Эксперт: Эканоміка застыла ў чаканні палітычных рашэнняў
Паказчыкі здароўя беларускай эканомікі кажуць, што пакуль сітуацыя не катастрафічная, але эксперты бачаць званочкі, якія паказваюць на будучыя праблемы.
Пра тое, што адбываецца ў эканоміцы і што эксперты чакаюць у найбліжэйшай будучыні, TUT.BY распавёў старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.
— Як сябе адчувае эканоміка, якія можна вылучыць трэнды або асаблівасці?
— Я б аддзяляў эканоміку ад эканамічнай палітыкі. У эканамічнай палітыцы галоўны трэнд апошняга часу — гэта разварот Лукашэнкі ад некаторых рынкавых і ліберальных пастулатаў у бок эканомікі планавай і нацэленай не на фінансавы вынік і павелічэнне ўзроўню жыцця людзей, а на дасягненне нейкай ідэалогіі. Калі раней мы бачылі, што ён радаваўся дасягненням Парка высокіх тэхналогій, то цяпер глядзіць на гэтыя кампаніі толькі з пункту гледжання іх ідэалагічнай вернасці. Тое ж тычыцца любога іншага бізнесу. Мы бачым, што патэнцыйныя дыялогі з экспертамі, міжнароднымі арганізацыямі спыненыя. Калі раней вяліся размовы аб тым, як лепш змяніць дзяржкіраванне на прадпрыемствах, то зараз эканамічная карціна ўспрымаецца як «свае» і «ворагі».
Што тычыцца самой эканомікі, пакуль мы не бачым катастрафічнага падзення ВУП, мы таксама не знаходзімся ў рэцэсіі. Хутчэй, эканоміка замерла ў чаканні палітычных рашэнняў. Але думаю, што ўжо адбываюцца працэсы, якія будуць забяспечваць зніжэнне нашага ВУП і за ім сярэдніх заробкаў у найбліжэйшай будучыні. Калі адбываецца эканамічны крызіс, гэта не выглядае так, што ўсе прадпрыемствы адразу зачыняюцца. Не, старыя прадпрыемствы працуюць, як могуць, у бягучых умовах, пры гэтым новыя прадпрыемствы не адкрываюцца, не робяцца новыя інвестыцыі, інвестыцыйныя партфелі сціскаюцца, а людзі імкнуцца выводзіць свае актывы за мяжу. Тут справа не толькі ў палітычным супрацьстаянні, а проста ва ўзроўні даверу да працы сістэмы.
Праблемы бачныя ва ўсім. Напрыклад, банкаўская сфера фактычна не выконвае сваю асноўную функцыю — трансфармацыю зберажэнняў у інвестыцыі. Глабальны недавер прывёў да таго, што ўзровень дэпазітаў і ў рублях, і ў доларах моцна ўпаў. Зацісканне рублёвай ліквіднасці з боку Нацбанка прыводзіць да таго, што крэдыты становяцца надмерна дарагімі і эканамічна немэтазгоднымі. Наўрад ці ёсць такія вытворчасці, у якіх маржа ў наступным перакрые працэнты па гэткім крэдыце.
Калі пачнецца вострая фаза крызісу, мы не ведаем, але ў цэлым для яе ёсць усе перадумовы. Адна з іх бачная. Гэта магчымы крызіс неплацяжоў. У прадпрыемстваў могуць узнікаць праблемы, якія яны звычайна вырашаюць кароткатэрміновымі крэдытамі, але ў цяперашняй сістэме яны могуць разлічваць толькі на сябе. Калі здарыцца лакальная праблема ў аднаго прадпрыемства, яно можа пачаць не выплачваць даўгі іншым, і так прынцып даміно можа ўплываць на цэлыя галіны эканомікі.
— Якая верагоднасць запуску друкаванага станка дзеля дасягнення эканамічных паказчыкаў, напрыклад, нулявога прыросту ВУП, і ці здольны гэты механізм падтрымаць эканоміку?
— Ці здольны ён дапамагчы? Думаю, што не. Наколькі дасягальная мэта, каб сёлета ВУП не ўпаў наогул? У тэорыі, вядома, дасягальная. Умоўна, калі набраць крэдытаў у Расіі, з іх выплачваць заробкі на заводах, а заводы будуць вырабляць яшчэ больш трактароў, якія пойдуць на склад, гэта павялічыць ВУП. На практыцы гэта была б вельмі дзіўная эканамічная палітыка. У гэтым выпадку вялікія рэсурсы былі б выдаткаваныя толькі дзеля таго, каб адрапартаваць прыгожую лічбу.
У Беларусі доўгі час была сумная традыцыя перыядычна друкаваць грошы, што прыводзіла да наступных дэвальвацый. Але з прызначэннем сучаснага складу праўлення Нацыянальнага банка гэтая практыка была скончаная. Здавалася, што і там, і ва ўрадзе ёсць дакладнае разуменне неабходнасці захавання нізкай інфляцыі, макраэканамічнай стабільнасці, значыць, друкаваць грошы — не выйсце.
Ці захоўваецца цяпер такое разуменне, мы не ведаем. Ці здольны Нацыянальны банк захаваць незалежнасць ад рашэнняў Лукашэнкі і ўрада, мы таксама не ведаем, таму тут, як у анекдоце, 50/50: друкаваць ці будуць, ці не будуць. Мы бачылі першыя званочкі таго, што гэта цалкам рэальна. Напрыклад, вярнулася практыка дырэктыўнага крэдытавання, якую абяцалі пакінуць у падручніках па гісторыі за першы-другі курс. Зразумела, што дзяржаўныя заводы, многія з якіх знаходзяцца ў дрэнным фінансавым стане, востра маюць патрэбу ў ліквіднасці. Адкуль яна будзе прадастаўляцца ў далейшым ва ўмовах заціснутай ліквіднасці ў банкаўскім сектары, мы зноў жа не ведаем.