Беларусь замовіла яшчэ два танкеры нафты, якія паставяць праз Літву

Беларусь замовіла яшчэ два танкеры нафты з перавалкай праз літоўскую Клайпеду, піша Interfax.by. Адкуль прывязуць нафту і якімі канкрэтна танкерамі, не ўдакладняецца, паведамляе Радыё Свабода.

tanker_1.jpg

Два танкеры даставяць па 85 тысяч тонаў нафты. Паводле прадстаўніка літоўскай чыгункі Lietuvos gelezinkeliai Марцінаса Бурбы, у Клайпедзе чакаюць танкеры 3-4 і 13-15 сакавіка.
Літоўская чыгунка плануе перавозіць з Клайпеды да беларускай мяжы па 100-150 вагонаў з нафтай у суткі.
У студзені праз Клайпедскі порт Беларусь атрымала 86 тысяч нарвежскай нафты сорту Johan Sverdrup для перапрацоўкі ў «Нафтане». Гэты сорт дабываецца на нарвежскім кантынентальным шлейфе ў прамысловых маштабах з чацвертага кварталу 2019 году.
Генеральны дырэктар «Нафтан» Аляксей Дзямідаў адзначаў, што далейшыя перспектывы перапрацоўкі нафты Johan Sverdrup будуць залежаць ад вынікаў перапрацоўкі першай партыі.

Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расійская нафта працягвае паступаць транзітам праз Беларусь у Еўропу.
  • Беларусь і Расія дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 снежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны баланс»: Расія можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расійскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвежскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных звестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэння запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзення перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу знізіць пастаўкі нафты з Расіі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблакавала Расія.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампенсацыю за расійскі падатковы манеўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расія дагэтуль не кампенсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і методыку кампенсацыі.