Лагодная беларусізацыя ў справе: беларускія кірмашы хочуць ладзіць у Амане
На фоне санкцый і атрымання тытула ізгоя сярод цывілізаванага свету беларускі рэжым актыўна прасоўвае павестку «брацкага» супрацоўніцтва з краінамі сумнеўнай рэпутацыі. Раней гэта былі Венесуэла, Іран, Экватарыяльная Гвінея — а апошнія некалькі месяцаў у праўладных медыя надзвычайна форсіцца тэма Амана. Што вядома пра гэтую дзяржаву?
Перадапошняя актывізацыя дыпламатычных сустрэч з прадстаўнікамі Амана адбывалася ў 2019 годзе — тады абедзве краіны падпісалі «мемарандум аб узаемаразуменні».
Паводле дакумента, бакі былі зацікаўлены ў абмене досведам па выкарыстанні перадавога абсталявання для апрацоўкі і захоўвання даных. Адзначалася, што на той момант у Беларусі захоўвалася каля 13 мільёнаў архіўных дакументаў, таму асноўная задачу мемерандуму стаяла ў тым, каб разам цалкам перайсці на электронны дакументаабарот.
Як мы бачым цяпер, задача грандыёзна правалена. Рэальнасць Беларусі-2024 — гэта працэдура «запісацца ў журнальчык» пры аказанні амаль любой грамадзянскай паслугі. Ад ваенкаматаў, дзе небаходна пакінуць бясконцую колькасць подпісаў на бясконцай колькасці паперак, да атрымання візы ці апастылю на дакумент: лічбавізацыя Беларусі не ўдалася.
Калі ў артыкулах АНТ пяцігадовай даўнасці прама адзначалася, што максімальная колькасць ведаў пра Аман у сярэднестатыстычнага беларуса — яго прыкладнае размяшчэнне на зямным шары, то з пачатку 2024 года пачынае здавацца, што гэта ледзь не другі «брацкі народ».
Цягам апошніх двух месяцаў з паслом Амана ў Рэспубліцы Беларусь (і адначасова Расіі) Хамудам Салім Абдула Аль-Тувайхам паспелі сустрэцца міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Мікалай Барысевіч, пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты, а намміністра МЗС Яўген Шастакоў нават наведаў султанат.
Так, апошні ў лютым нібыта дамовіўся пра арганізацыю прамых авіязносін паміж сталіцамі Беларусі і Амана.
«Удзельнікі сустрэчы акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці арганізацыі прамых авіяцыйных зносін паміж Беларуссю і Аманам», — сказана ў паведамленні. Але важна адзначыць, у мінулыя гады праўладныя тэлеканалы ўжо казалі пра адпаведныя дамоўленасці. На справе ж пакуль ніякага злучэння паміж дзяржавамі не існуе.
Дарэчы, у Міністэрстве транспарту Аман назвалі «цікавым для беларусаў напрамкам». Паводле заявы профільнага ведамства, магчымасць трапіць у Аман на самалёце «Belavia» жыхары нашай краіны атрымаюць цягам года. «Для нас гэты кірунак таксама цікавы — курортная зона. І нашым пасажырам будзе цікава», — адзначыў кіраўнік міністэрства Аляксей Ляхновіч.
Сярод асноўных мэтаў супрацоўніцтва дыпламаты называюць напаўненне беларуска-аманскай дзелавой павесткі, гандлёва-эканамічныя адносіны, актывізацыю кантактаў па лініі бізнесу, спорт і турызм ды «гуманітарная тэматыка». Што менавіта значыцца пад апошняй, у паведамленнях не тлумачыцца.
Найбольш цікавай часткай з’яўляецца тое, пра што дамовіўся пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты ў мінулы панядзелак
Разам з амбасадарам Амана яны вызначылі неабходным арганізоўваць кірмашы, выставы ды іншыя мерапрыемствы як у гарадах Беларусі, так і Амана. Чыноўнік выказаў упэўненасць, што абедзве краіны маюць усе перадумовы для развіцця гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку за кошт пашырэння наменклатуры таварных пазіцый. Увогуле, навіна з беларуска-аманскімі кірмашамі вынесена пад асобны артыкул на АНТ.
Што да больш рэальных прычын зацікаўленасці ў супрацоўніцтве з гэтай дзяржавай, Аман, па-першае, можа стаць акном для транзіту беларускіх і расійскіх тавараў у блізкаўсходні рэгіён і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Па-другое, гэта магчымасць працы ў свабодных эканамічных зонах, куды дарога для прадпрымальнікаў, гатовых займацца вытворчай дзейнасцю, адкрыта ўжо зараз. У выпадку вывазу прадукцыі ствараемага тут прадпрыемства за мяжу даходы поўнасцю вызваляюцца ад падаткаў.
Асноўнымі прадуктамі экспарту Амана з’яўляецца сырая нафта, прыродны газ, нафтапрадукты, золата. Аман мае буйныя радовішчы базальту і рудных радовішчаў медзі, марганцу, вапняка, храміту, гіпсу, да распрацоўкі якіх шчыльна цягнулі рукі расійцы, а цяпер і лукашэнкаўцы — відавочна ж, што не для кірмашоў.
У Амане быў і застаецца патэнцыял для імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з краін умеранага кантынентальнага клімату: перш-наперш, такіх відаў харчовых тавараў як цукар, малочныя прадукты, рыс, кармавы ячмень. Таксама актуальнай прапановай застаецца мяса і мясныя прадукты. У Амане ёсць і зацікаўленасць да стварэння кансервавых прадпрыемстваў і паставак буйной рагатай жывёлы.
Хаця і агулам гэтая дзяржава мае значна вышэйшы ўзровень жыцця ды цывілізаванасці грамадства, тут дагэтуль коса глядзяць на дзяўчын без паранджы, турыстам рэкамендуюць пакрываць галаву, не размаўляць на тэматыку правоў жанчын. Таксама ў краіне забаронена заключаць шлюбы з замежнымі грамадзянамі, гучна размаўляць падчас намазу, а за здраду партнёру ўведзена крымінальная адказнасць.