Альтэрнатыўная рэальнасць? Круты назваў вынікі працы беларускай эканомікі лепшымі за 12 гадоў
Беларуская эканоміка паказвае лепшыя вынікі працы за 12 гадоў. Такое меркаванне ў эфіры Беларускага тэлебачання выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
«Калі глядзець у цэлым па ўсіх паказчыках, і колькасных, і якасных, то я б сказаў, што гэта лепшыя вынікі за апошнія 12 гадоў. ВУП вырас па бягучых дадзеных на 2,4 %. Натуральна, асноўным драйверам, як і на працягу ўсяго года, заставалася прамысловасць. Прыкладна 70 % гэтага прыросту забяспечыў менавіта прамысловы комплекс, на другім месцы па ўнёску — IT-сектар. Астатнія галіны размеркаваліся больш раўнамерна», — цытуе чыноўніка REFORM.by.
Трэба адзначыць, што з другога паўгоддзя тэмпы росту беларускага ВУП запавольваюцца. Калі па выніках шасці месяцаў эканоміка расла хутчэй 3 % у гадавым выразе, то цяпер гэты паказчык паступова зніжаецца.
Круты таксама звярнуў увагу на тое, што тэмпы экспарту тавараў у краіне з'яўляюцца рэкорднымі. Ён вырас на 32 %.
«Экспарт вырас на 32 %. Гэта таксама адзін з рэкордных паказчыкаў у нашай гісторыі. Прычым ён вырас збалансавана: на 19 % за кошт цэнаў і на 12-13 % за кошт аб'ёмаў. Гэта ў тым ліку вынік мадэрнізацыі нашай прамысловасці, якую мы пачалі праводзіць у 2012-2014 гадах (гэта актыўная фаза)», — сказаў чыноўнік.
Ён не згадаў, што перад гэтым у 2020 годзе экспарт тавараў і паслуг упаў на 11,4 % да 37,18 млрд долараў. У цэлым жа максімальныя аб'ёмы беларускага экспарту тавараў былі зафіксаваныя ў 2012 годзе. Тады яны склалі 51,94 млрд долараў. Па выніках дзевяці месяцаў 2021 года экспарт тавараў і паслуг склаў 34,92 млрд долараў.
Таксама чыноўнік не сказаў, што вырас і імпарт, і ў выніку сальда знешняга гандлю таварамі склала мінус (!) 576,1 млн долараў.
Па словах Крутога, на складах знаходзіцца тавараў на 5,3 млрд рублёў, што складае крыху больш за 50 % ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Узровень запасаў таксама з'яўляецца мінімальным за доўгія гады. Круты заявіў, што калі б не скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці ў будаўнічай галіне і сельскай гаспадарцы, то тэмпы росту ВУП складалі б 3,5%. У далейшым урад чакае яшчэ большага запаволення эканомікі.
Зразумела, чыноўнік нічога не сказаў пра двухзначную інфляцыю, рэкордныя даўгі прамысловасці, якія перавысілі беларускі ВУП і якім не дапамагае нават узрослы экспарт, і хранічна стратную сельскую гаспадарку.