Кепскія навіны для дыктатарскіх дзяржаў: цана на нафту будзе і далей падаць

Колькасць гарачых кропак у свеце павялічылася, свет стаў больш неспакойным, аднак цана на нафту падае.



oil_prices_go_down.jpg

Супрацьстаянне ўкраінскіх сілавікоў і прарасійскіх баевікоў на Данбасе рызыкуе перарасці ў адкрытую вайну паміж Расіяй і Украінай. Пры гэтым Расія  —  найбуйнейшы вытворца нафты ў свеце. У Іраку, які займае шостае месца па здабычы чорнага золата, адну перамогу за другой атрымоўваюць ісламісты, у краіне фактычна няма дзеяздольнага ўрада. У Заходняй Афрыцы — прыкладна там, дзе знаходзіцца найбуйнейшы афрыканскі нафтаздабытчык Нігерыя — распаўсюджваецца ліхаманка Эбола. У сектары Газа, які, праўда, не з'яўляецца вытворцам нафты, ідзе вайна. «Яшчэ некалькі гадоў таму толькі аднаго з гэтых канфліктаў было б дастаткова для таго, каб цана на нафту імкліва папаўзла ўверх, як гэта было, напрыклад, падчас падзеяў «арабскай вясны» у 2011 годзе, калі цана за барэль вырасла да 126 долараў, — піша Франк Штокер на старонках нямецкай газеты Die Welt. — Зараз жа колькасць гарачых кропак у свеце павялічылася, свет стаў больш неспакойным, аднак цана на нафту падае».
Гэта, як адзначае выданне, здзіўляе не толькі радавых спажыўцоў нафты, але і экспертаў. Бо з пачатку чэрвеня, калі за барэль нафты маркі Brent давалі 115 долараў, цана на нафту апусцілася да адзнакі ледзь вышэй 100 даляраў за барэль — гэта значыць фактычна да мінімуму за апошні год. 
Зразумець, чаму гэта адбылося, можна з апошняга дакладу Міжнароднага энергетычнага агенцтва (IEA), у якім гаворыцца аб тым, што «нягледзячы на узброеныя канфлікты ў Лівіі, Іраку і ва Украіне прапанова па сырой нафце выглядае нашмат лепш, чым чакалася раней». 
«Гэта даволі сціплае апісанне для самай сапраўднай рэвалюцыі, якая адбылася на рынку нафты ў апошнія гады», — працягвае Штокер. Так, па словах галоўнага сыравіннага аналітыка Citigroup Эда Морса, «ЗША самастойна вырабляюць неймаверную колькасць нафты, якую ім раней даводзілася імпартаваць». З 2008 года ўласная здабыча нафты ў ЗША ўзрасла на тры мільёны барэляў у дзень: на сённяшні дзень яна складае 8,5 млн барэляў у суткі. У наступным годзе, па прагнозах Энергетычнага агенцтва ЗША, яно ўзрасце да 9,28 млн барэляў у дзень. У большай ступені гэта, тлумачыць выданне, стала магчыма дзякуючы фрэкінгу — тэхналогіі, якая перажывае самы сапраўдны бум у ЗША. Такім чынам, у выпадку, калі прагнозы стануць рэальнасцю, ЗША не толькі зраўняюцца па здабычы нафты з Саудаўскай Аравіяй, якая здабывае па 11,5 млн барэляў у суткі, але і адначасова скароцяць імпарт. 
Прыкладу ЗША збіраюцца рушыць услед і ў Канадзе. Краіна кляновага ліста, як нагадвае Die Welt, валодае трэцімі разведанымі запасамі нафты ў свеце пасля Саудаўскай Аравіі і Венесуэлы. «Цяпер дзякуючы новым тэхналогіям здабычы большую частку гэтых запасаў можна здабываць эканамічна рэнтабельна», — заяўляе эксперт Том Нэльсан з Investec Asset Management. Пакуль што Канада вырабляе 3,5 млн барэляў у дзень, аднак ужо да 2025 года гэта колькасць, па прагнозах Нэльсана, можа павялічыцца ўдвая, у выніку чаго краіна стане адным з найбуйнейшых вытворцаў нафты ў свеце. 
«Усё гэта — вельмі кепскія навіны для дыктатарскіх дзяржаў і сумніўных кіраўнікоў, якія, аб'яднаўшыся ў АПЕК, на працягу апошняга часу дыктавалі цану на нафту заходняму свету», — заключае аўтар. Яны, як дадае Die Welt, вядома, змогуць адрэагаваць, скараціўшы аб'ёмы ўласнай здабычы, як яны гэта рабілі ў мінулым для павелічэння цэнаў, але ў гэты раз падобны механізм не спрацуе, паколькі ЗША і Канада папросту змогуць павялічыць уласную здабычу. Цана на нафту працягне сваё падзенне і надалей — нават нягледзячы на войны і крызісы.
InoPressa