Банкаўская сістэма Беларусі працуе на самазнішчэнне?

Нацыянальны банк апублікаваў дадзеныя аб працы банкаўскай сістэмы Беларусі ў 2020 годзе. Калі прааналізаваць іх, атрымліваецца, што з другой паловы года банкі пачалі працаваць фактычна на самазнішчэнне.

82945138_l_7y3z_n.jpg


Аснова банкаўскай дзейнасці складаецца ў тым, каб узяць грошы танней і выдаць даражэй. Даход атрымліваецца на маржы, якая фарміруецца на розніцы паміж працэнтамі дэпазітаў і крэдытаў. Ёсць яшчэ камісійныя даходы — гэта тое, што банк атрымлівае ў выглядзе камісій за пераводы, за разлікова-касавае абслугоўванне фізічных і юрыдычных асоб і іншыя аперацыі. Аднак у агульнай структуры даходаў банка камісійныя, як правіла, не перавышаюць 20%. Таму галоўная крыніца даходу ўсё ж — у розніцы паміж тым, па якіх працэнтах банк прымае грошы, а па якіх выдае. І тут банкаўская сфера Беларусі ў другой палове 2020 года зрабіла дзіўны і вельмі небяспечны паварот, піша «Ежедневник».


Былі крэдыторамі, сталі пазычальнікамі

Паводле дадзеных Нацбанка, апублікаваных у апошнім статыстычным аглядзе, яшчэ ў студзені 2020 года банкі Беларусі прымалі ад бізнеса грошы на дэпазіты па сярэдняй стаўцы 6,83%, а крэдытавалі гэты бізнес па сярэдняй стаўцы 10,94% гадавых. Гэта значыць, банкаўская маржа складала 4,11%.

Пры працы з фізічнымі асобамі сітуацыя была некалькі іншая: банкі бралі грошы па сярэдняй стаўцы 9,63%, а давалі крэдыты ў сярэднім па стаўцы 9,47%, гэта значыць фактычна ў страту. Аднак агульная маржа ўсё роўна складала 3,95%. Гэта крыху, але разам камісійнымі і іншымі даходамі дазваляла банкам адчуваць сябе даволі нядрэнна нават ва ўмовах каронавіруса і агульнага спаду дзелавой актыўнасці.

Сітуацыя пачала кардынальна змяняцца ў чэрвені 2020 года пасля таго, як Нацбанк тройчы знізіў стаўку рэфінансавання і пасля таго, як пачалі адбівацца на эканоміцы не толькі каронавірус, але і палітычны крызіс. Апагей настаў бліжэй да канца года. Лічбаў па снежні яшчэ няма, але і лістападаўскія больш чым ўражваюць.

Паводле дадзеных Нацбанка, у лістападзе беларускія банкі прымалі ад бізнесу грошы на дэпазіты па сярэдняй стаўцы 13,37%, а аддавалі па 11,26%. Атрымліваецца, што маржа не проста паменшылася, яна сышла ў мінус на 2,11%, хаця рэальна павінна была павялічыцца з прычыны павелічэння інфляцыі і абясцэньвання беларускага рубля.

Па фізічных асобах сітуацыя яшчэ больш сумная. Банкі бралі грошы на дэпазіты па сярэдняй стаўцы 16,89%, а выдавалі крэдыты па сярэдняй стаўцы 9,13%. Маржа банка сышла ў мінус на 7,76%, то-бок вышэй стаўкі рэфінансавання. І гэта яшчэ без уліку льготных крэдытаў.

Атрымалася парадаксальная сітуацыя, калі беларускія банкі з асноўнага крэдытора пачалі ператварацца ў асноўнага пазычальніка беларускай эканомікі.


Што будзе далей?

Верагодна, на гэтае вельмі складанае пытанне не ведаюць адказу і ў Нацбанку, бо беларуская эканоміка працуе на ручным упраўленні адной асобы. Нацбанк фактычна застаўся адзіным органам, які гэтым рукам хоць неяк супраціўляецца. Рэгулятара ўжо некалькі месяцаў спрабуюць «угаварыць» запусціць друкарскі станок, але замест гэтага Нацбанк са жніўня прыпыніў аперацыі па падтрымцы ліквіднасці, і ўжо двойчы падаўжаў гэты «ахоўны перыяд». Не маючы магчымасці атрымаць грошы ад рэгулятара, банкі вымушаныя былі ісці да насельніцтва і бізнеса.

Кантрольны пункт, які пакажа, як далей будзе развівацца сітуацыя, наступіць 19 студзеня, калі скончыцца чарговы тэрмін прыпынення аперацый авернайт. І тут ёсць толькі два варыянты.

Калі Нацбанку дазволяць падоўжыць гэты «ахоўны перыяд», банкі і далей вымушаныя будуць працаваць з адмоўнай маржой, што ўжо ў 2021 годзе можа прывесці да сур’ёзных праблем у фінансавым сектары краіны. Калі прыпыненне аперацый авернайт рэгулятару падоўжыць ўсё ж не дазволяць, яму прыйдзецца ўключыць друкарскі станок, каб задаволіць ўзрослы попыт на рублі. Затым прыйдзецца павышаць і стаўку па крэдытах авернайт, і стаўку рэфінансавання.

Гэта прывядзе да сур’ёзнага вітка інфляцыі. А далей праблемы пачнуць нарастаць, як снежны ком.

Па-сутнасці, Нацбанк цяпер знаходзіцца ў патавай сітуацыі: як не зрабі, усё роўна дрэнна. Аднак, па выніках 2020 года беларускія банкі яшчэ паказваюць нейкі прыбытак. Гэта дасць Нацбанку лішнюю нагоду ўсё ж адстаяць сваю пазіцыю і падоўжыць прыпыненне аперацый па падтрымцы ліквіднасці. Маўляў, прыбытак у банкаў ёсць, значыць, яшчэ могуць браць грошы ў насельніцтва і бізнесу.

Але гэта ўжо дакладна будзе апошні раз. Далей трэба будзе шукаць выйсце з тупіка.