«Канец біткоіна будзе кепскі» — Эканамічны форум у Давосе
Біткоін можа праіснаваць і 100 гадоў, але больш верагоднае ягонае фіяска, заявіў на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе лаўрэат нобелеўскай прэміі ў эканоміцы Роберт Шылер, паведамляе "Радыё Свабода" .
Паводле прызнанага ў свеце эканаміста, біткоін мае каштоўнасць толькі тады, калі ёсць распаўсюджанае меркаванне, што ён яе мае. У адрозненне, напрыклад, ад золата, вартасць якога не змяняецца, калі людзі вырашаць не інвеставаць у яго.
Сябра назіральнай рады фінансавай групы UBS Аксель Вебер заявіў, што яго кампанія «не раіла б крыптавалюты ў якасці інвестыцыі». Ён нагадаў, што курс біткоіна зменшыўся за апошнія 24 гадзіны на 12%. Уорэн Бафет выказаў думку, што канец біткоіна будзе кепскі.
— Ананімнасць крыптавалюты — гэта адкрытае поле для злоўжыванняў і велізарная рызыка, — сказаў падчас форуму ў Давосе старшыня аднаго з найбуйнейшых банкаў у Польшчы Міхал Крупіньскі.
Польскі ўрад стварыў адмысловую групу, якая цягам месяцу распрацуе рэкамендацыі канкрэтных крокаў, якія павінны абараніць палякаў ад небяспекі, звязанай з крыптавалютамі.
Паўднёвая Карэя абвясціла, што забараняе ананімны гандаль біткоінам, іншыя краіны кажуць пра верагоднасць увядзення механізмаў рэгуляцыі. Пра гэта, між іншым, у Давосе заявіла прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй.
На форуме прагучала таксама інфармацыя, што майнінг крыптавалютаў спажывае вельмі шмат энергіі. Мяркуецца, што сёлета на яго пойдзе столькі электраэнергіі, колькі ў год спажывае Аргенціна.