Даўгі Беларусі: што чакае краіну ў 2016 годзе

У наступным годзе Беларусі трэба будзе выплаціць па дзярждоўгу каля 3,3 млрд долараў. Гэта крыху менш, чым сёлета, але вельмі адчувальна для эканомікі. Ці здолее краіна з справіцца выплатамі і чым ёй пагражаюць новыя крэдыты?



gosdolg_1_.jpg

naviny.by

Напачатку года эканамічныя ўлады краіны мелі намер пагашаць даўгі з дапамогай нафтавых даходаў. Аднак цэны на нафту ўпалі, і нават пералічаныя ў бюджэт нафтапошліны сітуацыю асабліва не выратавалі, хоць і сталі нядрэннай запамогай у пытанні выплат. Тым не менш, дзярждоўг з пачатку года вырас амаль на 54%.

У цэлым сёлета на аплату даўгоў дзяржава выдаткуе каля чатырох мільярдаў долараў. Такія сур'ёзныя сумы Беларусь выплачвае, таму што надышоў тэрміну пагашэння выплат па пяцігадовых дзяржаблігацыях. На гэтыя патрэбы па выніках года будзе выдаткавана больш за мільярд долараў. На другім месцы па выплатах - Расія, якой за ўвесь год перавядуць больш за 700 млн долараў, яшчэ паўмільярда атрымае АКФ Еўразэс, больш за 300 млн. долараў - Кітай, МБРР і Венесуэла па 130 і 120 млн адпаведна.

У 2014 годзе Беларусь пагашала суму прыкладна такую ж, якую давядзецца выплочваць у 2016 годзе — 3,2 млрд. долараў.

Мінфін паведамляе

Як паведамляецца ў апошнім нумары мінфінаўскага выдання «Фінансы, улік, аўдыт», праект рэспубліканскага бюджэту на будучы год сфарміраваны з прафіцытам у 17,2 трлн. рублёў (даходы складуць 180,6 трлн., расходы — 163,4 трлн). Прафіцыт будзе забяспечвацца за кошт залічэння ў бюджэт расійскіх мытаў, як было і сёлета. Паступленні ад нафтапошлінаў (іх памер ацэньваюць у 20 трлн рублёў) цалкам пойдуць на пагашэнне валютнага дзярждоўгу, паведамляе Мінфін.

Паводле інфармацыі ведамства, у 2016 годзе Беларусі трэба пагасіць доўг у памеры 3,3 млрд. долараў, з якіх на пагашэнне дзярждоўгу прыйдзецца 2,3 млрд (унутраны — 1,3 млрд, знешні — 1,0 млрд. долараў). Выплачваць дзярждоўг будуць з нафтапошлін і прыцягнутых сродкаў дзяржаўных пазык.

Адзначым, што эканамічныя ўлады неаднаразова казалі: ўзровень запазычанняў будзе залежаць ад плацежнага балансу. Маўляў, наросцім экспарт і пазычаць не прыйдзецца. Пакуль новыя рынкі ніяк не знаходзяцца, а на старых назіраецца значны спад, верагоднасць таго, што пазыкі будуць скарачацца, роўная нулю. Тым больш, што афіцыйная статыстыка паведамляе: экспарт тавараў і паслуг у студзені-верасні 2015 года скараціўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на амаль 17 млрд. долараў, або на 25,7%. Таму для пагашэння старых даўгоў Беларусь будзе браць новыя, уводзячы сябе ва ўжо амаль перманентны стан даўжніка.

Гісторыя росту, або Калі ўсё пачалося

Імкліва нарошчваць дзярждоўг Беларусь пачала адносна нядаўна: за апошнія сем гадоў ён вырас амаль у дваццаць разоў. Яшчэ ў 2005, 2006 і нават 2007 гадах сума па знешнім дзярждоўгу была смешнай - не дацягвала нават да мільярда долараў, унутраны дзярждоўг таксама быў невялікі.

У 2005 годзе знешні дзярждоўг вырас на 5,8%, у 2006 - на 6,8%, у 2007 - ужо больш, чым удвая - Беларусь тады атрымала паўтара мільярда долараў у крэдыт ад Расіі, і пачала свой свой няпросты шлях на ніве пошуку грошай у доўг. За 2008 год знешні дзяржаўны доўг вырас на 59,2% — да 3, 7 млрд долараў.

Гэтак жа імкліва пачаў расці і ўнутраны дзярждоўг, які стаў альтэрнатывай для эканамічных уладаў пасля імклівага росту дзярждоўгу ўнутранага. Фактычна, выкарыстоўваючы ўнутраныя запазычанні, улады атрымалі магчымасць прынізіць паказчык знешніх, каб не згубіць магчымасці прыцягваць грошы звонку ў будучыні, і не павышаць ўзровень доўгу да небяспечнага парога.

У гэтым годзе міністр эканомікі Аляксандр Забароўскі паведамляў пра намер рэфінансаваць ў 2016 годзе дзярждоўг мінімум напалову. Ён нават заявіў, што будзе ўведзена жорсткае правіла: выплачваць палову знешняга доўгу за кошт унутраных рэсурсаў, другая палова павінна быць рэфінансаваная. Таксама ў гэтым годзе Аляксандрам Лукашэнкам быў павышаны ліміт ўнутранага доўгу на 0,5 трлн. рублёў. Тэма рэфінансавання з тых часоў больш не падымалася.

Цяпер Беларусь вядзе перамовы з МВФ пра новы крэдыт. Місія Фонду нядаўна з'ехала з Беларусі, так і не даўшы станоўчы адказ, хоць профільныя ведамствы былі ўпэўненыя: крэдыт Беларусь атрымае. Што, дарэчы, пакуль не выключана - рашэнне прымае зусім не місія МВФ. Акрамя таго, у снежні Расія разгледзіць пытанне выдзялення Беларусі чарговага крэдыту праз ЕАБР. Агульная сума абодвух крэдытаў можа перавысіць тры мільярды долараў. Пры гэтым абодва крэдыторы рашуча патрабавалі ад Беларусі рэформаў, намякаючы, што дзяржаве час мяняць эканамічную мадэль і рэфармаваць рэальны сектару тым ліку, спыняць напампоўваць грашыма найбуйнейшыя беларускія дзяржпрадпрыемствы, няздольныя не тое, што прыбытак даць — разлічыцца па даўгах. Але ад рэформаў у Беларусі пакуль адмовіліся. А вось крэдыты чакаюць з нецярпеннем.

Антон Болтачка: краіне патрэбныя рэформы

Незалежныя эксперты і міжнародныя інстытуты ўжо не адзін год запар кажуць аб тым, што Беларусі не проста час злазіць з крэдытнай іголкі. Пазыковыя сродкі так ці інакш даюцца пад рэформы, якія адсоўваюцца ў Беларусі на трэці план. Аднак без рэформаў крэдытныя грошы фактычна бяруцца для таго, каб іх «праесці»: падлатаць тыя ці іншыя дзіркі ў эканоміцы, падтрымаць ўзровень заробкаў і іншае. За гады крэдытавання, агульны памер якога перавальвае за дзесятак мільярдаў долараў, Беларусь магла б значна палепшыць сваё становішча, калі б улады былі больш дальнабачнымі.

Эксперт Ліберальнага клуба, эканаміст Антон Балточка упэўнены: Беларусі патрэбныя рэформы і дакладнае разуменне таго, на што трэба траціць пазыковыя сродкі.

— Што могуць зрабіць улады для таго, каб гэтая тэндэнцыя вечнага прыцягнення даўгоў для латання дзірак пайшла на спад?

— Неабходна аднавіць эканамічны рост, які дазволіць выплаціць знешнія даўгі. Пры гэтым важна зрабіць гэта не за кошт пастаянных знешніх запазычанняў, а пры дапамозе правядзення ў краіне эканамічных рэформаў. У ходзе рэфармавання сістэмы можна (а часам і трэба) браць крэдыты ў міжнародных крэдытораў для паскарэння працэсу дасягнення станоўчага выніку, але ў такім выпадку неабходна выразна разумець, на што гэтыя грошы пойдуць і які ад іх эфект будзе.

— Наколькі высока вы ацэньваеце верагоднасць выдзялення Беларусі новых крэдытаў (МВФ і Расіяй)?

- Верагоднасць выдзялення крэдытных сродкаў ад МВФ і Расіі розная. МВФ пакуль не змог да канца пераканацца ў гатоўнасці ўладаў праводзіць рэформы ў Беларусі. Таму адказу наконт выдзялення чарговага крэдыту няма. Але верагоднасць станоўчага адказу вельмі высокая. Расійскія крэдыты - гэта хутчэй за сродкі, якія палітычна матываваныя. Таму пакуль не будзе пэўных палітычных крокаў насустрач расійскаму кіраўніцтву з нашага боку, крэдытаў таксама не варта чакаць. Ёсць і іншыя крыніцы, якія могуць быць выкарыстаны для атрымання Беларуссю грошай. Нагадаем, што наша краіна атрымлівала фінансавую дапамогу і ад іншых краін. Такім чынам, у выпадку неабходнасці, грошы знойдуцца. Хоць іх кошт і будзе высокі.

— Гэта пагоршыць сітуацыю ў сярэднетэрміновай перспектыве ці дапаможа краіне хоць бы часова?

— Атрыманне Беларуссю сродкаў ад крэдытораў — гэта толькі паўсправы. Важна - куды яны будуць накіраваныя. Калі для стабілізацыі фінансавага становішча айчынных прадпрыемстваў, а таксама для выплаты знешніх даўгоў мінулых перыядаў, тады карысці ад крэдыту няшмат. Атрыманыя сродкі павінны быць выкарыстаны для хуткай перабудовы структуры эканомікі Беларусі. На жаль, пакуль гатоўнасці да гэтага не прасочваецца ў кабінетах улады. Дарэчы, таму МВФ і не спяшаецца даваць адказ аб новай крэдытнай праграме.

БДГ