Беларусь просіць у Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС новы крэдыт
Беларусь накіравала ў сакавіку заяўку на атрыманне новага крэдыту ў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, паведамляе Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі фонду.
Фінансаванне беларускі бок хоча атрымаць на падтрымку стабілізацыйнай праграмы ўрада і Нацыянальнага банка Беларусі на 2015—2017 гады. У сувязі з гэтым каманда
экспертаў ЕАБР на чале з дырэктарам праектнай групы Антыкрызіснага фонду Алішэрам Мірзоевым правяла ў Мінску ў трэцяй дэкадзе сакавіка кансультацыі.
"Падчас візіту эксперты ЕАБР сустрэліся з першым намеснікам прэм'ер-міністра Васілём Мацюшэўскім, старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам, першым намеснікам
міністра фінансаў Максімам Ермаловічам, а таксама з прадстаўнікамі міжнародных фінансавых інстытутаў і даследчых супольнасцяў", — гаворыцца ў паведамленні Еўразійскага банка
развіцця.
Паводле вынікаў сустрэч з беларускімі ўладамі была дасягнутая дамоўленасць працягнуць падрыхтоўку праграмы макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформ, якая магла бы быць падтрыманая
фінансавым крэдытам Антыкрызіснага фонду, паведамляе ЕАБР.
На думку экспертаў банка, скарачэнне знешняга попыту на беларускую прадукцыю істотна негатыўна паўплывала на беларускую эканоміку, і ВУП Беларусі паводле вынікаў 2015 года зменшыцца не менш як на 2%,
а інфляцыя складзе 18-20%.
"Скарачэнне падатковых і мытных збораў, выкліканае зніжэннем цэн на нафту і эканамічнай актыўнасці ў Беларусі і краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, можа павялічыць патрэбы бюджэту і
плацежнага балансу Беларусі ў дадатковым фінансаванні", — лічаць эксперты ЕАБР.
Пры гэтым эканамісты банка вітаюць меры новага кіраўніцтва ўрада і Нацбанка, скіраваныя на ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі праз рост працэнтных ставак і пераход да больш
гнуткага рэжыму абменнага курсу ў адказ на пагаршэнне знешняй кан'юнктуры.
"Такая палітыка, пасля адмовы ад адміністрацыйных мер па кіраванні абменным курсам і праведзенай у пачатку 2015 года дэвальвацыі беларускага рубля, дапамагла стабілізаваць сітуацыю на
валютным рынку. Наяўны ўзровень рэальных працэнтных ставак, хутчэй за ўсё, з'яўляецца вельмі высокім, і далейшае іх зніжэнне павінна залежаць не толькі ад тэмпаў прагназаванай
інфляцыі", — гаворыцца ў паведамленні ЕАБР.
Эканамісты банка таксама вітаюць крокі ўрада і Нацбанка, скіраваныя на скарачэнне аб'ёмаў крэдытавання ў межах дзяржпраграм, і рэкамендуюць пайсці на лібералізацыю
цэнаўтварэння.
"Палітыка па дасягненні ўнутранай і знешняй раўнавагі, якая суправаджаецца зніжэннем кантролю над узроўнем цэн, звяла б да мінімуму як памеры ўсплёску інфляцыі, так і яго негатыўныя
наступствы", — гаворыцца ў паведамленні банка.
Поруч з мерамі макраэканамічнай стабілізацыі ЕАБР рэкамендуе Беларусі правесці структурныя рэформы ў эканоміцы.
"Дасягненне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту ў краіне ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе магчымае толькі пры ўмове правядзення рашучых структурных рэформ праз адначасовую лібералізацыю
цэн і рынкаў і далейшую аптымізацыю ролі дзяржавы ў эканоміцы", — падкрэсліваецца ў паведамленні ЕАБР, які выступае кіраўніком сродкамі АКФ.
Трэба адзначыць, што ў 2011—2013 гадах паміж Беларуссю і Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС дзейнічала крэдытная праграма, у межах якой беларускаму боку павінен быў быць выдзелены фінансавы крэдыт
у 3 млрд. долараў. Меркавалася, што крэдыт будзе выдзяляцца шасцю траншамі на працягу 2011—2013 гадоў у адпаведнасці з выкананнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім
урадам.
Аднак шосты транш (440 млн. долараў) Беларусь так і не атрымала. У канцы снежня 2013 года савет АКФ прыняў рашэнне адкласці выдзяленне Беларусі шостага траншу ў сувязі з невыкананнем
беларускім бокам 10 паказчыкаў крэдытнай праграмы. Пазней пытанне аб выдзяленні Беларусі шостага траншу крэдыту не было ўрэгуляванае.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН