Беларусь плануе завяршыць перамовы з МВФ па крэдыту ў пачатку 2016 года

Лёс 3-мільярднага крэдыта вырашыцца на планавым паседжанні савета МВФ, якое пройдзе ў пачатку 2016 года. 



kredit1.jpg

normativka.by

Беларусь хоча скончыць перамовы з Міжнародным валютным фондам пра крэдыт у пачатку 2016 года. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны. Паводле яго слоў, "жорсткіх тэрмінаў няма, але думаю, што ў першым квартале пытанне будзе вырашана".

Усё вырашыцца на планавым паседжанні савета МВФ, якое пройдзе ў пачатку 2016 года. Ці будуць на ім беларусы, залежыць ад таго, як удасца ўзгадніць "узаемныя пазіцыі". Якраз цяпер і ідзе гэтая праца, адзначыў Надольны. Як інфармуе БЕЛТА, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка звярнуў увагу на тое, што МВФ не ставіць нейкіх жорсткіх патрабаванняў наконт прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

9—20 лістапада 2015 года місія МВФ праводзіла ацэнку змяненняў у беларускай эканоміцы і абмяркоўвала новую эканамічную праграму, якая магла б быць падтрымана фінансавымі рэсурсамі МВФ.

Па завяршэнні візіту кіраўнік місіі Пітэр Долман зрабіў наступную заяву: «Персанал МВФ і афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь дамагліся істотнага прагрэсу ў абмеркаванні шэрагу мер эканамічнай палітыкі, якія маглі б быць падтрыманыя дамоўленасцю аб трохгадовай праграме ў рамках Механізму пашыранага фінансавання (ЕФФ). Для абмеркавання некаторых пытанняў патрабуецца больш часу. У бліжэйшыя некалькі тыдняў мяркуецца дыстанцыйна працягнуць іх абмеркаванне».

1 снежня на адмысловай нарадзе ў Лукашэнкі прэм’ер-міністр Кабякоў назваў умовы, на якіх Мінск хоча атрымаць крэдыт на  суму $3 млрд: пад 2,28% тэрмінам на 10 гадоў.