Die Welt: Ілюзія канца беларускага крызісу

«Пра крызіс на польска-беларускай мяжы, падобна, пачынаюць забываць. Але ён яшчэ далёкі ад завяршэння. Мігранты працягваюць спрабаваць перасячы мяжу з Польшчай, суседнія краіны занепакоеныя. А Лукашэнка ладзіць вайну вобразаў», — піша ўплывовае нямецкае выданне.

1058174015_0_0_1280_720_1920x0_80_0_0_c1dc7e8ad25980d697c28fd0de71e78a.jpg


«У мінулы тыдзень у Матэуша Маравецкага была напружаная праграма: за некалькі гадзін прэм’ер-міністр Польшчы наведаў тры сталіцы ЕС. У Таліне, Вільні і Рызе ён заручыўся салідарнасцю сваіх калегаў у сувязі з крызісам на польска-беларускай мяжы, які ўсё яшчэ працягваецца. Такой жа салідарнасці Маравецкі чакае і ад прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ў Парыжы на гэтым тыдні.

Бо больш за два тыдні таму, калі тысячы мігрантаў з Блізкага Усходу сабраліся на памежным пераходзе каля вёскі Кузніца, сітуацыя абвастрылася. Пад кіраўніцтвам беларускіх падраздзяленняў мігранты прарываліся праз мяжу. Польскія сілы бяспекі ўжылі вадамёты», — нагадвае выданне.

«З тых часоў Варшава і ЕС абвінавачваюць беларускага дыктатара Лукашэнку ў арганізацыі міграцыйнага крызісу шляхам дастаўкі да ўсходняй мяжы ЕС людзей, у прыватнасці, з Ірака. Польскія чыноўнікі кажуць аб выкарыстанні мігрантаў у якасці “зброі”. Акрамя Польшчы, тое, што адбываецца, закранула, хоць і ў меншай ступені, і суседнія краіны — Латвію і Літву», — гаворыцца ў артыкуле.

«Нягледзячы на кароткачасовае змякчэнне сітуацыі, канфлікт паміж рэжымам Лукашэнкі з аднаго боку і Польшчай і ЕС з другога зусім не вычарпаны. Першыя рэйсы па транспарціроўцы іракскіх грамадзян з Беларусі на радзіму, адмена прамых рэйсаў у Мінск з Дамаска або Стамбула, званкі Ангелы МеркельУладзіміру Пуціну і Лукашэнку: усё гэта стварае ўражанне дээскалацыі, еўрапейская грамадскасць стала звяртаць менш увагі на ўсходнюю мяжу, чым яшчэ два тыдні таму.

Але ў той жа час з іншых аэрапортаў, якія выкарыстоўваюцца мігрантамі, па-ранейшаму ажыццяўляюцца прамыя рэйсы. Так, у аўторак у Мінску прызямліліся самалёты з Шарм-эль-Шэйха і Хургады ў Егіпце, а таксама з Дубая. Паводле афіцыйных звестак, у лагістычным цэнтры ля мяжы на беларускім баку ўсё яшчэ знаходзяцца 2 тысячы мігрантаў. Цяпер праз польскія загароды на мяжы радзей прарываюцца вялікія групы людзей — але ўсё часцей дробныя», — піша выданне.

«Толькі ў сераду польскія памежнікі зафіксавалі 267 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Паводле інфармацыі Польшчы, беларускія падраздзяленні становяцца ўсё больш агрэсіўнымі. Яны гоняць людзей, страляюць у паветра, забяспечваюць мігрантаў прыборамі. Польскіх жаўнераў асляпляюць лазерамі і страбаскопамі.

Да таго ж самі мігранты пакутуюць, некаторым з іх удаецца прайсці праз мяжу і праз закрытую зону на баку Польшчы, але часцяком ім даводзіцца некалькі тыдняў праводзіць у лясах Усходняй Польшчы. Паводле звестак паліцыі ФРГ, больш за 10 тысяч чалавек удалося дабрацца да Германіі. Прынамсі 13 чалавек загінулі па абодва бакі мяжы ў Польшчы і Беларусі.

Назіральнікі асцерагаюцца, што ў бліжэйшыя тыдні колькасць загінулых можа рэзка ўзрасці. Бо рэгіёны на мяжы з Беларуссю з'яўляюцца аднымі з самых халодных у Польшчы. У снежні тэмпература можа апускацца да 20 градусаў ніжэй за нуль. У аўторак выпаў першы снег. Усё гэта не кажа ні аб змякчэнні крызісу, ні аб змене сітуацыі», — падкрэслівае аўтар Die Welt.

«Падчас сваёй спешнай паездкі па краінах Балтыі Маравецкі адзначыў, што міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы з'яўляецца часткай больш маштабнага палітычнага крызісу, які закранае і суседнюю Украіну. “З розных крыніц нам вядома, што вакол Украіны збіраюцца добра ўзброеныя расійскія падраздзяленні”, — заявіў прэм'ер-міністр.

А ў сацыяльных сетках польскі ўрад з выходных распаўсюджвае відэа пад назвай “Poland — #WeDefendEurope” — “Польшча — #мы абараняем Еўропу”. У ім Маравецкі пад драматычную музыку заяўляе, што Польшча зробіць усё, каб “спыніць зло, што пагражае Еўропе”. Для гэтага ён заклікае да падтрымкі з боку краін-партнёраў.

Магчыма, фармат заявы сумніўны, аднак відэа даказвае, што для Варшавы канфлікт з Беларуссю далёкі ад вырашэння. Наадварот, многія ў Польшчы рыхтуюцца да зацяжнога крызісу. Хоць польскі ўрад сам распаўсюджвае відэа, ён не дапускае прадстаўнікоў СМІ да мяжы. Уздоўж усёй мяжы з Беларуссю органы бяспекі арганізавалі закрытую зону», — адзначае нямецкае выданне.

«Лукашэнка, у сваю чаргу, пачаў выдаваць візы заходнім журналістам. Так што, акрамя прапагандыстаў рэжыму на беларускім баку мяжы аб сітуацыі ў намётавым лагеры каля памежнага пераходу ля Кузніцы могуць распавядаць і журналісты — у той час як беларускія журналісты арыштаваныя паслугачамі рэжыму.

У той жа час супраць Польшчы вядуцца кампаніі дэзінфармацыі. У мэсэнджары Telegram распаўсюджваюцца фэйкавыя навіны пра Польшчу. У гэтай сувязі прадстаўнікі ўрада краіны заявілі аб “інфармацыйнай вайне”. Гэтыя кампаніі — яшчэ адзін элемент канфлікту, канца якому пакуль не прадбачыцца», — піша Die Welt.

Паводле inopressa.ru, пераклад «НЧ»