Чаму ўмацоўваецца беларускі рубель?

За апошні тыдзень беларуская нацыянальная валюта дэманстравала амаль пастаянны рост у дачыненні да асноўных валют, з якімі айчынная эканоміка пераважна мае дачыненне — долара, еўра і расійскага рубля. Чаму гэта адбываецца?

wx1080_2.jpg


У пятніцу, 10 лютага, на гандлях Беларускай валютна-фондавай біржы ў дачыненні да тутэйшага рубля долар патаннеў да 1,9028 беларускай грашовай адзінкі, еўра знізіўся да 2,026, а расійскі рубель (за 100) — да 3,2336 беларускага рубля. Чаму гэта адбываецца? На пытанні «Новага Часу» адказвае старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іасуб.
— З чым звязана ўмацаванне нацыянальнай беларускай валюты на тле патрабаванняў асобных дзеячоў кшталту былога кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча аб неабходнасці ўключэння «друкавальнага станка», каб укінуць у эканоміку дадатковыя грошы?  
— Галоўны чыннік застаецца назменным ужо год: пачынаючы з лютага 2016 да студзеня бягучага года насельніцтва з’яўляецца чыстым прадаўцом валюты. Прадпрыемствы валюту часам набываюць, часам прадаюць на чыстай аснове, але дастаткова часта, як гэта было ў студзені, продаж насельніцтвам валюты перавышае чыстую куплю з боку прадпрыемстваў. А калі прапанова перавышае попыт, то бок, тых, хто жадае прадаць валюту, на рынку больш, чым тых, хто жадае яе набыць, то, па законах рынку, валюта робіцца больш таннай.
А чаму насельніцтва прадае валюту? Даходы ў рэальным выражэнні падаюць, і дзеля таго, каб нейкім чынам падтрымаць узровень жыцця, тая частка насельніцтва, якая мае валютныя зберажэнні, паціху прадае іх дзеля падтрымання штаноў.
— Як доўга насельніцтва яшчэ зможа падтрымліваць валютай дзяржаву?
— Тут рэсурс дастаткова вялікі. Тэрміновых валютных дэпазітаў, якія людзі захоўваюць у банках, амаль сем мільярдаў долараў. Але яшчэ ёсць валюта на рахунках «да запатрабавання», на бягучых рахунках, карткавых, а таксама наяўная валюта, колькасць якой ацаніць цяжка ўвогуле. Таму нават калі браць тэмпы продажу валюты насельніцтвам, а летась гэта было 1,9 мільярда долараў, то валютных запасаў хопіць яшчэ на некалькі гадоў. То бок, казаць, што ў людзей хутка скончыцца валюта, пакуль заўчасна.
Хаця, калі абмяркоўваць гэтае пытанне, то варта помніць пра тое, што валюта размеркаваная сярод грамадзян нераўнамерна. У кагосьці валютных зберажэнняў няма і не было, у кагосьці яны ўжо скончыліся, а ў кагосьці яны яшчэ, як мы бачым, засталіся.
— Што мусіць адбыцца, каб людзі перасталі бегчы да абменнікаў і здаваць валюту для падтрымання таго ўзроўня жыцця, да якога яны прызвычаіліся?
 Для гэтага павінен пачацца рост рэальных прыбыткаў насельніцтва, каб яны ўжо маглі задавальняць свае патрэбы з бягучых даходаў, а не са зберажэнняў. А ўжо для самога гэтага роста рэальных даходаў (я ўсё ж спадзяюся, мы адкінем версію «друкавальнага станка», што ўвогуле будзе катастрафічна для эканомікі і для ўзроўня жыцця насельніцтва), патрэбныя сама мала некалькі гадоў правільнай эканамічнай палітыкі і глыбокіх рэформаў у належным накірунку. У гэтым выпадку эканоміка можа прайсці да роста, пачнецца рост вытворчасці і, адпаведна, рост рэальных даходаў.  
Іншы варыянт — істотнае скарачэнне занятых у эканоміцы. Гэта таксама можа прывесці да росту вытворчасці і росту даходаў тых, хто працуе. Але ўлічваючы тое, што з’явяцца новыя беспрацоўныя, людзі без прыбыткаў, у цэлым попыт з боку насельніцтва ў эканоміцы не павялічыцца.
— Ці ёсць хоць нейкія прыкметы таго, што краіна можа пайсці па шляху згаданых рэформаў?
— На самой справе, апошнія два гады ў гэтым пытанні ідзе таптанне на месцы. Больш за тое, гледзячы па апошніх нарадах у кіраўніка дзяржавы, са скрыняў спрабуюць выцягнуць прыхільнікаў зусім ужо дзіўных эмісійных захадаў, якія кіравалі эканомікаю ў мінулыя гады і давялі яе да таго стану, у якім эканоміка знаходзіцца цяпер. Таму, на жаль, ніякай упэўненасці, што краіна пойдзе па шляху неабходных рэформаў, пакуль няма.