Дэфіцыт бюджэту будуць папаўняць падаткамі?

Трэці год запар у Беларусі будзе дэфіцытны бюджэт. Адным са сцэнароў яго папаўнення стануць павялічаныя падаткі, піша газета «Белорусы и рынок».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У 2022 годзе даходы рэспубліканскага бюджэту плануюцца ў памеры 27,83 млрд рублёў, а выдаткі — 30,67 млрд рублёў. Дэфіцыт, які перавысіць 2,8 млрд рублёў, мяркуецца прафінансаваць за кошт рэшткаў, назапашаных за годы прафіцыту.
Адна з ключавых прычын дэфіцыту — выдаткі, якія павялічыліся. У прыватнасці, гэта тычыцца аховы здароўя. Калі ў дакавідным 2019 годзе ў рэспубліканскім бюджэце выдаткі на ахову здароўя планаваліся на ўзроўні 1 млрд рублёў, то на 2022 год — каля 1,9 млрд рублёў, гэта значыць амаль удвая больш.
Яшчэ адна прычына ўзрослых расходаў бюджэту — санкцыі. З-за іх магчымага негатыўнага ўплыву на эканоміку ўлады істотна павялічылі выдаткі на фармаванне рэзервовага фонду кіраўніка дзяржавы. Калі ў рэспубліканскім бюджэце на 2021 год рэзервовы фонд планавалася сфарміраваць у суме 613,5 млн рублёў, то ў 2022-м ён складзе амаль удвая больш (1,2 млрд рублёў), у тым ліку дадатковы рэзервовы фонд — 900 млн рублёў. Калі не рэалізуюцца санкцыйныя рызыкі, якія могуць выклікаць дадатковыя расходы, сродкі рэзервовага фонду ўлады плануюць накіраваць на сацыяльныя выдаткі.
Такім чынам, да ліку асноўных прычын павялічаных расходаў і бюджэтнага дэфіцыту можна аднесці пандэмію і санкцыі, і з гэтай высновай, дарэчы, згодны і беларускі ўрад.


Згодна з указам ад 27 снежня 2021 года аб удакладненні асобных паказчыкаў бюджэту, улады меркавалі, што па выніках 2021 года дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту складзе 3,1 млрд рублёў.
У сітуацыі, калі выдаткі перавышаюць даходы, улады прымаюць меры, накіраваныя на пошук дадатковых крыніц напаўнення казны. У прыватнасці, з новага года істотна павялічваецца падатковая нагрузка на індывідуальных прадпрымальнікаў: стаўкі адзінага падатку, які яны абавязаны выплачваць, узраслі ў некалькі разоў.
Акрамя гэтага, з высокай верагоднасцю ўзрасце падатковая нагрузка і на юрыдычных асоб. Справа ў тым, што ў 2022 годзе абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў прадастаўлена права павялічваць стандартную стаўку падатку на прыбытак (18%) у межах двух працэнтных пунктаў, гэта значыць да 20%.
Трэба адзначыць і тое, што для павелічэння паступленняў у казну ўлады працягваюць скарачаць падатковыя льготы. З 2022 года ўладальнікі нават адной кватэры, якія раней не выплачвалі падатак на нерухомасць, цяпер абавязаны будуць гэта рабіць.


Зрэшты, пералічаныя змены яшчэ «кветачкі» ў параўнанні з іншымі мерамі, якія маглі быць прыняты для напаўнення казны ў 2022 годзе. Паводле інфармацыі газеты «Белорусы и рынок», у рамках падрыхтоўкі навацый на 2022 год абмяркоўваліся больш радыкальныя прапановы, напрыклад, адмена падатковай ільготы па выплаце ПДВ пры рэалізацыі аб'ектаў жылога фонду (кватэр). На шчасце для насельніцтва, гэтая падатковая льгота пакуль захавана, бо ў адваротным выпадку кватэры маглі сур'ёзна падаражэць з новага года.
Тым не менш, мяркуюць эканамісты, вялікая верагоднасць, што ва ўмовах дэфіцытнага бюджэту кампанія па скарачэнні падатковых ільгот будзе працягнутая.
«Пералічаныя асаблівасці бюджэту 2022 года з высокай верагоднасцю захаваюцца і ў наступныя гады. Заходнія санкцыі і мадэль, якая заснавана на нізкаэфектыўным дзяржсектары, будуць стрымліваць эканамічны рост у краіне, таму малаверагодна, што сітуацыя ў дзяржфінансах прыкметна палепшыцца», — мяркуе навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Алег Мазоль.
На яго думку, дэфіцыт бюджэту ўрад будзе імкнуцца абмяжоўваць, як рэкамендуе Міжнародны валютны фонд.
«Дэфіцыт бюджэту павялічвае абавязацельствы дзяржавы, якія з улікам значных выплат па дзярждоўгу і без таго высокія. Таму лагічна, што МВФ рэкамендуе ў будучыні скарачаць памер дэфіцыту бюджэту, і, верагодна, гэта насамрэч будзе адбывацца», — лічыць Алег Мазоль.
Памер дэфіцыту бюджэту ў 2022 годзе будзе залежаць ад эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, падкрэсліла ў каментары для газеты «Белорусы и рынок» акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Кацярына Барнукова.
«Калі магчымасці для росту экспарту захаваюцца, дэфіцыт можа быць менш за мільярд еўра ў эквіваленце. Калі ж новая хваля пандэміі негатыўна паўплывае на эканоміку або з-за санкцый скароціцца экспарт, рост ВУП будзе каля нуля, і тады дэфіцыт можа быць сапраўды, як выказаў меркаванне Мінфін у кансерватыўным сцэнары, каля 2,8 млрд рублёў», — лічыць эксперт.


На дадзены момант, удакладніла яна, высокая нявызначанасць, і не зусім зразумела, як эканоміка будзе ўплываць на выкананне бюджэту ў 2022 годзе. «У гэтых умовах было б лагічна, каб Мінфін сфарміраваў значны рэзервовы фонд, звыш мільярда рублёў, на выпадак непрадбачаных дадатковых выдаткаў», — падкрэсліла Кацярына Барнукова.