«Дзяржава пра рэгіянальныя гарады не клапоціцца»

Слуцкі рэгіён, найбольш эканамічна развіты напачатку 1990-х, па заняпадзе зараз стаіць у адным шэрагу з чарнобыльскімі Добрушскім, Рагачоўскім і Хойніцкім, ды даўно занядбаным Шаркаўшчынскім раёнамі.

img_20200126_122954__1___1__logo.jpg


Згодна пастанове Савета Міністраў ад 27 снежня 2019 года № 921, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале, у спіс тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы трапіў і Слуцкі раён.
Цікава, што крытэрыі аднясення да тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы ў дадзеным выпадку з’яўляюцца тэмпы росту колькасці занятых у эканоміцы; узровень зарэгістраванага беспрацоўя; доля беспрацоўных, якія шукаюць працу 12 і больш месяцаў, у агульнай колькасці беспрацоўных; доля работнікаў арганізацый, якія працавалі ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, каэфіцыент напружанасці на рынку працы.
Неяк не суадносіцца з гэтымі крытэрыямі афіцыйны паказчык колькасці беспрацоўных у Слуцкім раёне — 0,3%.Тое, што ў Слуцку нялёгка знайсці працу, ведае кожны, хто з гэтым сутыкнуўся. Бо за апошнія 19 гадоў тут зачыніліся аж 7 буйных заводаў і фабрык. Гэта — былы завод «Калібр», які выпускаў ваенную радыёэлектроніку, піваварны, кансервавы, макаронная і тэкстыльная фабрыкі, «Эмальпосуд», завод жалезабетонных вырабаў.
Паказальным прыкладам заняпаду выглядае тэрыторыя былога слуцкага піваварнага завода.
Паводле інфармацыі раённай кнігі «Памяць», У 1990-я і 2000-я гады Слуцкі піваварны завод выпускаў каля 20 гатункаў піва. Піва было з невялікім тэрмінам рэалізацыі, «жывое», кожны год брала прызы на конкурсах. Разлівалася ў шкляныя бутэлькі і было даражэйшым у параўнанні з півам у пластыкавых бутэльках. Слуцкае піва лічылася даволі якасным, але не мела вялікага тэрміну рэалізацыі.

img_20200126_123149__1___1__logo.jpg


Слуцкі піўзавод спрабаваў прыцягнуць інвестара, каб адпавядаць канкурэнцыі і новай модзе, аднак гэтая спроба скончылася крахам. Расійская кампанія «Ачакава» была не супраць інвеставаць каля 30 мільёнаў долараў у завод, але запатрабавала кантрольны пакет акцый. Дзяржава з гэтым не пагадзілася, а сваіх фінансавых сродкаў на мадэрнізацыю не выдаткавала. Па апошняй інфармацыі, нядаўна плошчы завода купіў «Сельгасінвест» расійскага паходжання ўсяго за 100 тысяч долараў. Некаторыя будынкі будуць разбураныя, астатнія плошчы прызначаныя для сушкі і захоўвання зернавых і іншых сельскагаспадарчых культур.

img_20200130_111112__1___1__logo.jpg


Зразумела, што пасля закрыцця буйных прадпрыемстваў сотні і тысячы людзей былі вымушаныя змяніць прафесію. Зараз нядобрай інфармацыяй пра адсутнасць прыбыткаў дзеляцца рабочыя мясакамбінату. Некаторыя з іх зайздросцяць рабочым цукровага камбіната з прычыны тамтэйшых высокіх заробкаў і наяўнасці пастаяннага кіраўніка. На мясакамбінаце ўпраўленцы змяняюцца ледзьве не кожны год.
Ці рэальна ў Слуцку знайсці працу па спецыяльнасці? Гэтае пытанне напрыканцы студзеня мы задалі наведвальнікам Слуцкага цэнтра занятасці.

img_e06adab85c1f1f4f2ca4920147e20eb5_v__1__logo.jpg


Васіль, жыхар Слуцка, па прафесіі будаўнік. Распавёў, што па яго прафесіі вакансій няма.
— Патрабуюцца больш сантэхнікі, чым будаўнікі. Слуцк — не Мінск. Тут цяпер няшмат будаўніцтва. Пераехаў 20 гадоў таму назад з Мінска з прычыны змены месца жыхарства і кватэрнага пытання. Працаваў у Слуцку майстрам на будаўніцтве дамоў. Другі месяц няма аніякай працы, таму зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці. Да Новага года былі грамадскія работы, на некаторых удавалася зарабіць за дзень па 15-20 рублёў. Не думаў, што ў такім вялікі горадзе давядзецца шукаць працу, бо калі прыехаў з Мінска, тут працавалі прадпрыемствы. Зараз зачынілася больш за 10 прадпрыемстваў. Такіх, як я, шмат. Аніякай перспектывы знайсці працу з дастойнай аплатай. 300-400 рублёў, якія прапануюць сантэхнікам, вартай аплатай не лічу.
Алег па спецыяльнасці электрык. Напрацаваў 20 гадоў стажу па прафесіі.
— Пасля закрыцця прадпрыемстваў прафесія электрыка для Слуцка зусім непатрэбная, — гаворыць мужчына. — Апошняе мае месца працы было на прыватнай фірме, якая супрацоўнічала з «Беларуськаліем». Фірма зачынілася ў сакавіку 2019 года. Знаходзіў толькі часовую працу па дамове падраду. Зараз выпадкова знайшоў працу на сельскім будаўнічым камбінаце, яшчэ адна вакансія з’явілася ў СУ – 55, але ўжо пасля таго, як знайшоў працу. У цэнтры занятасці не рэгістраваўся, бо не бачыў сэнсу тут быць на ўліку. Памер дапамогі па беспрацоўю складае 25 рублёў, гэта проста смешна, нават няма пра што гаварыць.

img_9277ae40e945801af8ad599d464464ac_v__1__logo.jpg


Алега не здзіўляе «ружовая» лічба ў 0,3% па колькасці беспрацоўных.
— Думаю, што на біржы працы рэгіструецца самае большае толькі 1 з 4 чалавек, — тлумачыць несупадзенне лічбы з дэпрэсіўнасцю рэгіёна мужчына. — Многія мае знаёмыя шукаюць працу ў Мінску, у Салігорску на калійным камбінаце, але адтуль ездзяць вахтавым метадам аж у Петрыкаў. Зарабляюць грошы, але ў выніку вахтавай працы ў некаторых разваліліся сем’і. Ездзяць у Мінск, працуюць па два дні праз два дні. Дзякуй Богу, што Мінск ўсяго ў 100 кіламетрах, і туды ходзяць маршруткі з самага рання.
Чаго тут у Слуцку чакаць? А нічога добрага. Усё зачыняецца, апрача прадуктовых гандлёвых кропак. У крамах з прамысловымі таварамі наведвальнікаў няшмат, чэргі бываюць толькі ў некаторых сэканд-хэндах, калі выкідваюць новы тавар. Колькасць гандлёвых кропак на рынку таксама змяншаецца. Ніякага аптымізму. Дзяржава развівае гарады-спадарожнікі вакол Мінска, укладвае туды інвестыцыі, а пра рэгіянальныя гарады ніхто не клапоціцца. У выніку — хірэюць раённыя гарадкі і аграгарадкі, а неперспектыўныя вёскі зарастаюць лесам. Трэба мяняць усю эканамічную палітыку. Чым раней, тым лепей, — робіць выснову мужчына.