Беларусам трэба будзе перайсці з еўрапейскіх на ўсходнія тавары

Беларускі спажывец можа пераарыентавацца з еўрапейскай прадукцыі на тавары краін ЕўрАзЭС, Турцыі і Кітая. Такое меркаванне выказаў вядучы спецыяліст «Твая сталіца. Кіраванне праектамі» Аляксандр Вялікі.



asrua5_w631h356.jpg

За апошнія месяцы ў Беларусі падаражэлі тавары еўрапейскіх вытворцаў, і, як вынік, попыт на іх пачаў зніжацца. Іх месца паступова займаюць больш даступныя аналагі з Расіі, Кітая і Турцыі. «Усходнія тавары сталі ўяўляць большую цікавасць для беларускіх спажыўцоў, якія імкнуцца знізіць асабістыя выдаткі і па магчымасці захаваць зберажэнні», — падкрэсліў эксперт.

Як чакаецца, на прылаўках беларускіх крамаў стане яшчэ больш тавараў з Расіі, рубель якой сур'ёзна дэвальваваўся. Гэта тычыцца як уласна расійскай прадукцыі, так і тавараў сусветных брэндаў, якія вырабляюцца ў суседняй краіне. Таксама праз расійскія гандлёвыя сеткі ў Беларусь прыходзяць тавары з паўднёва-ўсходняй Азіі, перш за ўсё, з Кітая. Вялікую цікавасць да Беларусі праяўляюць таксама турэцкія кампаніі.

«На працягу гэтага года, як чакаецца, усходнія вытворцы будуць павольна выціскаць з беларускага рынку кампаніі з краін, якія ўваходзяць у еўразону. І хоць еўрапейская валюта цяпер слабее, тавары з Еўрасаюза для многіх беларусаў застаюцца даволі дарагімі», — перакананы Аляксандр Вялікі.

Рытэйлеры з усходу наўпрост выходзяць на беларускі рынак. Як правіла, іх цікавяць альбо гандлёвыя цэнтры з выгадным месцазнаходжаннем, альбо аб'екты арыгінальных фарматаў. Сярод першых у Мінску можна вылучыць Galleria Minsk, сярод другое — першы ў Беларусі цэнтр пастаянных распродажаў Leto.

«Брэндавыя сеткі з Расіі і Турцыі сур'ёзна зацікавіліся беларускім рынкам. Цяпер яны шукаюць аб'екты, якія адпавядаюць іх чаканням і маюць выразную канцэпцыю прыцягнення трафіку, — адзначыў эксперт. — У сувязі з гэтым іх увагу прыцягнуў гандлёвы цэнтр Leto, аператары якога будуць прадаваць тавары па зніжаных цэнах і круглы год праводзіць распродажы. У бягучай эканамічнай сітуацыі такі фармат павінен быць папулярны.

Усходніх вытворцаў, як правіла, задавальняе бягучая макраэканамічная сітуацыя ў Беларусі. «Ва ўмовах крызісу яны гатовыя працаваць без прыбытку нейкі час дзеля павелічэння долі на рынку. У доўгатэрміновым перыядзе такая стратэгія сябе цалкам апраўдвае», — патлумачыў спецыяліст.

У цэлым у найбліжэйшы год узмоцніцца канкурэнцыя як паміж дэвелаперам, так і рытэйлерамі. «Рынак цяпер насычаны гандлёвымі плошчамі, паўстаў дэфіцыт арандатараў. Прычым у гэтым годзе рынак павінен прырасці на рэкордныя 200 тыс. «квадратаў», так што ціск на рынак будзе толькі ўзмацняцца. У той жа час вялікая разнастайнасць аб'ектаў і змякчэнне арэнднай палітыкі паляпшаюць становішча рытэйлераў, якія тым самым могуць знізіць выдаткі і, адпаведна, цэны для спажыўцоў», — падсумаваў Аляксандр Вялікі.

telegraf.by