Апытанне: У паловы беларусаў няма зберажэнняў

Рост цэн і зніжэнне рэальных заробкаў прыводзяць не толькі да зніжэння пакупніцкай здольнасці насельніцтва, але часта — да страты магчымасці абараніць сябе ў выпадку далейшага пагаршэння эканамічнай сітуацыі.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg


Амаль у паловы беларусаў зберажэнняў хопіць на тэрмін не больш за месяц у выпадку страты крыніцы даходу. На тэрмін ад паўгода сродкаў дастаткова толькі ў кожнага дзясятага, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы» са спасылкай на сацапытанне SATIO.

Гэта, на думку каналу, тлумачыцца асаблівасцямі беларускага рынку працы — значная колькасць людзей мае вельмі нізкія заробкі. Не маючы назапашванняў, яны асцерагаюцца страціць нават мінімальную крыніцу даходу. Адначасова гэта дэманструе ключавую праблему эканомікі — яе нізкую эфектыўнасць, з-за чаго яна не ў стане забяспечыць дастатковы заробак людзям.

Праблема падобных апытанняў аб зберажэннях складаецца ў тым, што людзі разумеюць іх па асабістых адчуваннях. У кожнага свая мера дастатковасці сродкаў. Ёсць розныя метрыкі сумы неабходных зберажэнняў. Адным з самых папулярных з'яўляецца меркаванне, што дастатковымі лічацца зберажэнні ў памеры шасці заработных плат. Што гэта значыць для нашых умоў? Сярэдняя зарплата ў чэрвені склала 1626,5 рублёў. Калі з гэтай сумы адняць падаходны падатак і сацстрах, атрымаецца каля 1,4 тысячы рублёў. Такім чынам, агульны аб'ём «падушкі бяспекі» павінен скласці 8,4 тысячы рублёў.

Іншым арыенцірам можа служыць трохмесячны даход усёй сям'і. Але ў любым выпадку ўсё індывідуальна: занадта розныя спажывецкія звычкі, склады сем'яў і даходы.

Праблема адсутнасці або нізкага ўзроўню зберажэнняў не з'яўляецца асабліва беларускай. Так, у Расіі, па апытаннях, дзве траціны сем'яў — 65% — не маюць ніякіх зберажэнняў, у Польшчы пра адсутнасць зберажэнняў заявіла чвэрць апытаных. У сярэднім па ЕС працэнт насельніцтва без зберажэнняў ацэньваецца ў 29%. Але, калі ў большасці еўрапейскіх краін страту працы можна моцна змякчыць дапамогай па беспрацоўі, то ў Беларусі гэты варыянт наўрад ці з'яўляецца падтрымкай — сярэдні памер такой дапамогі ў Мінскай вобласці ў ліпені 2022 года склаў усяго 29,8 рублёў.