Знешні дзярждоўг Беларусі зноў пабіў гістарычны рэкорд
Інфармацыя па дзярждоўгу ў Беларусі паступае з месячнай затрымкай. На днях сталі вядомыя даныя на 1 снежня. Да гэтай даты знешні дзярждоўг зноў пабіў рэкорд па велічыні за ўсю суверэнную гісторыю.
На 1 снежня знешні дзярждоўг склаў 18,151 млрд USD. Месяцам раней знешнія абавязацельствы Беларусі дасягалі 18,121 млрд USD, і гэта было ранейшым рэкордам, паведамляе banki24.by.
Ужо цяпер можна казаць, што ў 2021 годзе чарга рэкордаў працягнецца. 30 снежня Мінфін Беларусі даў справаздачу пра паступленне на рахункі першай частцы расійскага дзяржкрэдыту.
Грошы ад расійцаў былі пералічаныя ў расійскіх рублях, але ў эквіваленце 500 млн USD. Такім чынам, калі нічога прынцыпова не зменіцца, да першай справаздачнай даты 2021 года будзе паказаны новы рэкорд па знешнім дзярждоўгу. Яго дакладнае значэнне Мінфін апублікуе да канца студзеня.
Выдача другога траншу дзяржкрэдыту РФ прызначаная на 2021 год. Рэсурсы таксама плануюцца ў эквіваленце 500 млн USD, але расійскімі рублямі. Калі ў месяц паступлення гэтых грошай не будзе буйных плацяжоў па дзярждоўгу, то студзеньскі рэкорд, напэўна, не выстаіць.
Раней banki24.by пісалі, што стратэгіяй уладаў у новым годзе застаецца рэфінансаванне — гэта значыць стварэнне новых даўгоў дзеля пагашэння старых. Паводле планаў Мінфіна, рэфінансаванне складзе 975 млн USD, з якіх 775 млн USD дадуць знешнія рынкі, а 200 млн USD — унутраны.
Рэфінансаванне дзяржаўнага доўгу — гэта вымушаная стратэгія, бо ў Беларусі надзвычай жорсткі графік выплат па дзярждоўгу адносна памераў эканомікі.
Які год запар сукупныя выплаты вагаюцца каля 3 млрд USD і канца гэтаму пакуль не відаць. Эканамічны рост у РБ анемічны, дзярждоўг амаль цалкам валютны, а рэгулярныя дэвальвацыі зводзяць на нішто патугі ўрада «вырасці з дзярждоўгу».
Вось і ў 2021 годзе агульныя выплаты па дзярждоўгу складуць каля 3,1 млрд USD, з якіх на пагашэнне і абслугоўванне ў валюце прыйдзецца 3 млрд USD. Не выключана і павелічэнне гэтай сумы, паколькі абставіны могуць змяніцца для ўладаў горшым чынам.
Знешні дзярждоўг у параўнанні з ВУП дасягнуў 30,1%, што з'яўляецца максімальным значэннем з 1 студзеня 2018 года. Унутраны дзярждоўг дадаў яшчэ 6,1% ад ВУП, і ў выніку агульны дзярждоўг склаў 36,2%. Ацэнкі ўладаў на канец 2021-га — рост дзярждоўгу да 38-40% ВУП.