Як Трамп стаў прычынай сыходу з Беларусі залатога інвестара з Эміратаў
Кіраўнік кампаніі Emaar Properties з ААЭ Мухамед Алі Алабар, які меў сустрэчы з дыктатарам Лукашэнкі і планаваў вялізныя інвестыцыі ў Беларусі, памахаў рукой і вырашыў прадаць усе актывы ў нашай краіне.
Арабскі мільярдэр у 2022 годзе атрымаў асабістую аўдыенцыю ў Лукашэнкі і меў намер інвеставаць чатыры мільярды даляраў у праект «Паўночны бераг» у Мінску, прыняў рашэнне сысці з Беларусі, паведамляе Reuters.
Шматфункцыянальны комплекс будуецца на ўскрайку сталіцы. Раней паведамлялася, што праект быў разлічаны да 2040 года.
Як звяртае ўвагу аглядальнік Аляксандр Фрыдман, "перад Алабарам адкрываецца перспектыва буйнога сумеснага праекта з зяцем Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам у Сербіі".
У мінулым месяцы Кушнер заявіў агенцтву Reuters, што вядзе перамовы аб інвестыцыях у Бялградзе, сталіцы Сербіі, каб перабудаваць армейскі будынак , але сказаў, што гэтая ўгода знаходзіцца ў стадыі перамоваў і можа не адбыцца.
Што тычыцца Сербіі, эмірацкі мільярдэр сказаў, што «пазітыўна глядзіць на супрацоўніцтва з Кушнерам» і «вельмі рады развіццю на рынку». Ён не стаў удакладняць, што будзе прадугледжваць партнёрства.
Чалавек, знаёмы з планамі Кушнера ў Сербіі, сказаў, што Алабар удзельнічаў у рэканструкцыі ў якасці дарадцы, і пакуль занадта рана казаць, ці будуць Эміраты таксама інвеставаць у гэта. Каментаваць дзейнасць Алабара ў Беларусі ён адмовіўся.
Агенцтву Reuters не ўдалося вызначыць, хто прапанаваў набыць долі Алабара ў мінскай забудове, а таксама ўмовы папярэдняй здзелкі.
Супрацоўніцтва з блізкім сваяком былога (а можа быць і будучага) прэзідэнта ЗША, яму куды важней за інвестыцыі ў Беларусі.
Кушнер жа клапоціцца аб сваёй рэпутацыі: дзелавы партнёр, які працуе ў Беларусі, можа стаць праблемай. Асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.
"Салiдарнасць", у сваю чаргу, нагадвае, што ў бізнесмена Джарэда Кушнера ёсць карані ў Навагрудку. Муж Іванкі Трамп сам расказаў пра тое, што з'яўляецца прамым нашчадкам беларускіх партызан.
У 2019-м тагачасны кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, а таксама прадстаўнікі зяця Трампа і сваякі іншых уцекачоў з гета, адкрылі ў Навагрудку мемарыял.
У 1943-м у ноч перад яўрэйскім новым годам 250 чалавек змаглі ўцячы. Сярод тых, хто выжыў, была і бабуля Джарэда Кушнера. Яна, як і некаторыя іншыя, дабралася да лесу і ўступіла ў партызанскі атрад. Тамака яна сустрэла свайго мужа.
Раней у інтэрв'ю Кушнер казаў, што памятае пра сваіх беларускіх продкаў.