У Брэсце дробны гандаль ліквідуюць
Амаль дзве траціны гандлёвых кропак ліквідуюць, гэта прадугледжвае канцэпцыя №191 Брэсцкай гарадской Рады дэпутатаў, прынятая яшчэ ў 2006 годзе і пра якую раптам узгадалі сёлета.
Камусьці гэта ўсё ж мыліць вока
Чаму з прыходам буйнага бізнэсу ў гандаль павінен паміраць дробны? Пры чым паміраць па прымусе?
А таму, што ў п. 3 Канцэпцыі прапісана:
“Стан дробнарознічнага гандлю і сферы паслуг у горадзе паказвае, што ў наш час яна стала неперспектыўнай, не адказвае сучасным патрабаванням па культуры абслугоўвання, перашкаджае фармаванню эстэтычнага ўзроўню гарадскога асяроддзя, у выніку чаго не паляпшаецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва.
Да асноўных недахопаў і супярэчнасцям такой формы гандлю і абслугоўвання можна аднесці наступныя: адсутнасць неабходных санітарна-тэхнічных умоў для работнікаў і спажыўцоў; адсутнасць належнай абароны правоў спажыўцоў; парушэнне ўмоў рэалізацыі і захоўвання тавараў; пагаршэнне планавальных і інжынерна-тэхнічных параметраў пешаходных зон, ходнікаў, праездаў і іншых тэрыторый; перагружанасць тэрыторый дадзенымі аб'ектамі, нізкая архітэктурна-эстэтычная якасць і афармленне”.
Цікава, ці змогуць дэпутаты даць дэфініцыю паняццю "эстэтычны ўзровень гарадскога асяроддзя"? Актывісты кампаніі "Гавары праўду" параілі звярнуцца прадпрымальнікам да дэпутатаў Брэсцкай гарадской Рады і, прычым персанальна да кожнага. Актывісты дапамаглі скласці гэты зварот. Пад ім падпісалася 100 прадпрымальнікаў і каля 1000 жыхароў горада.
Адзначым, што ў 2004 годзе Брэсцкім гарвыканкамам было прынята рашэнне пра развіццё сучасных формаў гандлю і паслуг. Адпаведна ўвесь дробнарознічны гандаль быў прыведзены ў адпаведнасць з гэтымі "сучаснымі формамі". Але праз 2 гады апынулася, што ўжо не адпавядае. Да таго ж улады неаднаразова заяўлялі, што аб'екты сферы гандлю і паслуг павінны быць у "пакрокавай дасягальнасці для грамадзян". Але супермаркет не ўпіхнеш куды патрапіла, а за запалкамі ездзіць у "Еўраопт" несур'ёзна.