Белстат прагназуе паказчыкі — а эканоміка супраць
Белстат надрукаваў справаздачу аб выніках сацыяльна-эканамічная развіцця краіны за студзень-ліпень бягучага года. Лічбы, якія падрыхтавалі для зацікаўленых асобаў, падаюцца цікавымі.
Прыкладам, у першым раздзеле паведамляецца пра выкананне важнейшых паказчыкаў прагнозу развіцця, у другім — пра выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.
Аднак калі ўважліва ўгледзецца ў шматлікія паказчыкі, якія характарызуюць стан эканомікі ў асобных галінах, стан сацыяльнай сферы, лёгка ўбачыць мноства несупадзенняў, супярэчнасцей.
Але нічога не зробіш, іншай статыстыкі, акрамя афіцыйнай, у нас няма. Даводзіцца глядзець у тое люстэрка, якое ёсць. І як бы хто не імкнуся штосьці схаваць, а штосьці падмаляваць — з мноства лічбаў можна вылушчыць вельмі дакладную інфармацыю, а на яе аснове аднавіць праўду жыцця, якую спрабуюць схаваць ад людзей.
Так, у першым раздзеле называюцца прагнозныя паказчыкі, якія спачатку падрыхтавалі спецыялісты, а пасля, згодна з вызначаным парадкам, былі зацверджаны ўказам прэзідэнта РБ за №418 ад 25 верасня 2012 года. Так гэта паперка набыла абавязковую сілу закона на ўсёй тэрыторыі РБ і займела вяршэнства над актамі іншых дзяржаўных органаў і афіцыйных асоб.
Па традыцыі, справаздача пачынаецца з паведамлення аб вытворчасці ВУП. Паводле ўказу прэзідэнта, сёлета вытворчасць ВУП у параўнанні з 2012 годам павінна была скласці 108,5%. За студзень-ліпень 2013 года рост склаў 101,4%. Цуды ў эканоміцы здараюцца, але не ў нашым выпадку. Такое велізарнае адставанне ліквідаваць за пяць астатніх месяцаў ужо немагчыма.
Што тычыцца дадзеных Белстата аб прыросце ў памеры 1,4%, дык наконт гэтага можна дыскутаваць. Адны могуць палічыць гэтыя лічбы за абсалютную рэальнасць, а іншыя патлумачаць, што такі прырост забяспечаны методыкамі разліку вартасці ВУП. Мы ж спрачацца не станем. Адзначым толькі, што за мінулы год вытворчасць ВУП склала 103,4% ад 2011 года, што ацэньвалася як недастатковы рост. Менавіта па гэтай прычыне і вызначылі, што вытворчасць ВУП у 2013 годзе павінна скласці ўжо 108,5% — не менш, а пажадана і болей.
Адсюль наступны крок. Каб падвышаўся ВУП, работнікі павінны працаваць лепей і болей, бо колькасць занятага насельніцтва абмежаваная. Таму архітэктары прагнозу, згодна з пажаданнямі прэзідэнта, зрабілі проста і адначасова мудра. Вартасць ВУП, якую належыць вырабіць, падзялілі на колькасць занятых у эканоміцы і атрымалі прадукцыйнасць працы — 109,3%.
Якая дакладнасць — аж да 0,3%! З такой дакладнасцю толькі блох падкоўваць! Але нічога не атрымалася — вынік быў дыяметральна процілеглы. За 7 месяцаў вытворчая сіла грамадскай працы ў беларускай эканоміцы павысілася толькі на 2,5%. Мусіць, гэта і ёсць дакладнасць, з якой зараз працуе эканоміка.
Як кажуць, папера сцерпіць. Але складальнікі прагнозу, перад тым, як панесці яго на подпіс Лукашэнку, узялі пад увагу і ягоныя абяцанкі электарату аб падвышэнні заробкаў і пенсій. Паказчыкам рэальнага росту грашовага даходу насельніцтва яны вызначылі сціплыя 6,5%, зыходзячы з разліку, каб яны не пераганялі прагнознага росту прадукцыйнасці працы — ну, у крайнім выпадку, толькі крыху. Маўляў, штосьці прададзім, дзесьці пазычым.
Але з гэтага «крыху» на справе атрымалася вялікая дыспрапорцыя. Замест запланаванага, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павысіліся на 19,8%. У тры разы больш, чым прагназавалася, больш, чым патрабаваў прэзідэнцкі ўказ.
Плануецца, прагназуецца і абяцаецца адно, а выконваецца зусім іншае. Прыкладам, за гэты год, згодна з указам Лукашэнкі, памер экспарту тавараў і паслуг павінен падвысіцца да 115,2% (зноў з такім тонкім і дакладным разлікам), а за паўгоддзе яго аб’ем склаў толькі 79,3%. За паўгода разбежка паміж пажаданым і рэальным склала 35,9%!
Акрамя асноўных, у справаздачы Белстата процьма іншых лічбаў — вельмі дакладных, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць, як яна ёсць: што беларуская эканоміка ўжо даўно існуе па нейкіх сваіх уласных законах і не падпарадкоўваецца ні прэзідэнту, ні яго прагназістам.