Колькі будзе каштаваць долар і як будуць паводзіць сябе цэны ў Беларусі ў 2022 годзе
Еўразійскі банк развіцця перагледзеў прагноз па росце ВУП Беларусі ў гэтым годзе да 2,1 працэнта. Яшчэ больш песімістычныя чаканні ў экспертаў банка на будучы год — рост на ўзроўні 0, 7%. Нявызначанасць на наступны год ствараюць санкцыі.
Што будзе з ВУП
Эксперты ЕАБР прагназуюць, што ў 2022 годзе ВУП Беларусі яшчэ больш замарудзіцца — да 0, 7% і пакажа горшы вынік у рэгіёне (эканоміка Расіі вырасце на 2, 8%, а Казахстана — на 4, 2%).
«Імпульс з боку знешняга попыту аслабне, бо рост ВУП краін — ключавых гандлёвых партнёраў замарудзіцца пасля праходжання актыўнай фазы аднаўлення (пасля лакдаўнаў). Захаваецца ў наступным годзе падтрымка для беларускага экспарту з боку высокіх коштаў на сыравіну», — адзначаюць эксперты. Аднак прагназуюць яе паступовае аслабленне па меры нармалізацыі сусветнага попыту.
Унутры краіны інвестыцыйная і спажывецкая актыўнасць таксама будуць «стрыманымі» з прычыны «нявызначанасці і рызык» з-за санкцый, а таксама высокага кошту крэдытаў.
Не чакае ЕАБР эканамічнага прарыву ад Беларусі і ў сярэднетэрміновай перспектыве. Па прагнозах экспертаў, і ў 2023 годзе рост ВУП не перавысіць 1%.
Як павядуць сябе цэны
Інфляцыя па выніках 2022 года прагназуецца ў памеры 7,4% — пасля 10% у 2021 годзе. На думку экспертаў, запаволенню могуць спрыяць паступовая нармалізацыя вытворча-лагістычных ланцугоў у свеце, стабілізацыя цэн на сыравінных рынках, а таксама прагназаванае ЕАБР запаволенне інфляцыі Расіі ў 2022 годзе да 4,9%.
Стрыманая дынаміка ўнутранага попыту, паводле ацэнкі экспертаў, таксама будзе абмяжоўваць развіццё інфляцыйных працэсаў у Беларусі. У той жа час яны зазначаюць, што зніжэнне ўраджаю паўплывала на спажывецкія цэны ў 2021 годзе мацней, чым чакалася, і рост кошту харчавання можа заставацца павышаным у першай палове 2022 года.
Рост цэн будуць падганяць інфляцыйныя чаканні насельніцтва і бізнесу з-за «нявызначанасці наступстваў санкцый» і «рызыкаў значнага паслаблення беларускага рубля».
Беларуская інфляцыя ў 2022 годзе, паводле ацэнкі ЕАБР, будзе самай высокай сярод краін-удзельніц ЕАБР — у Расіі яна складзе 4,9%, у Казахстане — 6%.
ЕАБР у 2022 годзе не чакае сур'ёзнага зніжэння стаўкі рэфінансавання ў Беларусі і павышэння крэдытнай актыўнасці. Да канца года яна можа знізіцца да 9—9,5 працэнта, і захаваецца на ўзроўні 9 працэнтаў нават у 2023 годзе.
Колькі будзе каштаваць долар
Актыўны рост экспарту і пераход насельніцтва ад набыцця валюты да яе продажу ўмацавалі беларускі рубель, лічаць эксперты ЕАБР. На іх думку, у IV квартале ён аказаўся пераацэненым на 3,5%. Вяртацца да свайго рэальнага кошту беларускі рубель пачне ў наступным годзе і ў сярэднім у 2022 годзе долар будзе каштаваць 2,65 рубля.
Эксперты тлумачаць гэта тым, што «імпульс для экспарту з боку знешняга попыту змяншаецца, а наступствы санкцыйнага ціску могуць аказаць дадатковае ўздзеянне на дынаміку паставак за мяжу».
Інфляцыя ў Беларусі прагназуецца вышэй, чым у краінах — асноўных гандлёвых партнёрах, а дэвальвацыйныя чаканні працягнуць уплываць на беларускую валюту. Як лічаць у ЕАБР, абмяжоўваць маштаб зніжэння кошту рубля можа «захаванне стрыманага ўнутранага попыту і, такім чынам, імпарту».
«Нявызначанасць прагнозу застаецца высокай з-за складанасці ацэнкі патэнцыйнага ўплыву заходніх абмежаванняў на беларускі экспарт, прыток інвестыцый і паводзіны хатніх гаспадарак», — падкрэсліваюць эксперты.
Як на эканоміку паўплываюць санкцыі
Базавы сцэнарый ЕАБР прадугледжвае хуткую адаптацыю Беларусі да ўведзеных санкцый, у тым ліку дзякуючы падтрымцы Расіі. Аднак эксперты не выключаюць, што працэс адаптацыі будзе працяглым. Пры неспрыяльным развіцці падзей у 2022 годзе нельга выключаць эканамічнага спаду, маштаб якога можа скласці 1—4%.
У выпадку рэалізацыі гэтай рызыкі можна чакаць націску на курс беларускага рубля з-за змяншэння экспартных даходаў, павышэння дэвальвацыйных чаканняў і пагаршэння інвестыцыйнага клімату. Інфляцыйныя рызыкі пры неспрыяльным развіцці падзей узрастуць. У выпадку ўзмацнення абмежавальных мер з боку заходніх краін і абмежаванняў у адказ беларускіх уладаў магчымыя парушэнні ўстояных вытворчых ланцужкоў. Гэта не толькі будзе ўплываць на аб'ёмы выпуску тавараў і паслуг, але і можа прывесці да значнага павышэння выдаткаў прадпрыемстваў Беларусі, у тым ліку звязаных з пошукам новых партнёраў і рынкаў збыту.
Пры неспрыяльным развіцці падзей магчыма актуалізацыя пагроз пазыковай і фінансавай стабільнасці.
Дзяржаўны доўг Беларусі схільны да валютнай рызыкі і рызыкі ліквіднасці. Памер беларускага дзярждоўгу з улікам гарантый і абавязацельстваў мясцовых органаў улады складае каля 42 працэнтаў, што ў цэлым з'яўляецца прымальным узроўнем. Але дзярждоўг Беларусі схільны да валютнай рызыкі і рызыкі ліквіднасці. Больш за 95% доўгу цэнтральнага ўрада намінавана ў замежных валютах, а прыблізна 40% абавязацельстваў прыцягнута пад плаваючыя працэнтныя стаўкі.
У 2022—2024 гг. чакаецца павелічэнне плацяжоў па даўгавых абавязацельствах больш чым да 3,5 млрд. долараў у год.
Ва ўмовах параўнальна нізкага патэнцыялу эканамічнага росту, абмежаваных бюджэтных і золатавалютных рэзерваў безумоўнае выкананне даўгавых абавязацельстваў запатрабуе штогадовага рэфінансавання значнай іх часткі, папярэджваюць эксперты.
А калі Мінск уключыць друкарскі станок?
У Беларусі застаецца верагоднасць сур'ёзнага павелічэння «нярынкавага крэдытавання» для стымуляцыі росту ВУП.
Эмісійнае крэдытаванне не здольнае павялічыць патэнцыял росту ў доўгатэрміновым перыядзе і можа прывесці да дэвальвацыі нацыянальнай валюты і паскарэння інфляцыі.
Эксперты адзначаюць, што «нярынкавы крэдыт» можа дапамагчы толькі ў кароткатэрміновым перыядзе. Трэба падвышаць прадукцыйнасць працы і канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі. Такое меркаванне ЕАБР.
Таксама ў Еўразійскім банку развіцця лічаць, што можна стварыць спрыяльныя ўмовы для фінансавання развіцця тэхналогій, іх укаранення. Для гэтага патрэбная стабільная і нізкая інфляцыі. Пакуль яна расце і перавышае 10 працэнтаў.
zautra.by