Стваральнік Талера распавёў, колькі зарабіў на ім

Крыптавалюты — наступны этап эвалюцыі грошай пасля банкаўскіх картак, веб-мані, перакананы адзін са стваральнікаў «Талера».

Фота www.svaboda.org

Фота www.svaboda.org

Дзяніс Лаўнікевіч распавядае пра адрозненні “Талера” ад біткоіна і разважае пра ягоную будучыню ў Беларусі.

Паводле Дзяніса Лаўнікевіча, аднаго са стваральнікаў “Талера”, крыптавалюты — гэта наступны этап эвалюцыі грошай пасля банкаўскіх картак, веб-мані і г. д.

Эксперт лічыць, што цалкам пазбавіцца ад папяровых грошай не атрымаецца — «месца ў свеце знойдзецца ўсім».

«Няма сумневаў, што роля банкаў знізіцца, — кажа эксперт. — Варта памятаць, што біткоін быў адказам на банкаўскі крызіс 2009 года, каб паменшыць залежнасць людзей ад банкаўскай сістэмы, якая сябе скампрамітавала».

«Біткоін не знішчыць ані наяўныя грошы, ані банкі: хтосьці пасунецца, хтосьці знойдзе новае месца», — дадае наш суразмоўца.

Першых цягнікоў людзі таксама баяліся

«Беларусь — першая краіна ў свеце, якая ўвяла ў прававую прастору тэхналогію блокчэйну. Гэта і дзіўна, і добра. Цяпер варта паглядзець, як гэта будзе рэалізоўвацца ў нарматыўна-прававых актах. Зараз нам трэба перарабіць усё гаспадарчае заканадаўства — што мы ўбачым праз некалькі месяцаў, мы, на жаль, не ведаем. Будзем чакаць, што ўсё будзе добра», — спадзяецца Лаўнікевіч.   

«Першых цягнікоў людзі таксама баяліся, як і аўтамабіляў. Новых тэхналогіяў людзі заўжды баяцца — мы ведаем з гісторыі. Дзякуючы стварэнню Талера мы засталіся ў трэндзе — і ідзем тым жа шляхам, што і ўвесь свет», — заяўляе Лаўнікевіч.

Паводле спецыяліста, тэхналагічна “Талер” нічым не адрозніваецца ад біткоіна.

«Адрозненне з тым, што гэта беларуская крыптавалюта. Калі стваральнікам біткоіна ці іншых крыптавалютаў справы да Беларусі асаблівай няма. А мы, стваральнікі Талеру, знаходзімся тут, з намі лёгка выйсці на кантакт. Мы робім так, каб ён быў запатрабаваны ў Беларусі, быў прыстасаваны да нашых умоваў, айчыннага бізнесу», — кажа госць праграмы.

«Галоўная перавага Талеру — мы робім ягоную інтэграцыю ў беларускую эканоміку», — дадае эксперт.

«Зацікаўленне Талерам — вельмі вялікае, асабліва з боку сярэдняга і малога бізнесу, які хоча ўсталяваць яго ў свае бізнес-працэсы», — прызнаецца наш суразмоўца.

Паводле Лаўнікевіча, праект Талеру — ад самага пачатку некамерцыйны і адкрыты для ўсіх беларусаў.

«Мы мелі патрэбу не толькі стварыць нешта карыснае для Беларусі, але і пацвердзіць уласныя кампетэнцыі», — дадае Дзяніс Лаўнікевіч.

 belsat.eu