Больш за палову беларусаў заўважылі зніжэнне сваіх даходаў

Такія вынікі атрыманыя пасля даследвання цэнтру BEROC.

glavnaya_10.jpg

Больш за палову беларусаў — 52% — заўважылі зьніжэньне сваіх даходаў, сьведчаць вынікі дасьледаваньня індэксу спажывецкай упэўненасьці, якое правёў у красавіку цэнтар BEROC.
У сьнежні 2021 году гэты паказьнік складаў 40%.
Вынікі дасьледаваньня пракамэнтавала для BPN акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.
Індэкс спажывецкай упэўненасьці, тлумачыць эканамістка, складаецца з двух кампанэнтаў: «мікракарціны — гэта значыць як чалавек адчувае ўласны дабрабыт і ацэньвае яго пэрспэктывы», а таксама «макракарціны — як ён бачыць будучыню эканомікі ў цэлым».
«Калі мы лічым, што заўтра наступіць крызіс, то ўжо сёньня пачнём эканоміць, адмаўляючыся ад пакупкі лядоўні, абнаўленьня гардэробу і вячэры ў рэстаране. Гэта значыць, што вытворца або сфэра паслугаў заробяць менш цяпер», — прывяла прыклад Барнукова.
Індэкс спажывецкай упэўненасьці сярод насельніцтва і бізнэсу экспэрты BEROC пачалі вызначаць у сьнежні 2021 году. У красавіку 2022 года адбылося другое дасьледаваньне. Згодна зь яго вынікамі, індэкс зьнізіўся з 31% да 28%.
«Мы фіксуем, што, нягледзячы на павелічэньне санкцыйнага ціску і падзеньне эканомікі (паводле зьвестак Белстату, за студзень — красавік 2022 году ВУП зьнізіўся на 2, 1%), беларусы не ўспрымаюць сытуацыю як трагічную. Яны ацэньваюць яе не нашмат горш, чым жыхары краінаў ЭЗ і Расеі».
Экспэртка патлумачыла гэта тым, што, па-першае, «чаканьні ў сьнежні 2021 году былі на нізкім узроўні», а па-другое, «пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне беларусы перажылі пік панічных настрояў, але пасьля ўбачылі, што катастрофы не здарылася, а рубель умацаваўся».
У некаторых пытаньнях, як вынікае з дадзеных BEROC, грамадзтва палярызаванае. «Палова апытаных лічыць, што Беларусь застаецца спакойнай і стабільнай краінай для жыцьця. Другая палова прытрымліваецца супрацьлеглага пункту гледжаньня», — адзначыла эканаміст.
Яна заклікала «акуратна ставіцца да падобных адказаў»: «Чалавек можа па сваіх палітычных і іншых перакананьнях называць краіну стабільнай. Аднак яго эканамічныя чаканьні лепш ілюструюць іншыя паказьнікі, напрыклад, намер інвэставаць асабістыя сродкі ў бытавую тэхніку або аўтамабіль».
Таму больш аб’ектыўным, лічыць Барнукова, будзе адказ на пытаньне аб гатоўнасьці рабіць буйныя пакупкі. Мяркуючы па дасьледаваньні BEROC, на гэта гатовыя 8% беларусаў.
BEROC у залежнасьці ад ацэнкі сытуацыі падзяліў рэспандэнтаў на аптымістаў і пэсымістаў. «Ёсьць характэрныя тэндэнцыі. Напрыклад, моладзь заўсёды настроена больш пазытыўна, — канстатавала Барнукова. — Але ёсьць таксама нетыповыя моманты. У прыватнасьці, айцішнікі і фінансісты ацэньваюць будучыню краіны пэсымістычна. Хоць у іншых сацыяльных групах асьцерагаюцца хутчэй за свой асабісты даход, але наконт пэрспэктыў Беларусі настроеныя аптымістычна».
Падчас дасьледаваньня асобна разглядалася пытаньне, колькі беларусаў за апошні час зьнізілі свае выдаткі. «Аказалася, што эканомія, у тым ліку на ежы, распаўсюджаная сярод розных сацыяльных груп (41% насельніцтва), нават сярод айцішнікаў», — паведаміла прадстаўніца цэнтра. «Але для праграмістаў, — удакладніла яна, — гэта значыць выбар для бізнес-ланчу больш таннага кафэ, а для пэнсыянераў — адмову ад пакупкі мяса».
Сымптаматычнымі Барнукова назвала ацэнкі рэспандэнтамі рынку працы: «Аб страце працы заявілі ўсяго 4,2% рэспандэнтаў, што зьяўляецца сярэднім паказьнікам. Пры гэтым многія (22%) адзначылі, што іх знаёмыя або сябры былі звольненыя. Гэта спараджае пэсымізм наконт будучыні. «Калі чалавек бачыць і фіксуе рызыкі, ён горш ацэньвае ўласныя пэрспэктывы і, такім чынам, пачынае эканоміць».
Як лічаць 63% апытаных, эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісе. Прыкладна столькі ж рэспандэнтаў (62%) мяркуюць, што санкцыі акажуць уплыў на якасьць жыцьця. 41% імкнуцца не будаваць пляны на будучыню. У той жа час 46% лічаць, што жыцьцё ў краіне застаецца спакойным і стабільным.