Сабрана больш за 1000 подпісаў супраць увядзення платы за наведванне паліклінік

Актывісты Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) сабралі больш чым тысячу подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў супраць увядзення платы за наведванне паліклінік.
 



6aac0db2b8de17d452fda4f71f6e6f71_w600_h395_q95.jpg

Як паведаміў БелаПАН старшыня абласной партыйнай структуры Ігар Маслоўскі, 24 красавіка зварот накіраваны на імя старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Віктара Дзічкоўскага і ў Брэсцкі аблвыканкам.


Паводле слоў Маслоўскага, збор быў арганізаваны ў рамках кампаніі "За бясплатную медыцыну", якую партыйная структура пачала ў студзені. Падставай для гэтага стала размешчаная ў недзяржаўных СМІ інфармацыя аб тым, што 21 снежня старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі падчас абмеркавання праекта бюджэту Баранавічаў на 2013 год выказаўся аб увядзенні платы ў 5 тысяч рублёў за наведванне паліклінікі.
 


У прынятай 16 студзеня партыйнай заяве абласная арганізацыя БСДП (Грамада) выказала пратэст супраць такой прапановы і заклікала палітычныя партыі, грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі, жыхароў вобласці публічна абмеркаваць пазіцыю старшыні Баранавіцкага гарвыканкама і выказаць сваё стаўленне да яе.
 


"Падпісанты звароту не толькі выказваюць пратэст супраць прапановы Дзічкоўскага, але патрабуюць адказаць на пытанне: на падставе якіх экспертных ацэнак старшыня гарвыканкама прыйшоў да заключэння, што пры ўвядзенні платы за наведванне паліклінік чэргаў не будзе", — дапоўніў Маслоўскі.


Ён адзначыў, што ў ходзе правядзення кампаніі "За бясплатную медыцыну" партыйныя актывісты адкрылі гарачую лінію па пытаннях бясплатнай аховы здароўя, выдалі спецыяльны партыйны бюлетэнь.
 


"Жыхары вобласці самі ставілі подпісы пад гэтым зваротам і накіроўвалі нам іх па пошце або асабіста прыносілі ў партыйны офіс у Брэсце. Я лічу, гэта самае каштоўнае ў гэтай кампаніі. Акрамя таго, нам паступілі сотні званкоў з падзякай за яе правядзенне", — заявіў палітык.

Ларыса Шыганава, БелаПАН