Кабякоў патрабуе ад ураду аднаўлення эканамічнага росту

Прыняцця аператыўных і сістэмных мер для аднаўлення эканамічнага росту запатрабаваў ад урада прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.



get_img157.jpg

"Ад Савета міністраў патрабуецца прыняцце аператыўных і сістэмных мер, каб пашырыць вузкія месцы ў эканамічным развіцці, не парушаючы збалансаванасці эканомікі. Галоўнай задачай урада і Нацыянальнага банка ва ўмовах няўстойлівасці і высокай нестабільнасці на сусветных рынках было і ёсць забеспячэнне макраэканамічнай ўстойлівасці і захаванне неабходнага ўзроўню сацыяльнай абароны насельніцтва", — заявіў Кабякоў 17 лістапада на пашыраным пасяджэнні Саўміна, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў студзені-верасні.

Па словах Кабякова, якія прыводзіць прэс-служба ўрада, краіна ў поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны разлічваецца па валютных даўгах без шкоды для міжнародных рэзервовых актываў. На пагашэнне асноўнага доўгу накіроўваецца прафіцыт рэспубліканскага бюджэту, які па выніках дзевяці месяцаў склаў 16,4 трлн. рублёў, або 2,6 % ВУП.

"Валютны рынак стабільны, чысты продаж валюты насельніцтвам і суб'ектамі гаспадарання з пачатку года амаль 350 млн. долараў. Збалансаваны знешні гандаль. Па сальда гандлю таварамі і паслугамі маем лепшы вынік за апошнія 15 гадоў — за дзевяць месяцаў 1,2 млрд. долараў. Як вынік, палепшыўся стан плацежнага балансу краіны", — сказаў Кабякоў. Акрамя таго, выконваюцца ўсе абавязацельствы бюджэту па сацыяльных выплатах, па дзяржаўнай падтрымцы рэальнага сектара эканомікі.

Разам з тым па выніках студзеня-верасня эканамічнага росту не адбылося. "ВУП ніжэй мінулага года на 3,7 % за дзевяць месяцаў, на 3,9 % — за дзесяць месяцаў. Аб'ёмы прамысловай вытворчасці апошнія тры месяцы стаяць на ўзроўні 92,9 %. Гэта значыць па прамысловасці не падаем, але і не расцём", — адзначыў кіраўнік урада. Паводле яго слоў, найбольшую зніжэнне вытворчасці прадукцыі дапушчана ў арганізацыях Мінпрама, Мінбудархітэктуры, канцэрнаў "Беллегпрам", "Беллеспаперапрам", "Белдзяржхарчпрам". "Не забяспечваюцца заяўленыя параметры развіцця АПК. Усе рэгіёны па параметрах вырабленага валавога рэгіянальнага прадукту не дасягнулі ўзроўню мінулага года. Найбольшае адставанне склалася ў Мінску і Віцебскай вобласці", — сказаў Кабякоў.

Ён паставіў задачу забяспечыць аднаўленне эканамічнага росту, выконваючы тры асноўныя прыярытэты: не нарошчваць знешні доўг, максімальна знізіць залежнасць ад знешніх фактараў, забяспечыць устойлівы збалансаваны рост без раскручвання інфляцыйнай і дэвальвацыйнай спіраляў.

"Асноўныя крыніцы росту на гэтым этапе і пры такіх умовах — экспарт і інвестыцыі", — лічыць Кабякоў.

БелаПАН