Беларускія НПЗ на мяжы калапсу

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на палову магутнасці і амаль цалкам запоўнілі склады. Прадпрыемствы спрабуюць выратавацца рамонтамі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Нафтаперапрацоўка, яшчэ ў 2021 годзе адна з самых прыбытковых галін Беларусі, традыцыйна зарабляла на экспарце ў Еўропу і Украіну. Санкцыі і пазіцыя беларускіх уладаў у вайне супраць Украіны пазбавілі Беларусь гэтых рынкаў.
Еўрарадыё даведалася, як працуюць "Нафтан" і Мазырскі НПЗ, чаму паліва багата, але яно будзе даражэць. А таксама чаму прадукцыя беларускіх НПЗ не патрэбная ў Расіі, хоць ураду вельмі хочацца туды прадаваць.

"Рэзервуары запоўненыя — льюць усё проста ў цыстэрны на колах"

Загрузка на прадпрыемствах мінімальная, паведамляе крыніца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў беларускай нафтаперапрацоўцы. "Нафтан" спажывае 11 тысяч тон нафты за суткі, а Мазырскі НПЗ — 14 тысяч тон. Для Мазыра гэта каля 45% ад звычайнай загрузкі.

НПЗ "Нафтан" у Наваполацку / novopolotsk.by

НПЗ "Нафтан" у Наваполацку / novopolotsk.by

— "Нафтан" пастаўляе на ўнутраны рынак. Толькі нафтавы кокс у Кітай, але прыбытку там няма, толькі б сплавіць. Атрыманне коксу адбываецца з мазуту, гэта ратуе ад назапашвання мазуту і спынення. Мазут раней ішоў на экспарт, цяпер няма куды пастаўляць, у Расіі свайго паддастаткам.

Супрацоўнікам урэзалі матэрыяльныя выплаты па калектыўнай дамове, і няма ніякіх трынаццатых заробкаў і квартальных прэмій. Людзей на месца звольненых пераводзяць з нерэнтабельных цэхаў і тых, якія прастойваюць.

Мазырскі НПЗ таксама працуе на ўнутраны рынак.

— Бензін дзевяноста другі праз расійскі порт прапіхваюць на экспарт, але гэта мізэр. Таварныя рэзервуары запоўненыя — льюць усё проста ў цыстэрны на колах, — працягвае крыніца НАУ.

Праз поўныя склады Мазырскі НПЗ вымушаны ладзіць рамонты, дадае інфарматар Еўрарадыё на прадпрыемстве.

— Збыту няма. Пры 45 адсотках загрузкі мы [Мазырскі НПЗ. — Еўрарадыё] проста неба грэем. Склад на 97% запоўнены. Таму рамонт афіцыйна. Каб забяспечыць унутраны рынак, досыць 15 адсоткаў ад загрузкі, нават у пасяўную.

Раней 33 адсоткі нашай вытворчасці працавала на Украіну, яшчэ каля 35 адсоткаў — на Еўропу. Астатняе як давядзецца. Праца арыентаваная на здабычу валюты для краіны. Цяпер гэта не працуе. Незразумела, што заўтра будзе.

Мазырскі НПЗ / sb.by

Мазырскі НПЗ / sb.by

Пры гэтым работнікам Мазырскага НПЗ выплачваюць стаадсоткавую прэмію. Чакаецца, што будзе і квартальная прэмія ў пачатку траўня, хоць і са спазненнем.

— Разумеюць, мабыць, што калі людзі пачнуць сыходзіць, то гэта не спыніць. І так з кваліфікаванымі кадрамі напружана: звольнілі паўтара года таму шмат. А досвед не купіць.

Расія не будзе ствараць сабе канкурэнта

Раней "Нафтан" і Мазырскі НПЗ цягнулі прамысловасць у плюс і прыносілі валюту ў краіну. Цяпер даводзіцца траціцца на ўтрыманне прадпрыемстваў. Вырашыць праблему можна толькі з дапамогай экспарту, паколькі ўнутраны рынак моцна абмежаваны, кажа аглядальніца нафтагазавай галіны Таццяна Манёнак.

Варыянтаў тут няшмат: прадаваць нафтапрадукты ў Расію ці паспрабаваць прадаваць у Еўропу пад выглядам расійскіх. Экспарт у Расію малаімаверны. Там ёсць свая нафтаперапрацоўка, якой беларускія вытворцы, хутчэй за ўсё, прайграюць цэнавую канкурэнцыю.

— Зусім нядаўна было заяўлена, што Беларусі і Расіі ўдалося змяніць формулу цэнаўтварэння на нафту, — кажа Таццяна Манёнак. — Яна была прывязаная да долара плюс прэмія расійскім нафтавым кампаніям. Цяпер разлікі ў расійскіх рублях і было заяўлена на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, што гэта досыць камфортная цана. Незразумела, ці дазволіць гэтая цана, якая не была названая, беларускім прадпрыемствам экспартаваць нафтапрадукты на расійскія рынкі і быць канкурэнтаздольнымі. Не думаю, што Расія будзе ствараць сабе канкурэнта.Таксама попыт на нафтапрадукты ўпаў у Расіі праз санкцыі і сцісканне вытворчасці, кажа намеснік кіраўніка эканамічнага дэпартамента фонду "Інстытут энергетыкі і фінансаў" Расіі Сяргей Кандрацьеў.
— Плюс дастаткова сур'ёзны ціск на экспарт. Еўрапейскія пакупнікі пакінулі або істотна скарацілі закупкі. Скарачэнне закупак прыводзіць да таго, што неабходна даваць вялікія зніжкі.
Выходзіць, адзіны даступны рынак становіцца меншым.

Паліва шмат, але яно будзе даражэць

Дзяржаве асабліва няма чым дапамагчы "Нафтану" і Мазырскаму НПЗ. Застаецца, нягледзячы на лішак паліва, рэгулярна падвышаць цану на дзве капейкі замест адной.
— Падаражанне аргументавалі тым, што цана ў доларах не падвышаецца. Цяпер гэта будзе складаней праз разлікі за нафту ў расійскіх рублях. У заводаў растуць выдаткі. Гэтая праблема ў пэўнай ступені будзе класціся на спажыўца, — працягвае Таццяна Манёнак.
Тэарэтычна Беларусь можа пастаўляць свае нафтапрадукты праз Расію ў Еўропу пад выглядам расійскіх.
— Фармальна няма абмежаванняў на пастаўку нафтапрадуктаў з Расіі. Але з праблемамі сутыкнуўся, напрыклад, Казахстан. Калі адгрузка ажыццяўляецца праз расійскія парты, то досыць шмат намаганняў трэба выдаткаваць, каб даказаць, што грузаадпраўшчык не расійская юрыдычная асоба і не мае дачынення да Расіі [калі краіна прынцыпова абмяжоўвае закупкі з Расіі. — Еўрарадыё]. У выпадку з Беларуссю гэта можа гуляць на руку, — кажа Сяргей Кандрацьеў.
Мяркуючы па звестках інфарматара НАУ, такой схемай спрабуе карыстацца Мазырскі НПЗ. Аднак без вялікіх поспехаў.
Як доўга ў такіх умовах удасца падтрымліваць заводы, невядома.
— Натуральна, беларускія ўлады разлічвалі, што вайна ва Украіне скончыцца хутка, адкрыецца зноў украінскі рынак і заводы змогуць працаваць. Цяпер складана прагназаваць будучыню беларускай нафтаперапрацоўкі, калі няма рэальных экспартных рынкаў, — робіць выснову Таццяна Манёнак.