Лічбы, і толькі лічбы

Снежань настройвае на падвядзенне вынікаў мінулага года. А лічбы нам кажуць пра тое, як мы будзем жыць далей. На вялікі жаль, зменаў да лепшага пакуль не прадбачыцца.

chinese_numerology_life_path_number.jpg

Чым важныя лагічнае мысленне і матэматыка? Тым, што лічбы цяжка аспрэчыць. І адначасова яны даволі эфектыўна выкрываць розныя маніпуляцыі. Напрыклад, кажуць нам, што насельніцтва аплачвае толькі 60% паслуг ЖКГ, і ў той жа час нават Аляксандру Лукашэнку камунальнікі не здолелі прадставіць разлік поўнай аплаты гэтых паслуг. Атрымліваецца, што 100% аплаты паслуг мы не ведаем. Дык адкуль жа бярэцца лічба ў 60% «ад невядомага»?

Таму лічбам трэба надаваць больш увагі, разважаць пра іх, хаця гэта і цяжка. Напрыклад, Цэнтрвыбаркам абвясціў пра заканчэнне фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэтыя выбары, як вядома, пройдуць ужо ў наступным годзе. У склад 1309 ТВК увайшлі 11167 чалавек. З іх — толькі 34 прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый. Агульная ж лічба прадстаўнікоў палітсілаў у ТВК, паводле дадзеных кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», — 125 чалавек.

Што гэта азначае насамрэч? Тое, што выбары пройдуць традыцыйна, бо ў камісіі не ўключылі самых зацікаўленых у іх выніках асобаў. А калі яны пройдуць так, як і заўсёды, дык і вынік будзе такім самым, як і ў папярэднія гады, — то бок мясцовая ўлада застанецца малаэфектыўнай і не здольнай вырашаць праблемы грамадзян. Як зараз. А значыць, нас чакае яшчэ шмат скандалаў і канфліктаў з нагоды розных «ушчыльняльных забудоў», вырубкі дрэваў і іншых спрэчных момантаў, якія маглі б быць вырашаныя без гвалту і пылу. Калі б у нас была нармальная мясцовая ўлада, канешне.

Аляксандр Рыгоравіч на мінулым тыдні падпісаў асноўны дэкрэт пра развіццё прадпрымальніцтва. Можна колькі заўгодна разважаць пра тое, спраўдзіцца ён ці не. Але для канчатковай высновы будзе дастаткова толькі адной фразы з лексікону біржавых брокераў: «Рынак адрэагаваў падзеннем». Паводле звестак Белстата, на 1 лістапада 2017 года ў Беларусі дзейнічала 141,1 тысячы юрыдычных асоб і 244,3 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 лістапада 2016 года знізілася на 1,1%, ІП — на 2,3%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб зменшылася на той жа 1,1%, ІП — на 1,3%.

Калі колькасць нават зарэгістраваных прадпрымальнікаў скарачаецца, гэта значыць, даверу да дакументу няма і людзі «прыкрываюць лавачку». А колькі яшчэ не закрываецца афіцыйна, а проста не працуе?

У той жа час у Маладзечне быў праведзены пробны этап перапісу насельніцтва, які скончыўся амаль скандалам. Паводле афіцыйных звестак, на канец верасня бягучага года ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў раёне склаў 1,3%. А падчас апытання 9,1% жыхароў Маладзечна адказалі, што яны беспрацоўныя, і яшчэ 5,5% адмовіліся адказваць на пытанне па занятасці і па крыніцах існавання.

То бок, на самай справе 14,6% маладзечанцаў можна лічыць беспрацоўнымі. Што больш чым у 10 разоў вышэй за афіцыйны паказчык.

Гэта ўсё, што трэба ведаць пра нашу статыстыку па беспрацоўі.

Затое дзе беспрацоўных няма — дык гэта сярод чыноўнікаў. «Аптымізацыя дзяржапарату скончана, чыноўнікі вяртаюцца на свае месцы», — піша партал banki24.by.

У першыя 8 месяцаў 2017 года ў сферы дзяржкіравання больш звальнялі, чым наймалі. За адзін толькі жнівень працы пазбавіліся 5544 чалавекі, з якіх 777 — з-за ліквідацыі арганізацыі або скарачэння штата. Але з верасня ў дзяржкіраванні сталі прымаць больш, чым звальняць. За першы месяц восені гэтая сфера на чыстай аснове папоўнілася 1088 работнікамі, за другі месяц — яшчэ 488. То бок, на працоўныя месцы вярнуліся тыя людзі, якіх вывелі за штат дзяржслужбы.

Тым часам у цэлым сітуацыя з занятасцю ў эканоміцы далёкая ад ідэальнай. Скарачэнне занятасці ў Беларусі ідзе з ліпеня 2011 года. З таго часу па кастрычнік 2017 года эканоміка Беларусі пазбавілася 337,1 тысячы работнікаў. А працоўныя месцы ствараюцца вельмі млява. За 10 месяцаў 2017 года колькасць работнікаў, пераведзеных на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы пасля стварэння новых вытворчасцяў, склала ўсяго 2239 чалавек.

У той час, як кіраўніцтва краіны і ўрад нам абяцалі па 50 тысяч новых працоўных месцаў штогод.

Але ж растучую армію чыноўнікаў трэба нечым карміць, праўда? Па інтэрнэце гуляе сумны жарт: «Восень заканчваецца, а нам яшчэ не прыдумалі новага падатку». Можа быць, убачыўшы гэта, былы мэр Мінска і дырэктар «Мотавелазавода» Мікалай Ладуцька вырашыў выправіць сітуацыю. Ён прапанаваў увесці для раварыстаў «утылізацыйны збор» на вела- і мотапрадукцыю, аналагічны аўтааматарскаму. «Што створыць умовы для развіцця айчыннай вытворчасці», — цытуе словы Мікалая Ладуцькі БелТА.

Па мне, дык ніводны падатак не здольны стварыць умовы для развіцця вытворчасці. Яе развіццё магчымае, толькі калі наша прадукцыя не будзе крывой, а пачне адпавядаць якасці і цэнаваму сегменту.

Дый як і каго абкладаць гэтым падаткам? ДАІ будзе «тармазіць» кожнага раварыста і запытвацца ў яго дакументы на ўтылізацыйны збор? Глупства. «Утылізацыйны збор» будзе закладзены ў кошт ровара? Гэта прывядзе толькі да таго, што ровары, у тым ліку і айчынныя, падскочаць у цане, і, адпаведна, не вельмі багатае насельніцтва альбо адмовіцца ад іх набыцця, альбо пачне цягаць іх з-за мяжы. Другое — больш верагодна, і выкліча адток валюты і скарачэнне попыту на ровары ў Беларусі. Скарачэнне попыту азначае скарачэнне вытворчасці. Ці, можа, скарачэнне вытворчасці і ёсць, паводле Ладуцькі, развіццё?

Ёсць яшчэ адзін спосаб падсілкаваць чыноўніцтва — прадаць што-небудзь непатрэбнае. Але і з гэтым ужо вялікія праблемы. У Гомелі прайшоў форум рэгіянальнага развіцця, і на ім як мясцовы эканаміст і наш аўтар Аляксей Харкевіч, так і мінскі эканаміст Сяргей Чалы сышліся ў меркаванні, што прыватызацыя буйных прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі ўжо, верагодна, немагчымая. Айчынныя прадпрыемствы ўжо не ўяўляюць для інвестараў такой вялікай цікавасці, як гэта было яшчэ 10 гадоў таму. Паказальна, што і на ўзроўні ўладаў размовы аб магчымых продажах таксама не вядуцца.

Так што ў наступны год з намі застанецца ўсё тая ж праблема. Гучыць яна проста: «Дзе ўзяць грошы?»