Хвост пацука — велічыня пастаянная

Улады ліхаманкава шукаюць грошы. Тых 800 мільёнаў, што выдалі са стабілізацыйнага фонду ЕўраЗЭС, хопіць толькі на тое, каб не дапусціць далейшага абвастрэння сітуацыі да пачатку восені.



cf040fc71060367913e81ac1eb050aea.jpg

Улады ліхаманкава шукаюць грошы. Тых 800 мільёнаў, што выдалі са стабілізацыйнага фонду ЕўраЗЭС, хопіць толькі на тое, каб не дапусціць далейшага абвастрэння сітуацыі да пачатку восені.
Безумоўна, багатыя людзі, краіны і ўстановы на свеце ёсць. Яны любяць даводзіць бедным, як трэба жыць і працаваць, каб разбагацець. Асабліва калі даюць каму з бедных якую пазыку. Тут нават умовы ставяць — рабіць тое і тое, каб пазыку вярнуць, ды яшчэ і зарабіць на ёй добрыя грошы. Прыкладам, Расія кажа, што трэба зрабіць прыватызацыю беларускай маёмасці, адкрыць у краіну шлях для буйнога замежнага капіталу, даць магчымасць для развіцця свайго дробнага бізнэсу.
Цікава, што патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду ў цэлым супадаюць з расійскімі парадамі, але выглядаюць больш падрабязнымі. Калі паслухацца дарадцаў з МВФ, то давядзецца абвяшчаць пра канчатковы пераход Беларусі да класічнага капіталізму, які на самай справе і ёсць натуральнай рынкавай эканомікай. У арганізацыйным плане гэта азначае фактычную ліквідацыю (у параўнанні з сённяшняй практыкай) усялякага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку.
Па маштабах — гэта амаль што злом усёй магутнай дзяржаўнай машыны і перагляд функцый міністэрстваў і чыноўніцтва, якое застанецца. У прыватнасці, прэзідэнт будзе пазбаўлены права выязджаць у гаспадаркі быццам для праверкі якасці выкання работ. Бо на самай справе сялян трасе як у ліхаманцы некалькі тыдняў напярэдадні візіту і некалькі тыдняў пасля. Калі прэзідэнту спатрэбіцца правесці прэсавую канферэнцыю ў прамым эфіры, то яго адміністрацыя павінна будзе звяртацца да прыватных каналаў за дазволам і плаціць за гэта велізарныя грошы.
Вось такая перспектыва, якая цяперашнім уладам і ў страшным сне не сасніцца.
Грошы ёсць не толькі на Захадзе. Прыкладам, калі б кожны кітаец даў Беларусі па некалькі юаняў, то ў эквіваленце атрымалася б велізарная сума, якой, на думку Лукашэнкі, яму хапіла, каб канчаткова адбудаваць краіну. Гэта значыць мучыць беларусаў недарэчнымі праектамі яшчэ чорт ведае колькі часу.
Дык вось, кітайцы нікога вучыць не збіраюцца. Яны даюць крэдыты, але толькі пад закупку кітайскіх тавараў ды тэхналогій. Зарабляюць на працэнтах і адначасова захопліваюць новыя для сябе рынкі. Такую форму эканамічнай экспансіі абрала для сябе Кітайская Народная Рэспубліка. Шмат хто з былых савецкіх і постсавецкіх кіраўнікоў спрабаваў зрабіць тое ж самае, але ніхто поспеху не меў. Бо для гэтага трэба быць кітайцамі. Як казаў Лукашэнка, працаваць па 25 гадзін на суткі ўсяго толькі за міску рысу. Ён нават прапанаваў зрабіць тое ж самае і падначаленаму народу і ўжо нават падняў кошты рысу амаль да коштаў «народнай ялавічыны». Гэта значыць мяса другога гатунку, якое каштуе столькі, колькі і рысавыя крупы, але танней, чым грэчка.
Ужо відавочна, што беларусы на такія прапановы не адгукнуліся, бо лічаць сябе ўсё ж еўрапейцамі, а не азіятамі. Што казаць, па этнічнаму складу Беларусь ці не самая «белая» краіна ў свеце. А што ў людзей заробкі, як у чарнаскурых у Афрыцы, то так склалася гістарычна. Калі краінай пачаў кіраваць былы настаўнік гісторыі і эканаміст-завочнік, у свядомасці якога ўсё пераблыталася. Вершы з прозай, Сапега з Ціцянковым, рынкавыя стасункі з размеркаваннем камбікорму.
Зусім нездарма пры Саветах, калі да дзяржаўнага руля сталі падпускаць кухарак, генетыку абвясцілі рэакцыйнай імперыялістычнай ілжэнавукай. Бо лічылася, што кухаркі не толькі здольныя да дзяржаўнага кіравання, але яны ж ёсць і найлепшымі кіраўнікамі. Лічылася, што, з аднаго боку, кіраванне грамадствам стане вельмі простай справай, а з другога — набытыя ў кіраванні навыкі стануць перадавацца ад бацькоў дзецям у спадчыну як набытыя праз эвалюцыю.
Гэта была ілжывая пасылка. Як паказаў яшчэ Артур Вейсман, такім чынам навыкі не становяцца саманабытымі і не могуць перадавацца спадчынным шляхам. Ён адсякаў хвасты ў пацукоў бесперапынна ў 19 пакаленняў, аднак даўжыня хваста заставалася нязменна пастаяннай. Вось так. Атам можа быць невычэрпным у структурным сэнсе, дзярмо — у колькасным, а даўжыня хваста ў пацука — велічыня пастаянная.
Скажаце, звяры — гэта адно, а людзі — зусім іншае. Правільна, у ходзе эвалюцыі чалавеку неяк удалося пазбавіцца хваста і набыць многа вельмі слушных для яго генетычных асаблівасцей. Але ж пры гэтым кожная асоба з маленства да смерці застаецца ў нечым велічынёй пастаяннай, не здольнай да пераменаў.