Беларусь скардзіцца на якасць і кошт расійскай нафты і хоча збіць цану

Прэс-служба канцэрна «Белнафтахім» паведаміла, што перамовы аб умовах паставак нафты ў Беларусь на наступны год плануецца завяршыць у снежні.



nafta4.jpg

www.belrynok.by

Перамовы вядуцца канцэрнам і беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі з аднаго боку, і расійскімі нафтавымі кампаніямі-пастаўшчыкамі нафты з другога.
 

«Мэтай працоўных перамоваў з’яўляецца аптымізацыя ўзаемадзеяння бакоў і выпрацоўка ўзаемавыгадных умоваў супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы. На працягу 2015 года на міжнародным палітычным і эканамічным полі адбыўся шэраг падзеяў, якія прынцыпова ўплываюць на кан’юнктуру нафтавага рынку, у выніку чаго значна знізіліся біржавыя нафтавыя каціроўкі. Тым не менш, з-за ўвядзення Расійскай Федэрацыяй „падатковага манеўру“ ў супастаўных умовах узрос кошт нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расійскай Федэрацыі. З году ў год пагаршаюцца якасныя характарыстыкі нафты, што патрабуе дадатковых выдаткаў на яе перапрацоўку для атрымання нафтапрадуктаў еўрапейскай якасці», — паведамляе прэс-служба «Белнафтахіма».


У канцэрне адзначаюць, што беларускія НПЗ за апошнія гады правялі мадэрнізацыю, што дазволіла «Нафтану» і «Мазырскаму НПЗ» прадстаўляць Расіі больш дарагі кошык нафтапрадуктаў.
 

Нядаўна пра цэны на нафту казаў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, які не першы год запар вядзе перамовы па нафтавым пытанні (часцей за ўсё з Аркадзем Дварковічам). Як піша БЕЛТА, Уладзімір Сямашка наракаў на рэзкае зніжэнне коштаў на нафту, што дае падставу для абмеркавання гэтага пытання з расійскім бокам.

«Кошты рэзка ўпалі. Ёсць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створаная рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі «Лукойла», «Сургутнафтагаза», «Газпрамнафты» і «Раснафты» і, натуральна, нашага «Белнафтахіма», 
— сказаў Уладзімір Сямашка, каментуючы інфармацыю ў СМІ пра тое, што беларускі бок прапануе расійскім пастаўшчыкам перагледзець формулу цаны на нафту, якая пастаўляецца: павялічыць дысконт мінімум яшчэ на пяць долараў за тону, пра што пісалі расійскія СМІ.
 

Адзначаецца, што налета аб’ём паставак складзе 24 млн. тон нафты, што на мільён тон нафты больш, чым сёлета. Уся нафта будзе пастаўлена ў Беларусь праз трубаправоды.
 

Раней беларускія чыноўнікі прызнавалі залежнасць эканомікі краіны ад сітуацыі ў Расіі, якая, у сваю чаргу, цалкам залежная ад коштаў на нафту. Цэны на яе падаюць на працягу сёлетняга году, і ў будучыні могуць працягнуць падзенне. Што тычыцца нафтавага пытання паміж Расіяй і Беларуссю, то сёлета ніякіх асаблівых праблем, акрамя «падатковага манеўру», у бакоў не было. Аднак праблемы ўзнікалі, і не аднойчы: цяжка ішлі перамовы ў 2013 годзе, яшчэ больш складана — у 2010 годзе, нагадвае Радыё Свабода.