Лідэр і аўтсайдэр у адной асобе

Беларусь увайшла ў чацвёрку самых актыўных рэфарматараў умоў для бізнесу. Такія высновы зрабілі эксперты Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі падчас складання штогадовай аналітычнай справаздачы “Вядзенне бізнесу — 2010". За месцы ў рэйтынгу “змагаліся 183 краіны.



Індыкатары бізнес-клімату



43cca4b3de2097b9558efefd0ecc3588.jpg

Беларусь увайшла ў чацвёрку самых актыўных рэфарматараў умоў для бізнесу. Такія высновы зрабілі эксперты Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі падчас складання штогадовай аналітычнай справаздачы “Вядзенне бізнесу — 2010". За месцы ў рэйтынгу “змагаліся 183 краіны.

Індыкатары бізнес-клімату
Акрамя Беларусі, у першую дзесятку рэфарматараў увайшлі такія краіны, як Руанда, Кыргызтан, Македонія, ААЭ, Малдова, Калумбія, Таджыкістан, Егіпет і Ліберыя. Паводле выгоднасці вядзення бізнесу ў цэлым Беларусь займае 58-е месца ў агульным рэйтынгу і чацвёртае сярод краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, саступіўшы Эстоніі (24-е месца), Літве (26-е месца) і Латвіі (27-е месца). Цікава, што ўсяго за два гады Беларусь палепшыла свой рэйтынг адразу на 57 пунктаў, падняўшыся наверх са 115-га месца. За апошні год наша краіна правяла рэформы ў шасці з дзесяці галінаў вядзення бізнесу, якія даследаваліся ў межах справаздачы “Вядзенне бізнесу, — гэта стварэнне прадпрыемстваў, атрыманне дазволаў на будаўніцтва, наём працоўнай сілы, рэгістрацыя ўласнай маёмасці, падаткаабкладанне і міжнародны гандаль.
У рамках даследавання “Вядзенне бізнесу аналізуюцца правілы, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць у краіне на працягу ўсяго цыклу дзелавой актыўнасці прадпрыемстваў, уключаючы парадак стварэння і функцыянаванні прадпрыемстваў, правядзенне знешнегандлёвых аперацый, выплату падаткаў і ліквідацыю прадпрыемстваў. Даследаванне не ацэньвае такія аспекты, як бяспека, макраэканамічная стабільнасць, распаўсюджанасць карупцыі, узровень кваліфікацыі працаўнікоў і стабільнасць фінансавых сістэм.
Асабліва актыўна летась рэформы праводзіліся ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, а таксама Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Сінгапур, які паслядоўна праводзіць рэформы, ужо чацвёрты год запар займае першае месца па спрыяльнасці ўмоў для прадпрымальніцкай дзейнасці. На другім месцы — Новая Зеландыя. Аднак найбольш актыўна рэформы ажыццяўляліся ў краінах, якія развіваюцца. Дзве траціны ўсіх рэформаў, зарэгістраваных у дакладзе, былі праведзеныя ў краінах з нізкім узроўнем прыбытку і з узроўнем прыбытку ніжэй сярэдняга. 26 з 27 краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі правялі рэформы сістэмаў рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці, гэты рэгіён апярэдзіў усё астатнія па тэмпах рэформ.
Індыкатары, што ацэньваюць бізнес-клімат у Беларусі, раскіданыя па ўсёй рэйтынгавай табліцы. Найлепшыя адзнакі эксперты паставілі Беларусі па пунктах “адкрыццё кампаніі (7-е месца), “рэгістрацыя ўласнасці (10-е) і “забеспячэнне выканання дамоў (12-е). Беларусь, у прыватнасці, на 25 дзён скараціла працягласць перыяду адкрыцця кампаніі за кошт скарачэння працэдур рэгістрацыі, адмовы ад патрабавання аб мінімальным капітале, абмежавання ролі натарыяльнага пацвярджэння ды іншага. Паводле зручнасці найму працоўнай сілы краіна знаходзіцца на 32-м месцы, атрыманню дазволаў на будаўніцтва — 44-м, ліквідацыі бізнесу — 74-м, абароне інвестараў — 109-м, атрыманню крэдытаў — на 113-м месцы, па крытэрыю “міжнародны гандаль Беларусь займае 129-е месца.
Адна з аўтараў справаздачы, старэйшы спецыяліст па пытаннях развіцця дэпартамента па інвестыцыйным клімаце Сусветнага банка Святлана Багаўдзінава адзначыла, што Беларусь па індыкатару “ліквідацыя бізнесу знаходзіцца на пазіцыі, вышэйшай за сярэднюю ў рэгіёне.
Не ўсё так добра ў нашым каралеўстве
Эксперты Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі паставілі Беларусь на апошняе, 183-е месца паводле зручнасці падаткаабкладання. Летась наша краіна таксама знаходзілася ў спісе аўтсайдэраў па гэтым крытэрыі і займала аналагічнае месца. Сярэдняя беларуская кампанія мусіць праводзіць 107 падатковых выплат, затраціўшы на гэтую працэдуру ажно 900 гадзін у год. Для параўнання: у Еўропе і Цэнтральнай Азіі на кампаніі прыходзіцца ў сярэднім 46 выплат у год, затраты часу ў тры разы меншыя. Аднак у справаздачы “Вядзенне бізнесу — 2010 не ўлічвалася ўвядзенне ў Беларусі электроннага дэкларавання — рэформа, якую ажыццявілі гэтай вясной, таму яе не ўключылі ў закрыты фінансавы год. Святлана Багаўдзінава паведаміла, што, дзякуючы электроннаму дэклараванню, у наступнай справаздачы час на выплату падаткаў будзе паменшаны на 700 гадзін.
За апошні год пагоршыўся і індыкатар, які ацэньвае ўмовы для атрымання крэдытаў: у гэтым рэйтынгу Беларусь з’ехала са 109 на 113 месца, а ў сферы абароны інвестараў — з 105 на 109 месца.
Нягледзячы на агульную пазітыўную карціну, што намалявалі аўтары справаздачы "Вядзенне бізнесу — 2010", уласна бізнесоўцы не могуць канстатаваць паляпшэнне бізнес-клімату. Найперш застаецца ў дзеянні сістэма штрафных санкцый і дзяржаўнага рэгулявання.
Вясёлкавыя перспектывы
Як заявіў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, Беларусь мае на мэце ўвайсці ў трыццаць першых краін рэйтынгу “Вядзенне бізнесу. Дырэктар дэпартамента аналізу і паказчыкаў групы Сусветнага банка Ніл Грэгары лічыць, што ў краіны ёсць усе шанцы гэта ажыццявіць, калі рэфармаванне працягнецца. “Рэформы ў сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі ажыццяўляюцца на працягу трох апошніх гадоў. Нават краіны з высокімі вынікамі шукаюць і знаходзяць спосабы спрашчэння працэдур і скарачэння выдаткаў на вядзенне бізнесу. Нягледзячы на тое, што канкурэнцыя ў першых дзесятках краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для бізнесу ўзмацняецца, для Беларусі ёсць добрыя магчымасці, — падкрэсліў эксперт.
Прадстаўнікі Сусветнага банка мелі сустрэчы ў беларускім урадзе, дзе абмяркоўваліся захады па рэфармаванню сістэмы выплаты падаткаў, абароне інвестараў і па скарачэнню выдаткаў на знешні гандаль. Цяпер праводзяцца кансультацыі з Мінфінам і Мінэканомікі Беларусі па далейшым спрашчэнні працэдур банкруцтва, разглядаецца магчымасць развіцця інстытута антыкрызісных кіраўнікоў. “Беларусь дабілася значных вынікаў у паляпшэнні бізнес-клімату. Аднак прыватны сектар мусіць канкураваць з дзяржаўным на роўных умовах. Мы ўжо думалі, якім чынам можна павялічыць долю прыватных прадпрыемстваў у валавым унутраным прадукце з 30 працэнтаў, — заявіў журналістам пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Іван Велеў.
“Нягледзячы на дасягненні, неабходна працягваць рэформы, якія часта бываюць неабходныя ў сферах, што не ахоплівае даследаванне “Вядзенне бізнесу. Інвестыцыі і інавацыі стануць залогам для пераадолення наступстваў сусветнага эканамічнага і фінансавага крызісу ў Беларусі. Група Сусветнага банка працягне працу з кіраўніцтвам краіны, каб садзейнічаць пераразмеркаванню рэсурсаў, удасканаленню працэдур стварэння і закрыцця прадпрыемстваў, скарачэнню адміністрацыйных бар’ераў для развіцця бізнесу з адначасовай рэалізацыяй належных мераў па змякчэнні магчымых негатыўных сацыяльных наступстваў, — адзначае дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка Марцін Райзер.