны гэтага не бачылі, але, калі потым ён выбег з хаты і каля плота зрабіў тое, што звычайна называюць «арыяй Рыгалета», былі шакаваныя. Пра той сорам Зміцер Вайцюшкевіч памятае па наш дзень.
Адразу падкрэслю, што гэты выпадак — выключэнне, а прыярытэты былі іншымі. Хлопчык хадзіў у розныя гурткі і секцыю вольнай барацьбы. Нават быў чэмпіёнам Лідскага раёна ў вазе да 35 кілаграмаў, аднак музыка перамагла, хаця барцоўская ўчэпістасць і сёння дапамагае па жыцці. У музычную школу ён не трапіў (грошай не было), таму абмежаваўся школьным духавым аркестрам.
На гэты ж час прыходзіцца і першае каханне, якое мела гучнае імя Эдзіта Федарэнка. Потым Зміцер даведаўся, што яна скончыла ўніверсітэт Патрыса Лумумбы, выйшла замуж, нарадзіла двух дзяцей і жыве зараз у Маскве. Са школы не бачыліся ніводнага разу.
Канцэрт “Крыві”. Злева направа: Піт Паўлаў, Вераніка Круглова, Зміцер Вайцюшкевіч
Музычны вектар
Пасля васьмі класаў школы Зміцер Вайцюшкевіч паступіў у Лідскае музвучылішча. Спецыялізавацца выпала на кларнеце. Было гэта ў 1986 годзе.
Адмысловай адукацыі ў выглядзе музычнай школы ў яго не было. Толькі добры слых, што для любога музыкі з’яўляецца галоўным кампанентам. Да таго ж знаёмыя крыху паднатаскалі яго гранню на «артапедычным» кларнеце. «Артапедычнымі» Зміцер Вайцюшкевіч называе ўсе савецкія інструменты, якія ён прынцыпова лічыць антычалавечымі.
Рыхтавалі яго да паступлення ў Пецярбургскую (на той час Ленінградскую) кансерваторыю. Чаму менавіта туды? Усё проста: там вучыўся сын аднаго з выкладчыкаў, які потым прайшоў праз аркестр Мусаргскага і спыніўся на трупе Валерыя Гергіява.
Вайцюшкевічу абралі менавіта гэтую сцяжынку, аднак, калі ў 1990 годзе ён прыехаў у Ленінград, абставіны змяніліся так, што ў яго ўжо не было ніякіх шансаў. Праслухаўшы хлопца з далёкай Бярозаўкі, ленінградскія настаўнікі параілі павучыцца крыху ў Петразаводску, а адтуль праз год, маўляў, адбудзецца перавод у Ленінград.
Зміцера такая перспектыва не задаволіла, і ён адразу паехаў паступаць у Мінск. Хутка высветлілася, што тут ужо ведаюць пра «ленінградскую спробу», і надта пакрыўдзіліся на адсутнасць належнага патрыятызму. Па гэтай прычыне з мінскай кансерваторыяй таксама нічога не атрымалася. Настаўнік па кларнету Вайцюшкевіча да сябе не ўзяў. Прыйшлося пайсці ў інстытут культуры, дзе выкладаў вучань лідскага куратара Зміцера.
Хто жыў у тыя гады, добра памятае, што дробнай камерцыяй тады займаліся амаль усе. Студэнт Вайцюшкевіч, зразумела, спецыялізаваўся на крышталі, які дадому прыносіла маці.
Спачатку ён вазіў крышталь у Беласток, а потым — у Варшаву. Гандляваў будучы знакаміты музыка на прыступках вядомага Палацу культуры і навукі, які месціцца бліз чыгуначнага вакзала «Варшава Цэнтральная». У пачатку «ліхіх дзевяностых» там быў адзін з вядомых базараў Варшавы…
Як і трэба было чакаць, у польскай сталіцы Зміцер Вайцюшкевіч не толькі гандляваў. Першымі былі музычныя арыенціры. Ён нават трапіў на праслухоўванне да аднаго з прафесараў Варшаўскай музычнай акадэміі. Той пагадзіўся ўзяць Зміцера да сябе і накіраваў у канцылярыю. Там Зміцер і даведаўся, што за год вучобы трэба заплаціць суму, эквівалентную 1650 далярам. У 1991 годзе гэта былі не проста шалёныя, а вельмі шалёныя грошы… Можна нават сказаць — касмічныя…
Словам, варшаўскім кларнетыстам Вайцюшкевіч не стаў.
Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд Зміцер ледзь не стаў крымінальнікам. Жарт, канешне, але самому Вайцюшкевічу было не да жартаў. У тыя гады мінскі «Камароўскі рынак» нагадваў сучаснае ждановіцкае "Поле цудаў". Будучы спявак некалі разоў прадаваў там бярозаўскі крышталь. Аднойчы падышлі нейкія маладыя хлопцы і пачалі цікавіцца таварам. Ён назваў кошты і паабяцаў зрабіць зніжку, калі будуць браць оптам. Тыя пагадзіліся, але замест грошаў выцягнулі з кішэняў міліцэйскія пасведчанні.
Адкруціцца пашанцавала штрафам, але з гэтага моманту ў Зміцеры Вайцюшкевічы назаўжды памёр бізнэсмэн.
А яшчэ студэнтам, каб зарабіць грошы, час ад часу Вайцюшкевіч граў у пераходзе метро «Плошча Перамогі» альбо ў пераходзе (вельмі рэдка) каля Глаўпаштамту, а калі туды прыходзілі жабракі, прынцыпова сыходзіў. Хацеў зарабіць грошы прыгожа, нават марыў зрабіць своеасаблівы беларускі Манмарт.
Аднойчы пад Новы год граў на кларнеце ў вопратцы Дзеда Марозу, раздаваў дзецям цукеркі і чырванеў, калі ўдзячныя бацькі, за гэта «выказвалі матэрыяльную падзяку».
Нарэшце ў 1992 годзе Зміцер Вайцюшкевіч вырашыў прыняць удзел у конкурсе спевакоў, які ладзіла беларускае тэлебачанне.
У студэнта з Конга ён пазычыў зялёны двухбортны пінжак з моднымі залатымі гузікамі, надзеў шыйную хустку і выканаў песню з рэпертуару «Сяброў» «Белая, белая, русая, русая» (словы — Лягчылава, музыка — Лучанка), але ўсё абмежавалася толькі першым турам, бо ў другі не прайшоў.
Там былі пераважна заслужаныя і народныя, а тут — нікому не вядомы хударлявы хлопец. Такі наіўны…
З сушанымі грыбамі
Новы паварот
Ён адбыўся на прыступках Інстытута культуры, калі да Зміцера Вайцюшкевіча падышоў бубнач ансамбля «Палац» Уладзіслаў Шварцкопф (па аналогіі з фільмам «Шчыт і меч» некаторыя называюць яго — Генры Шварцкопф) і прапанаваў паспрабаваць стаць салістам групы «Палац». Той пагадзіўся і паспяхова «праслухаўся».
«Палац» тады працаваў над двума напрамкамі — народныя песні і рэтра накшталт песняў Леаніда Уцёсава і Эдзі Рознара. Апошняе і мусіў спяваць Зміцер Вайцюшкевіч.
У 1993 годзе «Палац» трапіў на чарговы адбор «Славянскага базару», дзе самым галоўным у журы быў Уладзімір Мулявін. «Палац» стаў для яго сапраўдным выбухам. Мулявін літаральна сказаў: ніякіх конкурсаў, гэтыя хлопцы будуць выступаць на галоўнай сцэне як прадстаўнікі Беларусі.
Дарэчы, менавіта там Зміцер Вайцюшкевіч пазнаёміўся са сваёй першай жонкай Веранікай Кругловай, якая потым стане амаль першай рок-князёўнай Беларусі.
Адбылася ў тым годзе і яшчэ адна знакавая для яго лёсу сустрэча. У 1993 годзе ў Беларусь прыехала дачка Івонкі Сурвілы Паўліна, каб сабраць для сваёй амерыканскай доктарскай дысертацыі фактуру па беларускім фальклоры. Яна і прапанавала «паездзіць па Беларусі».
Тое, што тады Вайцюшкевіч убачыў сваімі вачамі і пачуў сваім вушамі, цалкам змяніла яго светапогляд і адносіны да беларускай песні. І сёння нават цяжка ўявіць, што некалі ён спяваў па-руску.
Да 1997 года Зміцер Вайцюшкевіч уваходзіў у залаты склад «Палацу», таму калі ён разам з Веранікай Кругловай і Юрыем Выдронкам заснавалі «Крыві», шмат хто гэтага не зразумеў.
Пакіну ўсе акалічнасці тых падзеяў для музыказнаўцаў, адзначу толькі, што самы зацікаўлены ў справах «Палацу» чалавек і яго нязменны кіраўнік Алег Хаменка па наш дзень ставіцца да сыходу Зміцера Вайцюшкевіча вельмі спакойна, што для шоў-бізнэсу, мякка кажучы, не характэрна…
Па гэтай жа прычыне не стану акцэнтаваць увагу і на далейшых прыгодах «Крыві». Спецыялісты тут расставяць кропкі лепш.
У 2001 годзе пачалася сольная кар’ера Зміцера Вайцюшкевіча, прадвеснікам якой стала праца над альбомам «Цацачная крама», на вершы Леаніда Дранько-Майсюка.
Дарэчы, менавіта з гэтага моманту і дэбютаваў Вайцюшкевіч-рэжысёр. У тым сэнсе, што адгэтуль мастацкае аздабленне ўсіх сваіх музычных праектаў ён прыдумляе сам.
Цікава, што 4–5 сольнікаў ён запісаў на абсталяванні «Палаца», якое было куплена вядомай тады ўсім фірмай «Дайнова».
Праз некалькі год Зміцер Вайцюшкевіч зразумеў, што ў фальклоры яму стала цеснавата, бо ў той час толькі лянівы не абраў менавіта гэты музычны накірунак. Мабыць, многія артысты разумелі, што гэта вельмі запатрабаваны за мяжой хлеб.
Вайцюшкевіч вырашыў паспрабаваць сябе ў «спяванай паэзіі», то бок паўтарыць тое, што некалі рабілі «Песняры» ў музычных праграмах на вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы. То бок, прайсці іх дарогай, але зрабіць па-свойму.
Зміцер абраў Маякоўскага, і прысвяціў гэтаму ўвесь 2003 год. І зрабіў акцэнт не на яго рэвалюцыйнасці, якая добра вядома яшчэ са школы, а на тым, што спецыялісты называюць футурызмам.
За расійскім паэтам пакрочылі беларускія. Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін.
Паралельна пачалася сумесная праца з Алесем Камоцкім, чые песні таксама ўжо былі добра вядомыя, і работа над сумеснымі праектамі «Святы вечар», «Я нарадзіўся тут» і «Скрыпка дрыгвы». Апошні альбом быў ужо запісаны, але потым шлях яго спыніўся — кожны ўзяў для сябе сваю частку.
7 мая 2001 года Зміцер Вайцюшкевіч заявіў аб утварэнні асабістай каманды «Усход-захад аркестр» (WZ-Orkiestra).
Зміцер Вайцюшкевіч з жонкай Галінай і сынам Язэпам
Распаўсюджаныя пытанні
Усе, хто цікавіцца творчасцю і жыццём Вайцюшкевіча, задаюць іх часцей за ўсё, таму я і вырашыў з дапамогай самога Зміцера, як кажуць, «расставіць усе кропкі над «і».
— Колькі на дадзены момант запісана альбомаў?
— Усіх — каля 40. Асабістых — 18. Сумесных — 4. З «Палацам» — палова дзесятка, столькі ж з «Крыві». Плюс шмат «зборак». Плюс альбом «Personal Depeche», створаны ў 2002 годзе. Гэта беларускі трыб'ют знакамітага гурту "Depeche Mode", дзе я выконваў эратычную «I want you now».
Ідэя належала «фанатам» "Depeche Mode". Такім чынам яны хацелі паказаць, што прыхільнікі гурту ёсць і ў Беларусі.
— Чаму «Тодар»?
— У «Палацы» мянушкі былі ўва ўсіх. Мяне звалі «Фёдар Іванавіч», часцей проста — «Фёдар». У «Крыві» трэба было пастаянна праяўляць цвёрдасць характару, таму адбылася трансфармацыя ў «Тодар». Менавіта такія асацыяцыі слова і вызывае.
Калі мы пачалі ездзіць за мяжу, «новае імя» вельмі спатрэбілася. Іншаземцам было вельмі цяжка вымаўляць «Зміцер Вайцюшкевіч», для некаторых — амаль катастрофа. «Тодар» — значна прасцей.
Да таго ж... Так прасцей (смяецца) заблытаць цёшчу…
Язэп і Стэфанія збіраюць яблыкі
— Нядаўна яшчэ з’явіўся «Хведар Шчавель»?
— Гэта звязана з напісаннем альбому беларускага шансону.
Калі не памыляюся, сцэнічны псеўданім «Мэрлін Мэйсан» «складзены» з імён двух вельмі жахлівых злачынцаў. У дадзеным выпадку я вырашыў пайсці гэтай жа «дарогай.
Памятаеце, «злодзея ў законе» з мянушкай «Шчаўлік»?..
— Творчасць Вайцюшкевіча асацыюецца з нечым рамантычным, узнёслым прыгожым, а тут — шансон…
— Як у тым анекдоце — не трэба блытаць «шансон» з «блатняком».
Калі мы разам са знакамітым паэтам Генадзем Бураўкіным працавалі над гэтым альбомам, першапачаткова не хацелі «крыміналізаваць» вобраз героя песняў. І іх тэму. Для нас галоўнае — чалавек, які апынуўся ў цяжкіх жыццёвых умовах. На пэўным этапе яны адбываюцца амаль у кожнага з нас. І кожны іх перажывае па-свойму.
Скажам так, альбом — мост паміж афіцыйным светам і неафіцыйным.
— "WZ-Orkiestra" таксама мост?
— Безумоўна. Нават назва такая — «Усход-захад аркестр». Ніхто ў Беларусі зараз гэтым не займаецца. Натуральна, што нейкія кантакты ў музыкаў ёсць, але тут нешта большае, чым выкананне асобных песняў. Праз іх мы імкнёмся зразумець сапраўдную сутнасць нацыі, стварыць яе музыкальны кантэкст на фоне аб’яднання Усходу і Захаду.
Не палічыце пафасам, аднак у нейкім сэнсе мы, сапраўды, будуем масты паміж людзьмі. І выконваем па-беларуску японскія, шведскія, польскія песні. А праз вершы Уладзіміра Маякоўскага пабудавалі беларуска-расейскі мост. Зараз ідзе аналагічная праца адносна вядомага чэшскага барда Яраміра Нагавіца.
— А чаму Вайцюшкі?
— У жыцці кожнага з нас наступае момант, калі чалавек разумее, што патрэбна мець нешта сваё. У 2006 годзе я адчуў — асабіста ў мяне нічога такога няма. Таму і паставіў перад сабой задачу бліжэйшым часам нешта набыць.
Наверсе заўсёды чуюць нашы просьбы і часта даюць чалавеку шанец. Выпаў ён і для мяне.
За 900 даляраў набыў старую хату. Хутар на беразе Нёмана, дзе май бацька калісьці адпачываў і заляцаўся да пляменніцы гаспадара гэтага дома.
За сем год існавання лецішча, мы зрабілі там рамонт і нават крыху заняліся агратурызмам.
Больш за тое, забарона на канцэрты дала мне магчымасць больш глыбока разабрацца ў тым, што нас акружае. Цяпер я ведаю, калі і якая птушка спявае, навошта і дзе растуць розныя травы.
Па сутнасці, я вярнуўся на родную зямлю. Толькі ў іншай якасці.
А такую амбіцыйную назву прыдумала мая жонка Галіна.
— Дапамажыце разабрацца з вашымі жонкамі…
— Першай была Вераніка Круглова, потым — Алена Мелех, зараз — Галіна Казіміроўская. Вельмі спадзяюся, трэцяя жонка стане апошняй. Яна для мяне нарадзіла дачку Стэфанію і сына Язэпа.
Стэфан і Стэфанія (Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Сэфан Эрыксан з дачкой Зміцера Вайцюшкевіча)
— Вайцюшкевіч не раз публічна падтрымліваў паэта Някляева, які заняўся палітыкай. Чаму? Можа ёсць жаданне самому стаць палітыкам?
— Няма абсалютна. А Уладзіміра Пракопавіча падтрымліваю не толькі таму, што ён аўтар цудоўных вершаў, якога лічу адным з лепшых паэтаў сучаснасці. Проста ад яго тады шмат хто адмовіўся. У тым ліку і тыя, хто на працягу дзесяцігоддзяў «біў сябе пяткай у грудзі», даказваючы асабістую адданасць.
Так рабіць нельга. Непрыстойна.
Я нікога з іх не асуджаю, бо ў нашым жыцці бывае рознае, але сам так ніколі не раблю.