Аптымістычны погляд на беларускую мадэль развіцця

ВУП у краіне, якая жыве за кошт друкавання долараў, у трэцім квартале вырас на 4,9%. Аналагічны паказчык у Расіі, згодна з папярэдняй ацэнкай Расстата, склаў 2,8%. Але калі ўлічыць, што ў верасні эканоміка сузаснавальніцы Саюзнай дзяржавы падрасла на 5,2%, то ў супрацьстаянні Элачкі-людаедкі і Вандэрбільдзіхі канчатковы вынік падводзіць яшчэ рана.

_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_fota_novy_czas__8__logo.jpg

Аднак нават тым, хто адчувае замілаванне ад сузірання колькасных паказчыкаў, не варта забываць і пра іх якаснае напаўненне. У кастрычніцкім інтэрв’ю на RTVI Марыяне Мінскер дэкан эканамічнага факультэта МДУ Аляксандр Аўзан растлумачыў, што на змену году «самавыжывання расійскай эканомікі» (2022) прыйшоў год «зрушанага росту».

Гэты досыць экзатычны від росту быў забяспечаны за кошт зрушэння дзяржаўных непрадукцыйных выдаткаў — на карысць гармат і на шкоду сметанковаму маслу. Адным з вынікаў такога зрушэння стала зніжэнне ў 7,3 разы прафіцыту бягучага рахунку плацежнага балансу РФ (з $147,6 да $20,2 мільярда) у першым паўгоддзі адносна аналагічнага перыяду мінулага года.

Ва ўмовах пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі недабор у вытворчасці айчыннага «сметанковага масла» давялося кампенсаваць імпартам, што і адбілася ў яго росце ў першым паўгоддзі на 19,5% пры скарачэнні экспарту на 32,9%.

У адрозненне ад «нашай Расіі», у ЗША ролю асноўнага рухавіка росту ў чарговы раз адыгралі спажывецкія выдаткі. Паводле апытання, праведзенага па замове Федэральнай рэзервовай сістэмы (ФРС) і Казначэйства, у перыяд з 2019 па 2022 гады тыповая амерыканская сям’я стала багацейшай на 37%, што ў пераводзе на колькасць «зялёных» азначае прыбаўку ў 51,8 тысячы долараў. Медыянны ж чысты прыбытак на сям’ю цяпер складае каля 192 тысяч долараў.

Рэкорд нехарчовага імпарту

А як ідуць справы з асноўным эканамічным паказчыкам у краіне пад белымі крыламі?

Паводле апошняй справаздачы Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі ВУП за студзень-верасень павялічыўся на 3,5%. Нагадаю, што згодна з Указам № 411 ад 28 лістапада 2022 года, рост эканомікі запланаваны ў памеры 103,8%. Не хапае нейкія 0,3%. Але, мяркуючы па дынаміцы, пацаны сказалі — пацаны зробяць.

На жаль, але станоўчую дынаміку ВУП, зрэшты, як і «дзякуй», у кішэню не пакладзеш. Для шараговага, дый не толькі для шараговага беларуса, больш важная дынаміка рэальных грашовых даходаў. За год, згодна з указам, ім загадана вырасці на 4,1%, а па факце за студзень-жнівень яны дадалі 5,1%.

Наколькі апошні паказчык рэальны? Са свечкай у галоўным кабінеце Нацыянальнага статыстычнага камітэта я не стаяў, але рознічны тавараабарот за дзевяць месяцаў дадаў 6,7%, а тавараабарот грамадскага харчавання — 11,2%!

Аднак жа вернемся да ВУП, тэмпы росту якога ў чарговы раз саступілі ў тэмпах росту даходаў насельніцтва. Такая традыцыя, якая сфарміравалася яшчэ на світанку будаўніцтва так званай беларускай эканамічнай мадэлі развіцця.

Асноўны ўклад у рост ВУП унесла апрацоўчая прамысловасць, якая дадала 9,7%. Такая сярэдняя тэмпература па прамысловай бальніцы. Колькі ў краіне вырабляецца малака, мяса, збожжа — вядома. Але колькі трактароў, камбайнаў, тэлевізараў, грузавых і легкавых аўтамабіляў (і ці вырабляюцца яны наогул) — пра гэта статыстыка маўчыць.

Лагічна выказаць здагадку, што чара зрушанага росту ў 2023 годзе не мінула і Беларусь. Нездарма ж нам пастаянна нагадваюць пра цеснае эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы. Тое, што такі рост не выключаны, падказвае чатырохразовае перавышэнне тэмпаў росту імпарту над тэмпамі росту экспарту: 20,2% vs. 5,2%. Пры гэтым рост імпарту спажывецкіх нехарчовых тавараў павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам аж на 76%!

Адначасова на 64,8% павялічыўся імпарт інвестыцыйных тавараў, што робіць рост інвестыцый на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў на 27,4% лагічным.

Дынаміка інвестыцый у машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі (глядзі табліцу) нагадвае пілу. За ўзлётам ідзе падзенне, але 2022 год па ўзроўні падзення аказаўся рэкордным. Адштурхнуўшыся ад дна, архітэктары беларускай мадэлі развіцця вырашылі замахнуцца ў бягучым годзе на рэкорд. Пакуль атрымліваецца. Вось толькі не зразумела, за кошт якіх крыніц. 

Статыстыка гэты момант замоўчвае. Не выключана, што без пляча «старэйшага брата», які захапіўся пераводам сваёй эканомікі на ваенныя рэйкі, тут не абышлося.

Інвестыцыі ў машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі ў працэнтах да папярэдняга года

screenshot_from_2023_11_07_16_46_20.png

Аптымістычны прагноз

Па суадносінах усіх відаў рэсурсаў сузаснавальнікі Саюзнай дзяржавы — аналаг слана і Моські. Таму не варта здзіўляцца, што ўсе эканамічныя і грамадска-палітычныя працэсы ў Беларусі развіваюцца з аглядкай на «нашу Расію». 

Пасля 24 лютага 2022 года залежнасць малодшага брата ад старэйшага, натуральна, шматкроць узмацнілася, што і пацвярджае прыведзеная вышэй эканамічная статыстыка.

У сувязі з гэтым, мяркую, чытачам будзе цікава пазнаёміцца з меркаваннем эканамічнага аглядальніка Таццяны Рыбаковай наконт таго, што адбываецца ў расійскай эканоміцы: «За час, які прайшоў з пачатку вайны і ўводу санкцый, сярод расійскіх эканамістаў выпрацаваўся кансэнсус аб тым, да чаго ідзе расійская эканоміка, дый расійскае жыццё наогул. Нават тэрмін з’явіўся — «іранізацыя». Будзем, маўляў, жыць у закрытым грамадстве, цягаць кантрабандай замежныя тэхналогіі і выпускаць на іх аснове свае, дрэнненькія, аналагі. Будзе насельніцтва паволі прывыкаць да кітайскіх аўто і імпартазамяшчэння «абібасам». І эканоміка нават будзе паволі расці — ну, у крайнім выпадку, стагніраваць. Увогуле, жах, вядома, але не жах-жах-жах».

Як наконт таго, каб апошнюю прапанову лічыць аптымістычным прагнозам на бліжэйшыя 2–3 гады? Аднак жа не бяруся меркаваць, якая верагоднасць, што такі прагноз спраўдзіцца.