Эксперты: ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2015 годзе на 3,5 %, праблемай стане беспрацоўе
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2015 годзе можа знізіцца на 3,5 %. Такая ацэнка прыводзіцца ў макраэканамічным прагнозе, прадстаўленым 4 чэрвеня ў Мінску экспертамі Даследчага цэнтра ІПМ і Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі (GET Belarus).
На думку эканамістаў, для зніжэння ВУП сёлета існуюць аб'ектыўныя перадумовы. "Мы чакаем, што ў 2015 годзе ВУП Беларусі скароціцца на 3,5%. Спад ВУП будзе абумоўлены шэрагам прычын: структурная слабасць эканомікі, неспрыяльнае знешняе асяроддзе, адносна жорсткая макраэканамічная палітыка", — гаворыцца ў прагнозе.
Эксперты канстатуюць, што ўлады фактычна ўжо пагадзіліся з тым, што па выніках 2015 года будзе зафіксаваны эканамічны спад. "Сёлета паказчык тэмпу прыросту ВУП перастаў быць "мантрай" для ўлад. Таму беларуская эканоміка ўпершыню за многія гады прадэманструе спад ВУП, хоць глыбіня і працягласць спаду па-ранейшаму застаюцца прадметам дыскусій", — зазначаюць эканамісты.
Аўтары макраэканамічнага прагнозу чакаюць, што рэцэсію ў 2015 годзе зменіць стагнацыя беларускай эканомікі ў 2016-м. "У наступным годзе, хутчэй за ўсё, рэцэсія будзе пераадолена, але нават у гэтым выпадку эканоміка працягне стагнаваць", — прагназуюць эксперты.
Пры гэтым эксперты Даследчага цэнтра ІПМ і GET Belarus зазначаюць, што цяжкасці, з якімі сутыкнулася беларуская эканоміка, непазбежна будуць трансфармавацца ў сацыяльныя праблемы. "На парадку дня для краіны ўзнікае і ўзмацняецца новая эканамічная і сацыяльная праблема — беспрацоўе", — падкрэсліваюць яны.
Як паведамлялася раней, паводле звестак дзяржаўнай службы занятасці Беларусі, каэфіцыент сацыяльнай напружанасці на рынку працы ў краіне істотна вырас за апошні год. "Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі павялічыўся з 0,4 на 1 мая 2014 года да 1,7 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 мая 2015 года", — канстатуюць спецыялісты службы занятасці.
У студзені – красавіку 2015 года сітуацыя на рынку працы Беларусі характарызавалася зніжэннем попыту на рабочую сілу, ростам зваротаў у службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні. Апрача таго, паводле звестак дзяржаўнай службы занятасці, сёлета павялічваецца колькасць выпадкаў рэгістрацыі беспрацоўных, назіраецца рост "напружанасці на рынку працы рэспублікі і рэгіёнаў".
Незалежныя эксперты тлумачаць узніклыя праблемы на рынку працы скарачэннем прамысловай вытворчасці і эканамічным спадам у краіне. Нагадаем, аб'ём прамысловай вытворчасці знізіўся ў студзені—красавіку на 7,5 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, ВУП — на 2,6 %.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН