Бюджэт-2024. Хто будзе самым «багаценькім Бураціна» ў наступным годзе?

Праект «Вашы грошы» вывучае нядаўна апублікаваны праект рэспубліканскага бюджэту і спрабуе больш уважліва прасачыць, у якіх арганізацыях дзяржаўнае фінансаванне будзе адчувальна расці, а ў якіх, наадварот, падаць. Бо гэта красамоўна дэманструе прыярытэты ўлад.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Нагадаем, што гаворка тут толькі пра рэспубліканскі бюджэт, які з'яўляецца часткай (хоць і немалой) кансалідаванага бюджэту. Кансалідаваны бюджэт уключае ў сябе таксама бюджэты абласцей, гарадоў і раёнаў, з якіх фінансуецца, напрыклад, ільвіная доля «сацыялкі», асабліва – адукацыі і аховы здароўя.

Таксама ў гэтым аглядзе мы не краналі велізарных грошай, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту на падтрымку абласцей, таму што гэта вельмі агульныя напрамкі, якія не дазваляюць убачыць прыярытэты.

Такім чынам, як выглядае ТОП-10 ведамстваў — атрымальнікаў бюджэтных сродкаў.

На першым месцы — Міністэрства абароны, якое атрымае 3 млрд 818 млн рублёў, пры гэтым рост фінансавання адносна цяперашняга года склаў 27%. З улікам цяперашняй сітуацыі і рыторыкі, якую мы ўвесь час чуем ад урада, прыярытэт прадказальны. Але калі паглядзець на долю, якую займае «абаронка» ў рэспубліканскім бюджэце (8%, і фінансуецца яна толькі адтуль), становіцца зразумела, што нават з улікам росту яна пакуль не такая вялікая.

Следам ідзе Міністэрства аховы здароўя, якому плануецца вылучыць 2 млрд 361 млн рублёў (у параўнанні з 2023 годам прырост на 19%). Прыбаўка добрая, асабліва ўлічваючы, што, як мы паказвалі раней, ільвіная доля (каля 80%) фінансавання сістэмы аховы здароўя здзяйсняецца з мясцовых бюджэтаў.

Тут варта разумець, што грошы гэтыя, хутчэй за ўсё, вылучаюцца не на прарыўныя медыцынскія даследаванні і закупку ультрасучаснага абсталявання, а на падтрыманне стану медыцыны на існуючым узроўні. Бо пасля шматлікіх санкцый, праблем з транспарціроўкай тавараў і грузаў з Еўрасаюза кошт імпарту многіх матэрыялаў і камплектуючых, у тым ліку і ў медыцынскай сферы, значна вырас. І ўзніклі дзіркі, што трэба неяк затыкаць.

Успомнім яшчэ адзін сацыяльны фактар: чыноўнікі — у асноўным людзі старэйшага пакалення, тэма здароўя ім блізкая, і эканоміць на ёй сабе даражэй.

Фінансаванне Міністэрства прамысловасці вырасце ў параўнанні з цяперашнім годам на 39% да 2 млрд 234 млн рублёў. Хутчэй за ўсё, у гэтым росце закладзены патрэбы імпартазамяшчальных праектаў, у тым ліку накіраваных на задавальненне патрэб Расіі.

Праўда, варта адзначыць: нягледзячы на тое, што беларускія ўлады зрабілі на гэты працэс вялікую стаўку, яна дрэнна спрацоўвае. Мы бачым, што на расійскім рынку нішы, якія вызваліліся, вельмі хутка займаюць вытворцы з Кітая, Ірана, Узбекістана і г.д, якія са страшнай лёгкасцю выціскаюць «купляйце беларускае» не толькі канкурэнтнай цаной, але і часцяком — лепшай якасцю.

На чацвёртым месцы размясціўся «Беларусбанк», які атрымае 2 млрд 65 млн, рост фінансавання ў параўнанні з цяперашнім годам складзе 12%. Трэба сказаць, што ў большасці сваёй гэтыя грошы — пенсіі, якія ў нас у краіне індэксуюцца, нават растуць у рэальным выражэнні, а значыць, патрабуюць усё большую колькасць фінансавання.

Тут важна ўдакладніць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе выключна аб пенсіях вайскоўцаў. Выдаткі на іх закладзены ў рэспубліканскім бюджэце, каб не залежаць ад праблемнага і вечна датацыйнага ФСАН. Акрамя таго, у сродках, якія атрымлівае банк з бюджэту, закладзена падтрымка будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай.

Адчувальна зменшыцца падтрымка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У 2024 годзе яна па плане складзе 1 млрд 809 млн рублёў, знізіўшыся на 9% адносна да цяперашняга года. Грошай у ФСАН пастаянна не стае, і іх дакідаюць з рэспубліканскага бюджэту. Верагодна, у наступным годзе, у сувязі з небывалым ростам надзьмутых заробкаў (а менавіта ад іх, у першую чаргу, залежыць, колькі збярэ фонд), плануецца, што падтрымка дзяржавы будзе не настолькі моцна запатрабавана. Дадамо да гэтага, што пасля пандэміі шэрагі пенсіянераў прыкметна парадзелі. Вось такая сумная эканомія.

Глядзіце таксама

А вось у Міністэрства транспарту мы адзначаем магутны рост на 85% — з 1 млрд 96 млн у гэтым годзе да 2 млрд 34 млн у наступным.

Прапаганда, вядома, будзе імкнуцца падаць гэта як выбітнае сацыяльнае дасягненне, але — не верце. Прычыны росту вымушаныя: доўгія гады «беларускі цуд» з добрымі дарогамі забяспечваўся стабільнай і высокай падтрымкай ад розных міжнародных фінансавых структур (агулам ад іх прыйшло блізу $900 млн). У апошнія гады гэтая дапамога прадказальна перапынілася, і з дарогамі адразу пачалася вялікая бяда.

Вялікае пытанне, ці хопіць павялічанага бюджэтнага фінансавання на тое, каб дарожная сетка не разбуралася так хутка, як гэта адбываецца цяпер.

Выдаткі на МУС вырастуць на 15% да 1 млрд 653 млн рублёў. Стабільны рост фінансавання сілавых структур у нашай краіне ні ў каго цяпер не выклікае здзіўлення, таму асабліва каментаваць тут няма чаго. «Вартавыя парадку» і так атрымліваюць сёння высокія заробкі, і відаць, што будуць атрымліваць яшчэ трохі больш.

Адзначым, што МУС, як і Мінабароны, практычна цалкам фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту. Гэта прынцыповая пазіцыя — сілавікі павінны карміцца з «цэнтра», каб у іх не ўзнікла спакуса абараняць у нейкі момант інтарэсы таго ці іншага рэгіёна.

Восьмае месца займае Міністэрства адукацыі, фінансаванне на яго таксама павялічылася на 15% у параўнанні з мінулым годам да 1 млрд 97 млн рублёў. Нагадаем, што гэта далёка не ўсе грошы, што выдаткоўваюцца на гэтую сферу, асноўная частка фінансавання пройдзе па мясцовых бюджэтах. Тут жа мы бачым рэсурсы, якія будуць накіраваны ў першую чаргу на падтрымку буйных ВНУ і функцыянаванне чыноўніцкага апарата.

Нагадаем, што на сённяшні момант сярэдняя зарплата настаўнікаў знаходзіцца «ніжэй за плінтус», таму, у адрозненне ад сытых прадстаўнікоў МУС, яе павышэнне нават на 15% наўрад ці паставіць педагогаў вышэй за «рысу выжывання».

На дзявятым месцы размясціўся Мінсельгасхарч, які атрымае 1 млрд 38 млн рублёў (рост на 17%). Большая частка гэтых грошай пойдзе на розныя праграмы падтрымкі аграпрамысловага комплексу. Вялікі калгасны эксперымент у краіне працягваецца ўжо не першае дзесяцігоддзе, а адрасатаў з «абасратымі каровамі» для такога роду дапамогі — дастаткова.

Закрывае наш топ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Па сутнасці, з'яўляючыся сёння таксама сілавой структурай, ратавальнікі ўдастоены ўвагі ўлад, іх фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту вырасце да 549 мільёнаў, што на 9% больш, чым летась. Па сутнасці, гэтых грошай будзе дастаткова для падтрымання цяперашняга сацыяльнага стандарту ў разуменні ўлад: каб своечасова тушылі, ратавалі, а калі спатрэбіцца — станавіліся «пад ружжо».

А цяпер коратка паглядзім на лідараў па росце выдзеленых сродкаў у 2024 годзе.

На першым месцы апынуўся Цэнтрвыбаркам, у якога плануецца маса спраў, звязаных з тым, што ў іншых краінах прынята называць выбарамі, а ў нас, хутчэй — электаральнымі мерапрыемствамі. Іх набліжэнне дазволіла павялічыць фінансаванне гэтай структуры на 755% да 34 мільёнаў рублёў.

За ім ідзе Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт, фінансаванне якога павялічаць на 342% да 18 мільёнаў рублёў. Відавочна, што гэта — наступства мілітарызацыі.

Глядзіце таксама

Тройку закрывае Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, рост складзе 258% да 11 мільёнаў рублёў. Сума нават пасля такога выбуховага росту адносна невялікая, але нешта нам падказвае, што шараговыя прадпрымальнікі, якім сапраўды патрэбна дапамога, з гэтых грошай не ўбачаць і капейкі. Большая частка пойдзе правераным, ідэалагічна слушным бізнесменам.

Аб падтрымцы Мінтранса, які размясціўся на чацвёртым месцы, мы ўжо пісалі вышэй.

Адзначым рост фінансавання Нацыянальнай акадэміі навук на 144% да 453 мільёнаў рублёў, па інфармацыі, якая прасочваецца, мы выкажам здагадку, што грошы гэтыя пойдуць не на фундаментальныя даследаванні, а, хутчэй, на распрацоўкі, блізкія да ваеннай прамысловасці.

Значнае павелічэнне фінансавання Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза (142% і 141% адпаведна) красамоўна кажа аб абраным (верагодна, цяпер ужо — вымушаным) міжнародным вектары, які давялося прыняць нашаму ўраду.