Эканоміку заліваюць грашыма

У беларускай эканомікі з'яўляюцца новыя праблемы: пра гэта сведчыць імклівы рост пратэрмінаванай запазычанасці юрыдычных асоб па крэдытах, якая на пачатак сакавіка 2024 года была ў два разы большай, чым у аналагічны перыяд мінулага года.

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_0386_logo_logo.jpg

У мінулым годзе эканоміка прадэманстравала нядрэнныя паказчыкі аднаўленчага росту, і ў значнай ступені гэта адбылося пры падтрымцы крэдытнага імпульсу. Дзякуючы даступнасці крэдытных рэсурсаў бізнес здолеў выстаяць нават пры наяўнасці шматлікіх санкцый, а некаторыя галіны нават прадэманстравалі нядрэнныя тэмпы росту, піша праект "Вашы Грошы".

Аднак варта задацца пытаннем: наколькі гэтая шчодрасць з боку банкаўскай сістэмы ўстойлівая і якія наступствы могуць наступіць у будучыні?

Калі прааналізаваць статыстыку крэдытавання рэальнага сектара эканомікі за апошнія два гады, можна заўважыць, што адбыліся значныя змены. Увядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі пасля выбараў 2020 года і асабліва пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе кардынальна змяніла мясцовы фінансавы ландшафт. У выніку эканоміка страціла сваю шматвектарнасць, засяродзіўшыся на расійскім рынку. Адключэнне беларускіх банкаў ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT значна абмежавала магчымасці для ажыццяўлення плацяжоў, а супярэчлівая пазыковая палітыка ўрада прывяла да адарванасці краіны ад сусветнага рынку капіталу. Гэтыя змены пацягнулі за сабой сур'ёзныя карэкціроўкі ў крэдытна-дэпазітным сектары.

Дынаміка аб'ёму новых крэдытаў, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам у нацыянальнай і замежнай валютах у 2024 годзе, сведчыць не толькі аб падтрымцы эканомікі праз крэдытаванне, але і аб узмацненні такога падыходу. Разам з тым такая шчодрасць мае свае рызыкі і можа прывесці да далёка ідучых наступстваў для эканомікі і грамадства ў доўгатэрміновай перспектыве.

У студзені-лютым 2024 года банкі выдзелілі на крэдытаванне юрыдычных асоб 22,3 мільярда беларускіх рублёў у эквіваленце. З гэтай сумы 17,9 мільярда прыйшлося на новыя крэдыты ў нацыянальнай валюце.

Іншыя сродкі былі выдадзеныя ў замежнай валюце: 276,3 мільёна долараў ЗША, 60,2 мільёна еўра і 82,7 мільярда расійскіх рублёў.

У параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года агульны аб'ём новых крэдытаў у нацыянальнай і замежнай валютах павялічыўся на 36%.

Пры гэтым рост крэдытавання ў нацыянальнай валюце склаў 32%, у доларах ЗША 12%, у расійскіх рублях 73%, а крэдытаванне ў еўра, наадварот, скарацілася на 24%. 

kredity1.jpg

Кіраўнік Нацыянальнага банка Павел Калаур падкрэсліў, што бягучы ўзровень падтрымкі эканомікі банкамі з'яўляецца аптымальным і не ўяўляе пагрозы перагрэву дзякуючы адсутнасці інтэнсіўнага залішняга крэдытавання. Аднак у справаздачах Нацбанка неаднаразова падымалася тэма магчымага пагаршэння эканамічнага становішча з-за празмернага крэдытавання. Такі перагрэў можа прывесці, прынамсі, да паскарэння інфляцыі. У горшым выпадку гэта можа аказаць негатыўнае ўздзеянне на ўстойлівасць ўсёй крэдытна-фінансавай сферы, што можа стаць прыкметай сапраўднага банкаўскага крызісу.

Пра тое, што па меры росту крэдытавання з'яўляюцца новыя праблемы, сведчыць імклівы рост пратэрмінаванай запазычанасці юрыдычных асоб па крэдытах, якая на пачатак сакавіка 2024 года была ў два разы большай, чым у аналагічны перыяд мінулага года. 

kredity2.jpg

Суадносіны новых крэдытаў да валавога ўнутранага прадукту таксама сведчаць аб тым, што ў бягучым годзе крэдытаванне эканомікі апярэджвае паказчыкі мінулага года. У студзені 2024 гэтыя суадносіны склалі 61%, а годам раней яны былі на ўзроўні 51%. За студзень-люты 2024 года паказчык вырас да 64%, тады як годам раней ён складаў 54%.

Прырост крэдытаў у асноўным адзначаецца ў нацыянальнай валюце і расійскіх рублях, а крэдытаванне ў еўра і доларах ЗША цяпер знаходзіцца на нізкім узроўні. Гэта, з аднаго боку, зніжае валютныя рызыкі адносна заходніх валют, але пры гэтым павялічвае сілу і хуткасць перадачы эканамічных узрушэнняў з Расіі на беларускі бізнес.

Рост крэдытавання адбываецца на фоне мяккай грашова-крэдытнай палітыкі. Нягледзячы на павелічэнне ўзроўню сярэдніх працэнтных ставак па крэдытах для бізнесу да 9,7%, крэдыт па-ранейшаму застаецца досыць недарагім пры бягучым узроўні гадавой інфляцыі ў 5,6%. 

kredity3.jpg

Такім чынам, эканоміка працягвае нарошчваць грашовую масу, і гэта сродкі, створаныя з ніадкуль у нікуды. Узровень ставак пры бягучых тэмпах інфляцыі відавочна не стрымлівае крэдытныя апетыты бізнесу, што ў канчатковым выніку можа прывесці да ўзмацнення інфляцыйнага ціску. Рана ці позна дысбалансы, выкліканыя празмерным крэдытаваннем пры адначасовым цвёрдым стрымліванні коштаў, прымусяць улады змірыцца або з запаволеннем эканамічнага росту, або з паскарэннем інфляцыі. У абодвух выпадках наступствы будуць непрыемнымі для кашалькоў беларусаў.