Юрый Царык: Любы вайсковы спецыяліст скажа, што ў расійскай авіябазе няма сэнсу

Старшыня назіральнай рады Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў, кіраўнік сайта газеты «Звязда» Юрый Царык пра перспектывы расійскай вайсковай базы ў святле апошніх падзей.



baza4.jpg

— Як на беларуска-расійскіх перамовах аб вайсковай базе ў Бабруйску можа адбіцца нядаўні інцыдэнт са збітым расійскім бамбардзіроўшчыкам Су-­24?

— Строга кажучы, інцыдэнт ніяк не павінен адбіцца на перамовах. Бо пазіцыя беларускага боку і так заключаецца ў тым, што стварэнне базы немэтазгодна. А такі інцыдэнт, які адбыўся з расійскім самалётам на Блізкім Усходзе, толькі пацвярджае, што гэта не толькі немэтазгодна, але і рызыкоўна. Канечне, гэта дае дадатковыя аргументы ў перамовах і яшчэ больш узмацняе пазіцыі беларускага боку.

— Вы пісалі, што размяшчэнне такой базы ставіць Беларусь пад удар у выпадку гіпатэтычнага канфлікту Расіі з трэцяй сілай.

— Гэта безумоўна. І незалежна ад збіцця Су-­24. Размяшчэнне расійскай базы на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца ліквідацыяй статуса Беларусі як краіны, што аказвае добрыя паслугі, міратворчага боку. Бо яна стане часткай вайсковай структуры на баку Расіі. Гэта калі не знішчае «Мінскі працэс», то вельмі моцна яго ўскладняе. Ну а выпадак Турцыі пацвярджае, што, маючы на сваёй тэрыторыі вайсковую інфраструктуру Расіі, расійскія самалёты, мы не можам быць застрахаваныя ад таго, што можа быць парушаная паветраная прастора Украіны. Такія выпадкі лёгка сабе ўявіць. Таму, безумоўна, для нас гэта дадатковыя рызыкі.

— Наколькі ў беларускага боку ў прынцыпе моцная пазіцыя ў перамовах з Расіяй па базе?

— Цалкам моцная. Наша пазіцыя абазначаная, і яна прынцыповая. Для беларускага боку пытанне на гэтым закрытае. Не мы яго адкрывалі ў чэрвені, у жніўні. Расійскія калегі пачалі рух у аднабаковым парадку. У Беларусі ёсць дастаткова аргументаў, каб абгрунтаваць сваю пазіцыю. Для вайсковага спецыяліста няма праблем паказаць, што ні з абарончых пазіцыі, ні з якіх іншых база не мае сэнсу.

— Літаральна тыдзень таму начальнік аператыўнага ўпраўлення галоўкамата Паветрана-­касмічных сіл Расіі Аляксандр Ляпкін заявіў, што дакумент аб авіябазе ўжо ўзгоднены з беларускім бокам.

— Яны заўсёды так кажуць. І раней такое казалі. Гэта такая манера перамоваў.

— Нядаўна Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Ільхамам Аліевым сказаў, што «свет ашалеў». Наколькі доўга Беларусь зможа захоўваць нейтралітэт у такім свеце?

— Я лічу, што сітуацыя даволі адкрытая. Адкрытая ў тым сэнсе, што яшчэ не прадвызначаная. Пазіцыя Беларусі на дээскалацыю канфліктаў уплывае на рэгіён, дапамагае эсклацыю стрымліваць. Чым больш акуратна мы сябе будзем паводзіць, пры гэтым не правакуючы ўсходніх партнёраў, тым даўжэй можна пазбягаць канчатковай эскалацыі ў нашым рэгіёне. І другі момант у тым, што ёсць шмат пераменных у нашай сітуацыі. На сёння падыходзіць дэдлайн па мінскіх пагадненнях, якія павінны ці быць выкананыя, ці быць прызнаныя невыкананымі. Другое вядзе за сабой санкцыі дадатковыя супраць Расіі. Рэзкае пагаршэнне сітуацыі можа адбыцца літаральна заўтра. Мы павінны спадзявацца, што на міжнароднай арэне прастора для перамоваў, разумнага дыялогу яшчэ захоўваецца.

"Наша ніва"