Як скараціць беспрацоўе ў 30 разоў? «Правільна» палічыць

Белстат заяўляе, што ўзровень занятасці насельніцтва ў Беларусі ў другім квартале 2023 года склаў 67,6%, а ўзровень беспрацоўя — 3,4% ад колькасці працоўнай сілы. Пры гэтым Мінпрацы кажа толькі пра 0,1% беспрацоўных. Хто мае рацыю?

Фота з navro.org

Фота з navro.org

Трыццаціразовая разбежка, як і вельмі многае ў беларускай эканоміцы, тлумачыцца метадалогіяй падліку, тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы».

У адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), беспрацоўным лічыцца чалавек ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў, які актыўна шукае працу і гатовы прыступіць да яе ў бліжэйшы час. Такіх у першым паўгоддзі аказалася 3,4% ад працоўнай сілы, або каля 180 тысяч чалавек.

А вось Міністэрства працы да беспрацоўных адносіць толькі тых, хто стаў на ўлік на біржу працы. Колькасць такіх аказалася, канечне, куды меншай — усяго 0,1%. Прычына каласальнай разбежкі ў ацэнках банальная.

Тыя, хто стаіць на ўліку як афіцыйна беспрацоўны, атрымліваюць да непрыстойнасці нізкую дапамогу, павінны выбіраць з прапанаваных ім не самых цікавых вакансій, а ў перыяд знаходжання ў статусе беспрацоўнага могуць прыцягвацца на грамадскія працы. Пры такім падыходзе да справы станавіцца на ўлік не толькі не карысна, але і шкодна.

Аднак нават МАПаўскі ўзровень беспрацоўя не адлюстроўвае рэальнае становішча рэчаў. Але паколькі адэкватнай сацыялогіі ў Беларусі няма, стан і перспектывы рынку працы становяцца цёмным лесам не толькі для экспертаў і аналітыкаў, але і працадаўцаў і суіскальнікаў.

А яшчэ для чыноўнікаў, праца якіх закліканая рэгуляваць гэты рынак. Ці варта здзіўляцца, што прымаюцца меры нізкаэфектыўныя або несвоечасовыя?

Глядзіце таксама