Эканоміка здраднікаў

На ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці Лукашэнка нечакана загаварыў пра падаткі. Пра тое, што ўсе іх павінны плаціць цалкам і ў належным памеры. 



1_nalog_blog1.jpg

Той, хто спрабуе ўтаіць свае набыткі ад мытараў, робіць замах на своеасаблівую маральную здраду Радзіме.  Падаткі ў нас плацяць усе, хто мае афіцыйную працу і заробкі. У іх аўтаматычна забіраецца 12% налічанага заробка. Яшчэ траціна ад заработнай платы таксама аўтаматычна праз бухгалтэрыю пералічваецца ў сацыяльны фонд. Сярод гэтых людзей «маральных здраднікаў» няма, бо іх не можа быць.
У гэтым пытанні ўстаноўлена «жэстачайшая» дысцыпліна. Як у салдацкай казарме. Таму кожны баец марыць схадзіць у самаволку, паглядзець на дзяўчат, а калі пашэнціць, за якую і «патрымацца». Як салдат думае пра жанчын, так амаль што кожны з беларусаў марыць аб падпрацоўцы. І шукае магчымасць нешта зарабіць, гатовы ўзяцца амаль за любую работу, калі яна абяцае добры заробак.

Калі дзяржава ў выглядзе падаткаў забірае 45% ад заробленага, то зразумела, што грамадзяне намагаюцца схаваць свае «прыработкі». Інакш да адной падпрацоўкі спатрэбіцца шукаць і другую, а ў сутках толькі 24 гадзіны.


Такая эканоміка, канешне, мае відавочныя сацыяльныя ды маральныя хібы, але, як гэта не дзіўна, мае і эканамічны падмурак. Калі, прыкладам, падвысіць заробкі так, каб «шабашнікі» адмовіліся ад прыпрацовак, то спыніцца «прыватная эканоміка насельніцтва». Найперш, на вёсцы, у маленькіх гарадскіх паселішчах, дзе амаль усё будаўніцтва, побытавы і вытворчы сервіс увогуле ажыццяўляецца «беспрацоўнымі» беларусамі. Калі гэтых «беспрацоўных» ліквідаваць, нацкаваўшы на іх мытараў, то ад вёскі праз год-два і следу не застанецца. Ні на мясцовасці, ні на адміністратыўнай мапе.
Дзяржаўныя бюджэты нармальных краін, канешне, фармуюцца ў вялікай ступені падаткамі насельніцтва. Але насельніцтва заможнага, якое мае не толькі заробкі, але і нерухомасць, і непрацоўныя набыткі. А што ў нас? Заробкі? Па дадзеных Белстата, намінальная налічаная зарплата ў студзені-маі 2014 года склала 5,68 мільёна рублёў, у тым ліку ў маі — 6,06 мільёна рублёў.

1_europe_tax.gif


Але параўнаем нашы заробкі з нашымі цэнамі. Рэальны заробак у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павысіўся на 3,6%, а інфляцыя (то бок рост цэнаў) — 20% за год. Прадаўцы, бывае, што і праз гадзіну пасля пачатку працы не ведаюць, колькі каштуе тая ці іншая рэч. Не паспяваюць з калькуляцыяй. Гэта значыць, што падвышаюцца ўскосныя падаткі, якія дзяржава выбівае з усіх сваіх жыхароў — ад немаўлят да нябожчыкаў. Першыя растуць, але і апошнія разлічваюцца з дзяржаўнай камунальнай службай.
Той жа Белстат паведамляе, што рознічны гандаль, пры росце заробкаў у 3,6%, у параўнанні з мінулагоднім перыядам, прадаў харчовых тавараў больш на 15,6%. То бок, людзі купілі больш ежы, чым афіцыйна зарабілі на яе. Гэта не аўто, не завушніцы з дыяментамі, грошы на якіх здымаюцца з банкаўскіх рахункаў ці выцягваюцца з панчох, гэта звычайны хлеб надзённы, які купляецца на тое, што прыносіць у дом гаспадар, у тым ліку і з «халтуры». Тое, што ён схаваў ад падаткаў. І калі б не «здрадзіў Радзіме маральна», то дзеці, магчыма, ляглі б спаць галоднымі.
Тым часам, па стане на 1 ліпеня ў 72 арганізацый узнікла запазычанасць па выплаце заробку ў суме 48 мільярдаў рублёў. Невялікая, усяго 0,3% ад фонду заработнай платы за май, але кожны з 12,1 тысячы работнікаў у сярэднім не атрымаў 4 мільёны заробленых грошай. І не заплаціў 12% падаходнага падатку. Але галоўнае ў тым, што гэты змушаны здраднік з хатнімі перабіваецца з хлеба на зацірку. Добра, што паднялася лебяда, крапіва і шчаўе.