Украіна ацэніць рызыкі ад з'яўлення расійскай авіябазы ў Беларусі

Украіна ацэніць рызыкі ад магчымага стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі і прыме адпаведныя рашэнні.



su_27sm3.jpg

tut.by

Такую заяву зрабіў у Бруселі ўкраінскі міністр замежных спраў Павел Клімкін.

Па ягоных словах, паколькі Беларусь уваходзіць у "вайсковы альянс пад кіраўніцтвам Расіі", Мінску давядзецца прымаць рашэнне пра расійскі ваенны аб'ект. Пакуль жа яно не прынятае, адзначыў Клімкін. У Кіеве яшчэ не ўяўляюць, якую небяспеку можа мець верагодная расійская авіябаза ў беларускім горадзе Бабруйску, інфармуе РІА "Новости".

У верасні 2015-га расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін даручыў міністэрству абароны і МЗС правесці перамовы з Мінскам ды па іх выніках падпісаць пагадненне аб стварэнні ў Беларусі авіябазы. Аднак у Мінску прайшлі несанкцыянаваныя вулічныя акцыі супраць гэтага праекту.

Перад выбарамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што планы па стварэнні расійскай авіябазы ў Беларусі ніколі не абмяркоўваліся з Крамлём, а пазней прагучала, што расійская авіябаза Беларусі не патрэбная. Гэтую тэму ён збіраўся абмеркаваць у канцы лістапада ў Маскве на сустрэчы з Пуціным, але візіт быў перанесены.

Паводле планаў Масквы, на аэрадроме ў Бабруйску збіраюцца размясціць 12 райскіх баявых самалётаў і 4 транспартна-баявыя верталёты.

Расійскія СМІ ўжо аб’явілі, што расійская авіябаза пачне дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2016 года.