Кітай зноў ратуе «Беларуськалій» ад паглынання Расіяй?

Галоўнае мытнае ўпраўленне КНР абнавіла даныя па імпарце калійных угнаенняў. Атрымліваецца, Пекін другі раз за апошнія гады пачынае цягнуць з ямы «Беларуськалій», лічыць палітолаг Ігар Тышкевіч.

_belarus_salihorsk_pramyslovasc_kalij_ekspart_ekanomika_fota_novy_czas__4__logo.jpg

Галоўнае мытнае ўпраўленне КНР абнавіла даныя па імпарце калійных угнаенняў. Паглядзелі, колькі Кітай плаціць за пастаўкі калію з Беларусі і іншых краін.

Паводле папярэдніх даных, у студзені – верасні 2024 года сукупны імпарт КНР па таварнай пазіцыі «ўгнаенні мінеральныя або хімічныя, калійныя» склаў каля $2,86 млрд, піша myfin.by.

Для параўнання: у студзені – верасні 2023 года за імпарт калійных угнаенняў Кітай заплаціў $3,62 млрд.

Па выніках трох кварталаў Расія ў спісе дзяржаў, з якіх КНР імпартуе калійныя ўгнаенні, знаходзіцца на першай пазіцыі. Закупкі калію з РФ абышліся Кітаю ў $963,5 млн.

Беларусь займае другі радок у спісе: у студзені – верасні гэтага года КНР імпартавала беларускіх калійных угнаенняў амаль на $671 млн.

Топ-3 пастаўшчыкоў замыкае Канада. Імпарт калійных угнаенняў у Кітай з Канады склаў $561,4 млн.

У студзені – верасні 2024 года ўвоз калію ў КНР таксама ажыццяўляўся і з іншых краін, у тым ліку такіх, як Лаос ($416,3 млн), Ізраіль ($130,9 млн), Іарданія ($80,7 млн), Узбекістан ($10,1 млн) і інш.

КНР зноў ратуе «Беларуськалій»?

Палітолаг Ігар Тышкевічпрааналізаваў статыстку і адзначыў, што ідэя Расіі «даціснуць» «Беларуськалій» на аб'яднанне актываў зноў можа не спрацаваць.

Колькі калійных угнаенняў прадала Беларусь Кітаю?

Кітайская статыстыка дае лічбу 671 млн долараў, якія заплацілі за пастаўкі з Беларусі за 9 месяцаў 2024 года. Пры гэтым сярэдняя цана, па якой КНР купляла ўгнаенні, складае 258 долараў за тону. Ці гэта значыць, што можна казаць пра 2,6 млн тон? Не зусім, тут, хутчэй ёсць дэльта «ад і да». А таксама цікавы фактар Расіі, інтэграцыйных ідэй аб аб'яднанні калійных актываў і арыштаў партнёраў Мазепіна ў Беларусі.  

Для пачатку аб цэнах. У 2022 годзе цана хлорыстага калію на ванкуверскай біржы (на ўмовах FOB) вырасла да 1200 долараў за тону (пры тым, што ў 2021-м вагалася ад 202 да 400 у канцы года (калі экспарт з Беларусі быў рэальна пад пытаннем). У 2023-м сярэднеўзважаная цана за год склала прыкладна 450-470 долараў за тону. А 2024 год пачынаўся з цаны 296 з ростам да 305 у сакавіку. Але ў пачатку года Кітай вельмі мала купляў беларускіх угнаенняў — гэта быў працэс «выхавання» афіцыйнага Мінска. Гэта значыць, беларускі бок за студзень-травень страціў значную долю кітайскага рынку. А месца «Беларуськалія» заняў «Уралхім» Мазепіна.

Пры гэтым паказальная «сярэдняя цана» паводле даных той жа кітайскай мытні. У момант максімальнага насычэння рынку расійскімі ўгнаеннямі (студзень-травень) кошт закупкі складаў 235,2 долара за тону. Дэльта з «эталонным» прайсам Ванкуверскай біржы склала 82 долары. 

Гэта значыць, расійскі «Уралхім» не проста дэмпінгаваў, а вельмі моцна дэмпінгаваў дзеля таго, каб стварыць праблемы беларускім калійшчыкам і вярнуцца да размоў аб аб'яднанні актываў. Ну ці дэмпінгаваў не па сваёй волі. Пекін выдатна ўмее выкручваць рукі расійскім пастаўшчыкам, патрабуючы каласальных дысконтаў. Факт застаецца фактам, Кітай на кожнай тоне угнаенняў істотна эканоміў. Расія ж атрымлівала магчымасць аднавіць ціск на Лукашэнку ў пытанні продажу «Беларуськалія».

У канцы вясны на беларуска-кітайскім напрамку «памяняўся вецер». У Мінску «зрабілі хатнюю работу» і анансавалі кадравыя перастаноўкі (якія адбыліся ў чэрвені). 

І з гэтага моманту пачаліся масавыя пастаўкі калійных соляў з Беларусі. Прычым на досыць цікавых умовах: сусветныя цэны паўзуць уніз, а кошт закупкі Кітаем расце. 

І сярэдняя цана за 8 месяцаў склала, як згадана вышэй, 258 долараў за тону (дэльта з цаной на Ванкуверскай біржы — 36 долараў). Гэта значыць, Пекін другі раз за апошнія гады пачынае цягнуць з ямы «Беларуськалій». І гэты відавочна не публічны факт, мабыць, дадае смеласці Лукашэнку ў санкцыянаванні арыштаў сяброў Мазепіна.

Але калі ўлічыць, што цана 258$ — сярэдняя за 8 месяцаў, то цана закупкі з Беларусі відавочна вышэйшая за гэты паказчык (вясной сярэдні ўзровень быў на 25 долараў меншы). Такім чынам, Беларусь прадавала Кітаю ўгнаенні коштам ад 260 да 300 долараў за тону. Што ў колькасным вымярэнні дае аб'ём у межах 2,2 –2,5 млн тон. Ужо гэтага аб'ёму дастаткова для таго, каб Беларуськалій быў прыбытковым. А значыць ідэя «даціснуць» на аб'яднанне актываў зноў можа не спрацаваць.