Каго непакоіць пах нафты?

Беларусь і Расія ўзгаднілі аб’ём паставак нафты. Дамоўленасць была дасягнута вечарам 12 сакавіка падчас перамоў у Маскве першага віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі і намесніка старшыні ўрада РФ Аркадзя Дварковіча



20121010_rus_oil_t.jpg

У другим квартале Расія паставіць 5,75 мільёна тон нафты, паведаміла прэс-сакратар расійскага віцэ-прэм’ера Алія Самігуліна.

Але трэба адзначыць, што гэта не зусім тое, чаго чакаў беларускі бок. Беларускі бок жадае гадавога кантракту і ўпэўненасці ў будучыні. Але гадавы кантракт на аб’ём 23 мільёна тон не падпісаны.

Масква настойвае на тым, каб нафты даваць Беларусі для перапрацоўкі «упрытык», — толькі 18,5мільёнатон, хаця нашы нафтаперапрацоўчыя заводы здольныя на большае. Расіяне былі не вельмі ўсцешаныя, калі «лішняя» нафта ў мінулыя гады сыходзіла з Беларусі пад выглядам распушчальнікаў і разбаўляльнікаў. Зараз, пэўна, Масква знайшла выйсце ў тым, каб паставіць пад жорсткі кантроль колькасць нафты падпісаннем толькі кароткатэрміновых кантрактаў — на тры месяцы. Менавіта такую схему навязваюць зараз Беларусі. Беларусь, зразумела, не пагаджаецца, бо ў такім выпадку «няма стабільнасці».

З іншага боку, Крэмль можа «трымаць паўзу» і па палітычных матывах — 15 сакавіка ў Санкт-Пецярбурзе павінна адбыцца пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Зараз на гэты Дзяржсавет беларуская дэлегацыя паедзе, канешне, не зусім з пустымі рукамі. Хоць кароткатэрміновы кантракт па пастаўках нафты, але ёсць. Але, калі б была дамоўленасць па нафце на год, то на беларускую дэлегацыю ўжо не так моцна можна было б ціснуць. А калі зараз такой дамовы няма, дый «сінявокія» хочуць яшчэ і 2 мільярда долараў крэдыту атрымаць «на мадэрнізацыю», — то тады з беларускіх прадстаўнікоў там можна вяроўкі віць. Зразумела, «старэйшы брат» гэтым і скарыстаецца.

Тым больш, што ў лютым гэтага года Пуцін і Назарбаеў правялі двухбаковую сустрэчу. У адсутнасці Аляксандра Лукашэнкі яны дамовіліся інтэнсіфікаваць стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы і прасоўванне ў бок Еўразійскага эканамічнага саюза. Цалкам эканамічны саюз павінен запрацаваць ужо хутка — у 2015 годзе. Таму Лукашэнку могуць паставіць перад фактам: інтэнсіфікавацца як мага хутчэй. А калі не — адключаць нафту.

Але што рускаму добра, то немцу смерць, і наадварот. Пакуль дзяржавы заклапочаныя маштабнымі праектамі, шараговыя грамадзяне Беларусі і Расіі застаюцца ў выйгрышы. У Расію ідзе танны беларускі бензін, а з Расіі, вядома, грошы за гэты бензін.

Кошты на бензін як на біржы, так і на пазабіржавым рынку Расіі ў пачатку сакавіка раптам пачалі зніжацца, паведамляюць расійскія СМІ. Прычыны такога, як пішуць расійцы, «незвычайнага для дадзенага часу года» зніжэння выкліканыя паніжэннем коштаў на нафтапрадукты ў Еўропе і ростам паставак паліва з Беларусі.

Беларускія вытворцы бензіну забяспечылі на мінулым тыдні больш за 20% пагадненняў па АІ–92 на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы. Пры гэтым бензін у Расію вязе не толькі Беларуская нафтавая кампанія, але і расійскія вертыкальна інтэграваныя нафтавыя кампаніі, якія перапрацоўваюць у Беларусі нафту па давальніцкай схеме.

У панядзелак ЛУКОЙЛ у адрасным рэжыме прадаў «Раснафце» праз біржу 5 тысяч тон АІ–92, вырабленага ў Беларусі, — здзелка прайшла па ніжняй мяжы рынку. Дзякуючы зніжэнню ў апошнія тры тыдні сусветных коштаў на нафту беларускія НПЗ, якія традыцыйна працуюць на арбітражы паміж рынкамі Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і Польшчы, могуць без асаблівых страт для сябе знізіць кошты на бензін, які пастаўляецца ў РФ яшчэ на 700 расійскіх рублёў на тону.

У выніку, на пачатак сакавіка расійскі рынак нафтапрадуктаў, па меншай меры, яго біржавы сегмент, апынуўся рынкам пакупніка, і цяпер прапанова бензіну перавышае попыт.

«У гэтай сітуацыі няма нічога незвычайнага ў тым, што беларускія заводы дэманструюць добрую волю, павялічваючы пастаўкі бензінаў на расійскі рынак. Гэта датычыцца і расійскіх нафтавых кампаній, якія перапрацоўваюць нафту ў Беларусі — яны павінны быць гатовыя да пытанняў, якія могуць быць зададзены па вяртанні прадукту», — кажуць расійскія аналітыкі.

Удзельнікі рынку не выключаюць, што сітуацыя можа разгарнуцца ў адваротны бок ужо ў трэцяй дэкадзе сакавіка, калі расійскія НПЗ пачнуць спыняцца на прафілактыку.

Здаецца, Расія зразумела, што, калі ў гэты час у беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў не будзе хапаць нафты, то ні аб якой «добрай волі» беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў не можа быць і размовы. А на расійскім рынку можа раптам узнікнуць дэфіцыт бензіну. Сітуацыя абвострыцца не толькі пастаноўкай расійскіх НПЗ на прафілактыку, і не толькі недахопам нафты на беларускіх НПЗ, але яшчэ і тым, што ў Беларусі пачнецца пасяўная кампанія. Традыцыйна, падчас яе ніводнай кроплі паліва не павінна сыходзіць «налева» (прынамсі, так кожны раз дэкларуецца). Гэтым разам «злева» можа апынуцца Расія.

Так што, асэнсаваўшы ўсе небяспекі, а асабліва тое, што братэрскай Расіі таксама штосьці трэба заліваць у бакі сельскагаспадарчай тэхнікі, бакі проста вымушаныя былі падпісаць кароткатэрміновы, але кантракт.

Але калі нафта скончыцца ўлетку, асаблівай патрэбы ў бензіне не будзе — пасяўная скончыцца, дый наступіць час адпачынкаў, калі ўсе паставяць машыны на прыкол і з’едуць у цёплыя краіны. І па «трэцім траншу нафты» Беларусі будзе дамовіцца значна складаней.