Беларусы чакаюць інфляцыі з дэвальвацыяй

Жнівеньская прасадка беларускага рубля самым негатыўным чынам адбілася на настроях насельніцтва. Гэта зафіксавала апытанне па замове Нацбанка.

ekonomika.jpg


Ад лістапада 2017 года па запыце Нацбанка сацыёлагі пачалі замяраць інфляцыйныя адчуванні і чаканні беларусаў. З тых часоў апытанні праводзяць раз у квартал — у лютым, траўні, жніўні і лістападзе. Мабыць, НБРБ ўзяў прыклад з расійскага Цэнтрабанка. Праўда, у РФ апытваюць насельніцтва ўжо вельмі даўно і кожны месяц, а не праз тры. Да таго ж, у ЦБ РФ ёсць нармальныя часовыя люфты па адзінай методыцы, а ў Нацбанка і дадзеных мала, і опцыі адказаў змяняліся.

Апошняя карэкціроўка ў беларускім апытальніку адбылася ў лютым. Пасля гэтага частка статыстыкі адразу стала несупастаўнай. Каб наведвальнікі сайта НБРБ не блыталіся, нацбанкаўцы змясцілі «старыя» і «новыя» дадзеныя ў розныя файлы — па лістапад 2019 года і з лютага 2020-га. Зрэшты, некаторыя высновы можна зрабіць і па таблічках ад беларускага рэгулятара.

НБРБ збірае інфармацыю аб інфляцыйных настроях беларусаў. А дакладней, аб іх успрыманні інфляцыі на 12 месяцаў таму і на 12 месяцаў наперад. У першым выпадку гэта адчувальная гадавая інфляцыя, у другім — чаканая гадавая інфляцыя. У жніўні 2020 года 36,2% рэспандэнтаў сказалі, што кошты за год выраслі «вельмі моцна». У траўні такіх было 34,6%.

Калі вымяраць інфляцыю колькасным метадам, то ацэнкі беларусаў такія. У жніўні 42,9% беларусаў прызналіся, што адчуваюць гадавую інфляцыю на 11% і вышэй, што ў 2 разы больш, чым афіцыйны паказчык (крыху вышэй за 5%). З названых 42,9%, каля 13% рэспандэнтаў палічылі, што цэны выраслі за год на 11-14%, 13,5% — на 14-17% і 16,4% — больш чым 17%.

Яшчэ больш цікавыя адказы аб інфляцыйных чаканнях у жніўні. У гэтым месяцы 47% рэспандэнтаў адказалі, што чакаюць інфляцыю ад 11% і больш. У траўні такіх было 41,1% , у лютым — 32,7%. Сярод тых, хто чакае высокую інфляцыю 11,8% адзначылі варыянт «у межах 11-14%», 13,8% — 14-17%, а 21,4% рэспандэнтаў — больш чым 17%.

Увогуле, у жніўні інфляцыйныя чаканні на будучыню аказаліся вышэй, чым ацэнкі на мінулы перыяд. Гэта значыць, што насельніцтва ў цэлым напалохана дэвальвацыяй рубля і чакае паскарэння росту коштаў.

Таксама характэрная дынаміка адказаў аб форме і валюце зберажэнняў. З лютага па жнівень доля дэпазітаў ўпала з 14,8% да 10,7%, а золата, каштоўных металаў і страхавання падскочыла з 7,4% да 17,2%. Золата лічыцца ахоўным актывам падчас крызісу.

І без таго слабы давер да «зайчыка» як сродку зберажэння яшчэ пахіснуўся. Доля абіраючых рубель скарацілася за паўгода з 17,2% да 14,8%, а доля валюты вырасла з 71,5% да 78,5%.

Паводле banki24.by