Антон Астаповіч скардзіцца ў Генеральную пракуратуру на разбурэнні ў Брэсцкай крэпасці
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч просіць Генеральнага пракурора Беларусі распачаць крымінальную справу наконт пашкоджання асаблівай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой з’яўляюцца пабудовы ў Брэсцкай крэпасці.
Як адзначаецца ў заяве, комплекс фартыфікацыйных забудоў Брэсцкай крэпасці, што з’явіліся ў 1836–1842 і 1911–1914 гадах, уключаны ў “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” і маюць найвышэйшую катэгорыю аховы.
Аднак зараз, падчас будаўніцтва новага моста на тэрыторыі крэпасці, гэтая гісторыка-культурная каштоўнасць сур’ёзна пашкоджана.
Аўтар заявы просіць Генеральную пракуратуру правесці праверку па згаданаму факту, распачаць крымінальную справу, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці. Акрамя таго, Антон Астаповіч хоча, каб наглядны орган праверыў законнасць навуковага абгрунтавання праектнага рашэння, якое тычыцца будоўлі новага моста на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ў тым месцы, дзе ён ніколі не існаваў. У заяве таксама выказваецца патрабаванне спыніць незаконныя змены гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія пагаршаюць умовы ўспрымання Брэсцкай крэпасці.