Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка прайграў гэты раўнд
«Я думаю, што гэтая прапаганда наўрад ці дзейнічае не тое, што на праціўнікаў Лукашэнкі, і нават «балота», але і з ліку цвёрдых прыхільнікаў. Я думаю, далёка не ўсе задаволеныя тым, што наклікалі гэтых мігрантаў, якія тут бадзяюцца, ствараюць, мякка кажучы, нязручнасці ўсялякія. Дзеля чаго гэта было рабіць?» — разважае палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Беларускім Радыё Рацыя».
— Як ацэньваеце цяперашні стан міграцыйнага крызісу?
— Сапраўды сітуацыя яшчэ далёкая ад нармальнай. Але, як казаў некалі Гарбачоў: працэс пайшоў. Гэта ўжо відавочна. Я прагледзеў перад нашай гутаркай свежыя лічбы, з Беларусі вывезлі ўжо амаль 1900 іракскіх нелегалаў. Нядаўна чарговы „Боінг” адтуль прылятаў, забраў больш за 400 мігрантаў, гэта ўжо значныя лічбы.
Няхай сабе Лукашэнка ездзіў туды на мяжу, у гэты лагер, выступаў з палымянымі прамовамі, кідаў камяні ў гарод Еўропы, палякаў і іншых, але гэта ўжо такі піяраўскія ар’ергардныя баі дзеля захавання твару.
Насамрэч, калі казаць наўпрост, то Лукашэнка прайграў гэты раўнд, прайграў у гэтым канфлікце з суседзямі з Еўрасаюза ў цэлым. Цяпер ён мусіць выконваць тыя абяцанні, якія ён мусіў даць з аднаго боку Меркель, а з іншага боку Пуціну. Другое, я думаю, гэта болей важкі чыннік.
Яшчэ добра Еўрасаюз папрацаваў з урадамі Ірака і іншых праблемных краін праз галаву беларускіх уладаў. Там пачалі дамаўляцца, недзе пераконваць, недзе можа даваць грошы на гэтыя зваротныя рэйсы. Карацей, пайшоў вось гэты працэс вяртання ўцекачоў. На гэтым фоне, дарэчы, адносіны Мінска з гэтымі краінамі відавочна пагоршыліся. На гэтым кірунку, на гэтым азімуце беларускі рэжым у выніку прайграў. Традыцыйна ў яго былі добрыя адносіны з гэтымі дзяржавамі, але цяпер яны напружыліся.
І апошні чыннік — гэта тое, што мігранты сталі ствараць праблемы ўнутры Беларусі, гэта ўжо стала пераўтварацца ў галаўны боль хоцькі-няхоцькі для беларускіх уладаў. Гэтыя чыннікі змусілі Лукашэнку адступіць. Хаця рэцыдывы і нейкія дробныя інцыдэнты яшчэ безумоўна могуць быць.
— Дзеля чаго быў ягоны візіт у Брузгі і гэты выступ на паддонах?
— Я думаю, што гэта найперш піяр на ўнутраную аўдыторыю, бо ад гэтых “філіпікаў” Еўропе, Захаду не холадна, не горача. Польскія ўлады натуральна не зменяць сваю пазіцыю, як і ўвогуле ўвесь Еўрасаюз, які прызнаў пасля выбараў, калі гэта можна назваць выбарамі 2020 года, Лукашэнку нелегітымным. Тут ужо адкручваць назад ён не будзе, Лукашэнка гэта зразумеў. Ён спрабаваў падаць напачатку сваю размову з Меркель, як нейкую вялікую перамогу, казаў пра нейкія рэчы, якія ён нібыта Меркель накінуў. З боку Берліна потым патлумачылі, што гэта не так. Няма ніякіх абяцанняў, ні дзве тысячы, ні колькі, прыняць гэтых мігрантаў. Лукашэнку ў гэтай сітуацыі толькі застаецца працаваць на ўнутраную аўдыторыю, каб, з аднаго боку, паказаць сябе вялікім гуманістам, з іншага боку — абмазаць брудам Еўропу.
Але, ведаеце, я думаю, што гэтыя рэчы, гэтыя тэзы, гэтая прапаганда наўрад ці дзейнічае не тое, што на праціўнікаў Лукашэнкі, і нават “балота”, але і з ліку цвёрдых прыхільнікаў Лукашэнкі, я думаю далёка не ўсе задаволеныя тым, што наклікалі гэтых мігрантаў, якія тут бадзяюцца, ствараюць, мякка кажучы, нязручнасці ўсялякія. Дзеля чаго гэта было рабіць? Я думаю, што ў гэтым пытанні нават сярод сваіх цвёрдых прыхільнікаў Лукашэнка страціў частку падтрымкі. Так што і ў гэтым плане ён прайграў.
— Нямеччыне ўжо двойчы давялося аспрэчыць Лукашэнку, наконт прыняцця мігрантаў.
— Гэтаму можа верыць толькі нейкая такая некрытычная частка беларускай аўдыторыі, якая глядзіць дзяржаўныя тэлеканалы. Натуральна, што ў Еўропе палітыкі і медыя маюць усе магчымасці, каб расставіць патрэбныя акцэнты. Таму думаць, што ад гэтых заяў, ад гэтага выезду Лукашэнкі на мяжу рэжым даможацца нейкага прасоўвання сваёй пазіцыі ў еўрапейскім інфармацыйным полі, ну гэта проста смешна. Таму я і кажу, што гэта фактычна такі спектакль для ўнутранай аўдыторыі. Я думаю, што ён уздзейнічае толькі на малую частку.