Беларуская мадэль: мыш зрабілася пацуком
Калі падвышаць эфектыўнасць эканомікі, то следам падвысяцца прыбыткі прадпрыемстваў, заробкі працоўных і падатковыя адлічэнні ў бюджэты розных узроўняў. Звычайна так і робіцца ў краінах, якія маюць доўгатэрміновую стратэгію дасягнення ўстойлівага развіцця. Эканомікі такіх краін растуць не вельмі хутка, але стабільна. Адпаведна, растуць набыткі фірмаў ды хатніх гаспадарак, і, як наступства, пашыраецца ўнутраны попыт на тавары і паслугі.
Калі падвышаць эфектыўнасць эканомікі, то следам падвысяцца прыбыткі прадпрыемстваў, заробкі працоўных і падатковыя адлічэнні ў бюджэты розных узроўняў. Звычайна так і робіцца ў краінах,
якія маюць доўгатэрміновую стратэгію дасягнення ўстойлівага развіцця. Эканомікі такіх краін растуць не вельмі хутка, але стабільна. Адпаведна, растуць набыткі фірмаў ды хатніх гаспадарак, і, як
наступства, пашыраецца ўнутраны попыт на тавары і паслугі.
У такіх дзяржавах звычайна напоўніцу працуе інстытут сацыяльнага партнёрства, які выпрацоўвае доўгатэрміновыя пагадненні паміж працадаўцамі і працаўнікамі наконт тарыфаў заработнай платы і прыбыткаў
карпарацый. Дзяржава пры гэтым выконвае ролю аб’ектынага суддзі і прымае на сябе абавязкі па захаванні пэўных макраэканамічных паказнікаў, парушэнне якіх зробіць немагчымым дасягненне мэтаў
хатніх гаспадарак і прадпрымальнікаў.
Але зусім не так робіцца ў Беларусі. Улада не лічыцца ні з саюзамі працадаўцаў, ні з прафесійнымі саюзамі. А над працоўнымі ўвогуле праводзіць розныя эксперыменты. І ўсім робіць прапановы, ад якіх
тыя не могуць адмовіцца. Адным падвышаюць заробкі, іншым — падаткі, а трэціх пераводзяць на дзяржзабеспячэнне па еўрапейскіх стандартах. І вось за год заробкі падвысіліся ў 1,4 разы. А
прадукцыйнасць працы ці засталася ранейшай, ці нават зменшылася. А папяровых грошай, на якія можна купіць тавары, стала болей.
Але галоўная крыніца пашырэння ўнутранага попыту — гэта выдача крэдытаў усім дзяржаўным ці прыватным прадпрыемствам, што апякуюцца ўрадам ды выконваюць розныя яго праграмы, якія ніколі не
акупяцца. І таму гэтыя арганізацыі ці не маюць магчымасці, ці нават і не збіраюцца тыя крэдыты выплочваць.
Гэта грошы на самай справе пустыя, не забяспечаныя ні адпаведнай таварнай масай, ні наборам платных паслуг, ні валютнымі запасамі. Але за іх усё можна купіць. Перш-наперш валюту, бо колькі б ні
пісала «Советская Белоруссия» пра хуткі крах фінансавай сістэмы Злучаных Штатаў, долар ніколі не звальваецца ў штопар, як гэта звычайна робіць беларускі рубель.
З гэтай нагоды насельніцтва скупіла за «лішнія» рублі ўсю наяўную валюту, што мелася ў банках. Інакш кажучы, зрабіла банкам прапанову, ад якой тыя не змаглі адмовіцца.
Таму ў банках ад долара застаўся толькі афіцыйны курс, а сама грашовая адзінка скіравалася на чорны валютны рынак. Нічога новага, так ужо было ў 1990-я гады. Але ж гэта было даўно, здавалася, што
ўдалося выратавацца. І быццам бы беларуская мадэль, пра якую было сказана рознымі недзяржаўнымі экспертамі шмат дрэннага, закруцілася, набрала хуткасць і панеслася да вяршынь. Але замест вяршынь пад
нагамі адкрылася бездань.
За што змагаліся, на тое і нарваліся… Прапаную параўнаць некалькі лічбаў. У 1994 годзе памер знешняга гандлю складаў 18,6 млрд. рублёў: экспарт — 9,3, імпарт —
9,325 мільярда. Адмоўнае сальда раўнялася 25 млн. рублёў. Дэфіцыт знешняга гандлю складаў толькі 0,1% ад памеру агульнага таваразвароту.
З краінамі далёкага замежжа таваразварот складаў 6,5 млрд. долараў: экспарт — 3,9, імпарт — 2,6. Сальда дадатнае — 1,3 мільярды, або 20% агульнага таваразвароту. Вось такая
была эфектыўнасць знешняга гандлю. І нікому не магло прыйсці ў галаву абмежаваць імпарт спажывецкіх тавараў, бо дзякуючы «чаўнакам» упершыню за дзесяцігоддзі прапанова на ўнутраным
рынку пачала перавышаць попыт.
З краінамі СНД таваразварот складаў 12,1 млрд. рублёў: экспарт — 5,4, імпарт — 6,7 млрд. Адмоўнае сальда — 1,325 млрд. рублёў, або 11% ад агульнага таваразвароту. Вось
такая эфектыўнасць партнёрскіх брацкіх стасункаў.
Такім чынам, каб кампенсаваць страты ад гандлю з былымі саюзнымі рэспублікамі, прыбыткаў, атрыманых на Захадзе, крыку не хапіла.
Лукашэнка і зараз ахвотна ўспамінае пра мярзотны стан эканомікі, якая яму дасталася ў спадчыну ад Кебіча.
Але яму засталася і галоўная праблема — дыверсіфікацыя знешняга гандлю, коштам змяншэння ўдзельнай вагі СНД, перш-наперш Расіі, і падвышэння долі астатняга свету.
А як зараз? За паўгода таваразварот склаў 40,1 млрд. долараў: экспарт — 18,2, імпарт — 22,6. Адмоўнае сальда — 4,4 млрд. долараў, або 11% ад агульнага аб’ёму
таваразвароту.
З далёкім замежжам таваразварот склаў 19,2 млрд. долараў: экспарт — 9,5, імпарт — 9,8. Адмоўнае сальда — 300 мільёнаў, або 0,15% ад агульнага таваразвароту.
У гандлі з краінамі СНД таваразварот склаў 21,7 млрд. долараў: экспарт — 8,8, імпарт — 12,9. Адмоўнае сальда склалася ў памеры 4,1 мільярда, або 19% ад агульнага
таваразвароту.
У эканоміцы, аб чым сведчаць дадзеныя знешняга гандлю, прынцыпова нічога не змянілася. Яна засталася эканомікай, галоўным таварам якой застаецца рэсурсны дэфіцыт, што па абставінах набывае
валютны выгляд.
Змены колькасныя. Быццам мыш вырасла ў вялізарнага пацука. Была істота жвавай і маленькай, зрабілася вялікай і рахітычнай.
На ўнутраным рынку ўрад можа рабіць амаль усё, што захоча. Нават цалкам закрыць яго для спажывецкага імпарту. Але на знешніх рынках можна прадаваць толькі тое, што бяруць, і па тых коштах,
якія даюць.
Большасць эканамічных суб’ектаў не могуць так перапрацоўваць сыравіну, выкарыстоўваць энергарэсурсы, камплектуючыя, каб прадаць на знешнім рынку гатовую прадукцыю па цане, якая перавышае
вытворчыя выдаткі.
Прыкладам, у мінулым годзе ў Беларусь было ўвезена прамежкавых тавараў (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя) на суму 25,4 млрд. долараў (плюс 22% да 2009 года), а экспартавана
— на суму 16,4 млрд. долараў (плюс 9,2%). Такім чынам, адмоўнае сальда ў гандлі прамысловымі рэсурсамі дасягнула 9 млрд. долараў і падвысілася адносна 2009 года на 3,2 млрд. долараў. На
мільярд болей, чым у гандлі таварамі ў цэлым.
Вось тут галоўная праблема, да вырашэння якой, падобна на тое, і падступіліся. Валютны дэфіцыт здарыўся не таму, што людзі за свае грошы куплялі аўтамабілі ды іншае напярэдадні падвышэння мытаў. Па
распараджэнню, дарэчы, урада. А таму, што эканоміка расце ў памерах і не змяняецца якасна.
Пры такім раскладзе нічога не зменіцца нават тады, калі нам забароняць купляць імпартную туалетную паперу. Скажуць, у Шклове ёсць газетная.