Беларусь купіла расійскую нафту праз мора

160 тысяч тонаў нафты ў хуткім часе даставяць у Беларусь двума танкерамі з перавалкай у Літве.

export_tanker_iran.jpg

У канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што ў порт Клайпеды яны прыбудуць у сакавіку: «Нафта расійская. Але бралі ў трэйдараў і без прэміі. Улічвалі кароткі час пастаўкі».
У «Белнафтахіме» не сталі называць кошт, спаслаўшыся на камерцыйную тайну, падае БЕЛТА: «Але можна адзначыць, што расійскі рэсурсаўладальнік на гэтай пастаўцы мог бы зарабіць больш нават без прэміі».

Нафтавы канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй якраз палягае ў тым ліку ў пытанні прэмій. Урад нашай краіны не хоча плаціць пастаўшчыкам прэмію 6-10 долараў за тону да кошту пастаўкі. У выніку з 1 студзеня былі прыпыненыя пастаўкі сыравіны паводле ранейшых дамоўленасцяў. У якасці часовага вырашэння праблемы Беларусь закупіла 750 тысяч тон у кампаній расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева: тыя пагадзіліся супрацоўнічаць без прэміі. Між тым, вядуцца перамовы па пастаўках нафты па альтэрнатыўных расійскаму кірунках.
Раней у студзені ў клайпедскі порт прыйшло судна з 86 тысячамі тон нарвежскай нафты для Беларусі. Нафта гатунку Johan Sverdrup патрапіла на нафтаперапрацоўчы завод«Нафтан» і дастаўлялася ў Беларусь чыгункай.