Інвестыцыі — у вайну і турму. Чаму буксуе дзяржаўная інвестыцыйная праграма

У Беларусі апублікавалі дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Падрабязна па міністэрствах і ведамствах распісалі, каму і колькі дадуць грошай з бюджэту ў 2024 годзе. І арыентыровачна — што яны атрымаюць у 2025 і 2026 гадах. Прыярытэты праграмы не здзіўляюць.

img_2804_logo_1.jpg

Галоўная выснова, якая ўзнікае ў выніку аналізу прыярытэтаў, — улады рыхтуюцца ваяваць. І працягнуць ператвараць краіну ў турму, піша Іван Карповіч у Plan B.

Ключавымі бенефіцыярамі большай часткі прамых транзакцый з рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага Фонду нацыянальнага развіцця ў 2024 годзе з'яўляюцца сілавыя ведамствы. У 2025-2026 гадах пад іх «інвестыцыйную» дзейнасць грошай прадугледжана яшчэ больш.

Паміж Сцылай (Мінабароны) і Харыбдай (МУС)

У рамках праграмы найбуйнейшым атрымальнікам прамых грошай з рэспубліканскага бюджэту ў 2024-м стане Міністэрства абароны. З агульнай сумы 751,5 млн рублёў яму прызначаныя 125,4 млн. Большая частка (73,7 млн) — на будаўніцтва неназваных аб'ектаў у Магілёўскай вобласці.

Яшчэ 40,6 млн — на ўзвядзенне вайсковага гарадка і палігона каля межаў Украіны — на Гомельшчыне. Зусім крыху (8,3 млн) — на жыллё.

Другі па значэнні бенефіцыяр — МУС з унутранымі войскамі і калоніямі. Міністэрства з нададзенымі структурамі разлічвае на засваенне 84,6 млн рублёў. Яны пойдуць на будаўніцтва навучальнага комплексу з інтэрнатамі для будучых вартавых парадку, рэканструкцыю ваенных гарадкоў для ўнутраных войскаў, будаўніцтва новага комплексу для следчага ізалятара па Мінску і Мінскай вобласці і ўзмацненне ахоўнай інфраструктуры ў калоніі ў Віцьбе.

Для параўнання: з грамадзянскіх найбольшыя аб'ёмы інвестыцыйных уліванняў запланаваныя для Міністэрства аховы здароўя. І там — сціплыя 58 млн рублёў.

А ў інвестпраграме ёсць яшчэ КДБ. Яму пад адзін трэніровачны «тактыка-спецыяльны комплекс» у пасёлку Баравая выдаткоўваюць амаль палову сумы для ўсёй аховы здароўя (27,7 млн).

Ёсць у спісе атрымальнікаў яшчэ Дзяржкамваенпрам, Следчы камітэт, Вярхоўны суд. Нарэшце, Генеральная пракуратура. Разам з усімі імі сілавікам прызначана ў 2024 годзе 261,9 млн рублёў або 35% ад усяго аб'ёму прамых інвестыцыйных выдаткаў з бюджэту.

У 2025 годзе сілавую долю, як вынікае з дакумента, плануюць павялічыць амаль да 55%. Лідарам стане МУС. А ў 2026-м — да 80% (зноў у прыярытэтах Мінабароны).

Глядзіце таксама

Фонд нацыянальнага развіцця — арміі і міліцыі

Аднак калі вы думаеце, што вышэйпералічаныя сумы — гэта ўсё, што атрымаюць сёлета на інвестыцыйную дзейнасць сілавікі, то памыляецеся. Ім прызначаныя (на будаўніцтва аб'ектаў) 80% сродкаў з 550 млн рублёў, што выдаткоўваюцца ў 2024 годзе з дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага Фонду нацыянальнага развіцця.

У галоўных бенефіцыярах фонду — Мінабароны, МУС з унутранымі войскамі, Дэпартаментамі выканання пакаранняў і аховы, КДБ, СК. Дадаткова прапісалі ў інвестпраграме па гэтай крыніцы пагранічнікі (звыш 130 млн), Дзяржкамітэт судовых экспертыз, Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, ААЦ і Служба бяспекі прэзідэнта.

Сілавікі застануцца галоўнымі атрымальнікамі сродкаў з Фонду нацыянальнага развіцця ў 2025 і 2026 годзе. Пры гэтым яго гадавы аб'ём фінансавання плануецца нарасціць у два разы. Амаль да 1 млрд рублёў.

«Нікому не верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу адкрыта», — нядаўна заяўляў Лукашэнка. Як тут не паверыць яму, гледзячы на вышэйпрыведзеныя лічбы. І ў тое, што народа ён баіцца ў роўнай меры, як і НАТА, якое грукоча гусеніцамі ля беларускіх межаў.