Цэны на нафту выраслі пасля выхаду ЗША з здзелкі з Іранам

Цэны на нафту падняліся да самых высокіх за тры гады ўзроўняў пасля рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа выйсці з «ядзернай» здзелкі з Іранам і зноў увесці супраць яго санкцыі, паведамляе Радыё Свабода.

Фота: Christian Hartmann / Reuters

Фота: Christian Hartmann / Reuters

Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб вяртанні праз паўгода санкцыяў, якія тычацца нафтавага сектару Ірану і міжнародных фінансавых трансакцыяў з ім.
Цана нафты маркі «Брэнт» раніцай у сераду дасягала 77,20 даляра за барэль — самага высокага паказніка з лістапада 2014 году.
Іран — трэці паводле велічыні вытворца нафты ў OPEC, і пагроза рэзкага скарачэння паставак іранскай нафты на сусветны рынак з прычыны ўвядзення санкцыяў штурхае цэны ўгару. Яны раслі ўсе апошнія тыдні ў чаканні рашэння Трампа, аднак у аўторак ненадоўга паваліліся з-за паведамлення ў прэсе, што прэзідэнт ЗША можа перадумаць і не выходзіць са здзелкі з Іранам. Пасля заявы прэзідэнта цэны рэзка пайшлі ўгару.

Перспектывы далейшага росту цэнаў

Увядзенне ЗША санкцыяў можа не азначаць поўнага спынення экспарту нафты з Ірану, бо іншыя ўдзельнікі «ядзернай» здзелкі, улучна з еўрапейскімі краінамі, выказваюцца за яе захаванне. Аналітыкі рынку таксама звяртаюць увагу на сігналы Саудаўскай Аравіі — яна гатовая папоўніць магчымы недахоп нафты на рынку з прычыны санкцыяў супраць Ірану.
Тым ня менш, агенцтва AFP піша пра здагадкі, што цэны на нафту могуць дасягнуць узроўню 80 даляраў за барэль, бо акрамя рашэння Трампа існуюць і іншыя фактары: нявызначанасць вакол Венесуэлы, паляпшэнне глабальнага попыту, даныя, якія сведчаць пра падзенне запасаў нафты ў ЗША.
Павышэнне цэнаў на нафту выгаднае яе найбуйнейшым вытворцам, у тым ліку Расеі, аднак яно таксама спрыяе імкліваму развіццю здабычы амерыканскай сланцавай нафты, якая займае ўсё большае месца на рынках. Многія краіны такім чынам зніжаюць залежнасць ад «традыцыйных» пастаўшчыкоў нафты.