«Буму» не будзе? Што адбываецца з будаўнічай галіной
«Будаўнічыя бумы» зусім не выпадкова супадалі з электаральнымі цыкламі ў 2010 і 2015 гадах. Спрабавалі паўтарыць гэта і да 2020-га, але, відаць, што ўжо не хапала рэсурсаў. Пасля падзей 2020 года галіна масава губляла добрых спецыялістаў. Цяпер дзяржава вырашыла зноў уліць грошы ў будаўніцтва. Чаго чакаць гэтым разам?
Што цяпер робіцца ў будаўнічай галіне? Прычын, каб больш уважліва вывучыць яе, шмат. Адна з іх — сёлета ўрад абвясціў, што беларускае кіраўніцтва, складаючы свае планы па нарошчванні ВУП, шмат у чым робіць стаўку на аднаўленне інвестыцыйнай актыўнасці, дзе за рост адказвае шмат у чым сфера будаўніцтва, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Трэба адзначыць, што будоўля — вельмі цікавая галіна, яна контрцыклічная. Калі астатнія сферы падаюць, яна часцяком расце, і наадварот, у перыяды адноснага дабрабыту ў краіне, калі лічыць «у сярэднім па бальніцы», паказчыкі гэтай галіны могуць падаць. Звязана гэта з вялікім часовым лагам паміж перыядам, калі ты ўкладваеш грошы ў будаўніцтва, і момантам, калі атрымліваеш ад гэтага фінансавую аддачу. Паміж гэтымі двума перыядамі могуць прайсці гады.
Урад упэўнены, што, уклаўшы цяпер вялікія сродкі ў будаўнічую сферу, цалкам можна разлічваць, што ўжо ў хуткай будучыні на гэтай ніве ў Беларусі ўсё «закаласіцца» — і будзе падцягваць пры гэтым агульныя эканамічныя паказчыкі па краіне.
І трэба сказаць, гэта ўжо не першая спроба ажывіць эканоміку вялікай будоўляй.
Калі мы паглядзім дынаміку аб'ёму жыллёвага будаўніцтва з 2000 года, то ўбачым, што як мінімум двойчы ў галіну ўліваліся каласальныя грошы.
Першы раз гэта адбывалася на працягу некалькіх гадоў да 2010-га, тады заяўлялася, што вось-вось — і мы выйдзем на ўражвальны паказчык у 10 мільёнаў квадратных метраў новага жылля ў год. У выніку гэтага не атрымалася. Максімум, якога ўдалося дасягнуць — 6,6 млн у 2010 годзе, пры гэтым будаўнічая сфера фарміравала цэлых 9,4% ВУП краіны.
А пасля — абвал. Эканоміка «сацыяльна арыентаванай» дзяржавы, як аказалася, такія выдаткі несці не можа.
Будаўнічы рынак, які зваліўся ў 2010 годзе, працягнуў падзенне да 2012-га (да 4,5 млн квадратных метраў жылля), а пасля пачаў аднаўляцца.
Гісторыя з раздачай бясплатных кватэр фактычна скончылася, папулярнасць стала набіраць будаўніцтва льготнага і арэнднага жылля.
І зноў у сферу пацяклі шчодрым патокам дзяржаўныя грошы, іх было настолькі шмат, што ўжо ў 2014-м пабудавалі 5,5 млн квадратных метраў жылля, а доля будаўнічай галіны ў ВУП дасягнула рэкордных 10,4%.
Але ўжо ў 2016-м зноў здарыўся абвал, пасля якога галіне аднавіцца не было наканавана. Пры гэтым будаўнічая галіна да 2022-га года сціснулася да 4, 9% ад агульнага аб'ёму ВУП (нават у 2000-м паказчыкі былі лепшыя).
Ёсць яшчэ адзін важны аспект — будаўніцтва новага жылля было важна для кіраўніцтва краіны не толькі з эканамічнага, але і з палітычнага пункту гледжання, бо беларусы, якія атрымліваюць ільготныя кватэры або разлічваюць іх атрымаць у будучыні, аказаліся гатовымі мірыцца са шматлікімі праблемамі ў краіне. «Будаўнічыя бумы» зусім невыпадкова супадалі з электаральнымі цыкламі ў 2010 і 2015 гадах. Спрабавалі паўтарыць гэта і да 2020-га, але відаць, што ўжо не хапала рэсурсаў.
І вось, мяркуючы па ўсім, кіраўніцтва краіны цвёрда мае намер паспрабаваць у чарговы раз наступіць на тыя ж граблі.
Праўда, на гэты раз раздзімаць будаўнічую галіну плануюць не столькі жыллём, колькі ўзвядзеннем інвестпраектаў: заводаў, складскіх памяшканняў, офісных будынкаў і г. д.
Гэта светлая ідэя ўпіраецца ў адно «але» — хто будзе яе рэалізоўваць? Бізнес цяпер перапоўнены песімістычнымі настроямі, і нават дзяржслужачыя, якія маглі б асвойваць дзяржаўныя грошы, нярэдка імкнуцца такую дзейнасць мякка сабатаваць. Чаму? Таму што яны выдатна памятаюць, чым скончыліся папярэднія «будаўнічыя бумы» — па выніках крызісаў, якія за імі надыходзілі, заўсёды шукалі вінаватых, якія садзіліся на прыстойныя тэрміны.
Самі за сябе красамоўна кажуць вынікі студзеня-лютага: у параўнанні з мінулым годам інвестыцыі ў асноўны капітал сталі меншыя на 4%. Будоўля не расце, хоць вельмі хочацца.