Усюды крызіс, а ў Беларусі — «эканамічны цуд». Як COVID-19 паўплываў на беларусаў

Беларусы ставяцца да каронавіруса, як да кепскага надвор’я. Так, непрыемна, але што зробіш? Бо на беларускую эканоміку значна большы ўплыў аказаў палітычны крызіс, чым пандэмія COVID-19. Але эканамісты заўважылі некаторыя цікавыя нюансы.

_czalavek___horad___minsk___cemra_i_svjatlo__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_.jpg


Як адзначыў Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік BEROC і прадстаўнік праекта «Кавіданоміка Беларусі», Беларусь — краіна пасярод Еўропы, якая прымала найменшую колькасць захадаў для абмежавання развіцця пандэміі COVID-19.
Па яго словах, з эканамічнага пункту гледжання наша краіна досыць цікава перажывала каронавірус. Бо ад пандэміі найбольш пацярпелі эканомікі тых краін, якія ўводзілі «штучную кому».
— Гэта не звычайны эканамічны крызіс. Гэта крызіс, выкліканы тым, што ўрад забараняе вам працаваць, ездзіць у адпачынак, хадзіць на спартыўныя мерапрыемствы і гэтак далей. У Беларусі нічога такога не было, адпаведна, сур’ёзнага падзення эканомікі ў 2020 годзе мы не назіралі. Яно было мінімальным адносна краін-суседзяў, развітых краін, і тых, якія развіваюцца.
Тым не менш, COVID-19 знайшоў спосаб паўплываць на беларускую эканоміку. Нават калі мы самі не закрываліся на лакдаўн, гэта рабілі краіны — нашы гандлёвыя партнёры. Таму ў 2020 годзе мы адчувалі зніжэнне знешняга попыту.
Адметна, што нягледзячы на тое, што беларусаў не прымушалі сядзець дома падчас пандэміі, людзі ўсё роўна сыходзілі на добраахвотную самаізаляцыю.
— У нас ёсць індэксы мабільнасці ад Google і Яндекс, і ў некаторыя моманты самаізаляцыя ў Мінску была вышэйшай, чым у Маскве, пры тым што ў Маскве гэта быў загад урада. Праз гэта натуральным чынам пацярпелі рытэйл, рэстараны, бары, гасцініцы і гэтак далей, — пералічвае эксперт.
Беларускі ўрад хоць запознена, але прыняў пакет захадаў па падтрымцы бізнесу падчас пандэміі, напрыклад, забаранялася павышаць кошт арэнды, калі вы здымаеце памяшканне ў дзяржавы. Але, адзначае Леў Львоўскі, ніводны з гэтых захадаў не меў вялікага значэння.
— Урад падтрымліваў толькі дзяржаўны бізнес, была развязаная практыка дырэктыўнага крэдытавання. У выніку дзяржаўны сектар увогуле амаль не заўважыў ніякіх наступстваў COVID-19. Прыватны сектар заўважыў, і ў першую чаргу той, які тычыўся мабільнасці насельніцтва і знешняга гандлю.
Адпаведна, заробкі ў 2020 годзе больш за ўсё падалі ў работнікаў сферы рытэйла і гасціннасці, а таксама ў транспартнікаў.
Але паступова людзі пачалі прывыкаць да каронавіруса, ужо ўлетку 2020 года ступень самаізаляцыі зменшылася, беларусы пачалі зноў хадзіць у кавярні і рэстараны.
А ў 2021 годзе кавід увогуле нечаканым чынам паўплываў на эканоміку Беларусі праз рост адкладзенага попыту ў заходніх краінах і некаторых слаях насельніцтва Кітая. Праз вымушаны лакдаўн у людзей назапашвалася больш грошай, чым звычайна, яны не маглі выдаткаваць іх на чарговы адпачынак ці новы аўтамабіль. Таму ўзрос попыт на некаторыя групы тавараў у другім — трэцім кварталах 2021 года. Гэтым, па словах Льва Львоўскага, і тлумачыцца беларускі знешнегандлёвы «эканамічны цуд», калі наш экспарт, не павялічваючыся ў аб'ёмах, стаў прыносіць нам больш грошай. Таго росту эканомікі, які мы ўбачылі ў 2021 годзе, не чакаў ніхто — ні незалежныя, ні нават праўладныя эксперты.
— Пасля трэцяга квартала 2021 года эканоміка Беларусі расла на 3,2 працэнта — такі рост мы апошні раз бачылі прыкладна дзесяцігоддзе назад, — зазначае Леў Львоўскі. — За гэта мы заплацілі павышанай смяротнасцю, але аказалася, што яна не нашмат перавышае смяротнасць у той жа Расіі, дзе ўлады прадпрымалі захады па абароне насельніцтва.  
Па словах эканаміста, на макраўзроўні беларусы амаль не пацярпелі ад пандэміі. Хаця ў асобных катэгорый насельніцтва даходы знізіліся. Больш за ўсё пацярпелі людзі, якія працавалі на малых прыватных прадпрыемствах і кампаніях.
Цікава, што напачатку пандэміі з красавіка па верасень 2020 года і мужчыны, і жанчыны аднолькава адчувалі на сабе эканамічныя наступствы COVID-19, а пачынаючы з кастрычніка 2020 жанчыны сталі адчуваць большы ўдар. Гэта было выклікана тым, што людзі імкнуліся не пускаць дзяцей у школу, і хатняя адукацыя дзяцей традыцыйна лягла на жаночыя плечы.